Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя прапануе сваіх прадстаўнікоў ва ўсе тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі


Вячаслаў Кулік, Менск 25 сьнежня завершыцца тэрмін падачы заяваў на ўключэньне ў склад тэрытарыяльных камісіяў па выбарах прэзыдэнта 19 сакавіка 2006 года. Апазыцыйная кааліцыя зьбіраецца актыўна выкарыстаць гэтую магчымасьць і мяркуе, што вынік гэтай кампаніі стане першым сьведчаньнем, ці зьбіраюцца ўлады ісьці на сумленныя выбары.

Паводле Цэнтрвыбаркама тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі павінны быць сфармаваныя мясцовымі ўладамі не пазьней за 28 сьнежня. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік пры гэтым заявіў, што пры фармаваньні камісій перавагу будуць мець людзі, якія маюць досьвед правядзеньня папярэдніх выбарчых кампаній. Ранейшы досьвед сьведчыць, што ў склад абласных, гарадзкіх, раённых выбарчых камісій патраплялі адзінкавыя прадстаўнікі апазыцыі. Тым не меней апазыцыйная кааліцыя зьбіраецца выкарыстаць магчымасьць накіраваць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе тэрытарыяльныя камісіі – паведаміў адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Наколькі я ведаю, іх 160, і мы плянуем ва ўсіх 160 тэрытарыяльных камісій вылучыць сваіх прадстаўнікоў ад партый”.

Толькі Партыя камуністаў беларуская агулам вылучыць сваіх прадстаўнікоў у 70 камісіяў – паўсюдна, дзе ёсьць яе аргструктуры, а таксама шляхам збору подпісаў,– паведаміў першы сакратар ЦК партыі Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Пытаньне цяпер да ўлады, ці хоча яна праводзіць адкрытыя, роўныя выбары, дзейнічаць згодна з Канстытуцыяй, паводле якой суб’ектам фармаваньня камісіяў з’яўляюцца палітычныя партыі, ці зноў будзе сваволя, якая будзе сьведчыць аб тым, што ўлада рыхтуецца не да выбараў, а да шырокамаштабных фальсыфікацыяў. Гэта будзе першы тэст улады на вольнасьць выбараў, чаго яна хоча”.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка паведаміў, што значная частка працы ў ягонай партыі таксама ўжо зробленая, у першую чаргу вылучаюцца прадстаўнікі ў такія ключавыя камісіі як Менская гарадзкая, абласныя, а таксама ва ўсе раённыя камісіі, дзе ёсьць зарэгістраваныя структуры партыі.

(Вячорка: ) “Там, дзе атрымаецца, мы таксама пашлём запыт, калі не сказаць больш жорстка, патрабаваньне да мясцовых уладаў агучыць прынцыпы і тэрміны фармаваньня ўчастковых камісіяў. Гэта ўжо будзе наступным этапам. Ілюзіяў асаблівых мы не маем, але тым не менш трэба зрабіць гэтыя крокі, каб мець факты і каб прадбачыць, што будзе рабіцца ў канцы сакавіка”.

Кандыдат ад БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін паведаміў, што і ягоная партыя вылучае кандыдатуры ў тэрытарыяльныя камісіі:

(Казулін: ) “Натуральна, што можна падаваць толькі ад юрыдычна зарэгістраваных арганізацыяў, а з-за таго, якія перашкоды ставіць Мінюст, то вы разумееце, што ёсьць складанасьці. Але ўсё, што мы зможам, мы ўсё зробім. Пераважна ад партыяў, але і шляхам збору подпісаў”.

Зьбіраецца падаваць сваіх прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісіяў і ЛДПБ, якая вылучыла Сяргея Гайдукевіча.
XS
SM
MD
LG