Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобінская міліцыя сканфіскавала навагоднія паштоўкі А.Мілінкевіча


RFL/RL У пятніцу позна ўвечары па дарозе з Менску ў Гомель дзяржаўтаінспэкцыяй быў затрыманы на асабістай аўтамашыне апазыцыйны актывіст Уладзімер Кацора. Ён зьяўляецца кіраўніком рэгіянальнага штабу кандыдата ад аб`яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. У спадара Кацоры канфіскавалі 57 тысячаў навагодніх віншавальных паштовак за подпісам Аляксандра Мілінкевіча.

Распавядае Уладзімер Кацора:

(Кацора:) “Каля 11 гадзінаў вечару перад Жлобіным, у вёсцы Беліца, мяне затрымаў патруль ДАІ. Ён суправаджаў мяне ў Жлобін, у райадзел міліцыі. Там усё, што знаходзілася ў маёй аўтамашыне, было дагледжана. Навагоднія паштоўкі Аляксандра Мілінкевіча, майго сябра, былі сканфіскаваны”.

Паводле спадара Кацоры, у затрыманьні ды ператрусе аўтамашыны ўдзельнічала 7-8 міліцыянтаў. Дагляд вяла група следчага Івана Яўтушэнкі, а кіраваў усім падпалкоўнік Холапаў.

Ні мінэральную ваду, ні некалькі пляшак гарэлкі, якія вёз да сьвята спадар Кацора, міліцыянты не сканфіскоўвалі. Іх зацікавілі толькі навагоднія паштоўкі. На вонкавым баку паштоўкі напісана: “Новы 2006 год – Новыя магчымасьці”! На зваротным – віншаваньні сябрам Аляксандра Мілінкевіча з надыходзячым Новым годам і Калядамі, пажаданьнем кожнаму паасобку і ўсяму беларускаму народу зьдзяйсьненьня надзей на добрыя перамены, цьвёрдай веры ў лепшы лёс Беларусі.

Чым не дагадзілі навагоднія паштоўкі жлобінскім міліцыянтам, высьветліць не ўдалося. Як паведаміў дзяжурны, усе удзельнікі ўчарашняга аператыўнага затрыманьня сёньня адпачываюць. Што да віншавальных паштовак, то яны пакуль знаходзяцца ў міліцыі:

(Дзяжурны:) “Наконт паштовак? Яны пакуль знаходзяцца у нас”, - паведаміў дзяжурны.

Уладзімер Кацора лічыць учарашняе сваё затрыманьне ня выпадковым:

(Кацора:) “Я думаю, пачалося паляваньне на актывістаў, якія падтрымліваюць Аляксандра Мілінкевіча як верагоднага кандыдата ў прэзідэнты. І ўжо даходзіць да таго, што ўлады, у дадзеным выпадку міліцыя, не даюць павіншаваць людзей з Новым годам і Калядамі. Паколькі ўсе гэтыя дзеяньні міліцыі былі незаконнымі, то я пакінуў там дзьве заявы: адну - на адрас пракурора, другую – на адрас начальніка міліцыі з патрабаваньнем спыніць незаконныя дзеяньні, вярнуць мне маю прыватную ўласнасьць – гэтыя паштоўкі, якія чакаюць сябры Аляксандра Мілінкевіча”
XS
SM
MD
LG