Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Фралоў: “У мяне ёсьць прэзыдэнцкія амбіцыі”


Валер Каліноўскі, Менск Экс-дэпутат генэрал Валеры Фралоў падаў у Цэнтрвыбаркам сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы агульнай колькасьцю 1152 чалавека. Пры гэтым ён заявіў, што некаторыя асобы зь ягонага сьпісу пазначаныя ў і сьпісе акадэміка Аляксандра Вайтовіча. Ініцыятыўную групу Валерыя Фралова ўзначаліў былы афіцэр Ігар Азарка.

Валеры Фралоў паведаміў, што арганізоўваць сваю каманду для збору подпісаў яму было складана, бо ў яго няма перадвыбарчага штабу і іншых рэсурсаў, і таму за тры дні яму давялося асабіста кантактаваць з многімі людзьмі:

(Фралоў: ) “Гэта людзі, якія здольныя, гатовыя і жадаюць папрацаваць”.

Валеры Фралоў зазначыў, што яму ўдалося зьберагчы ранейшыя дамоўленасьці з Аляксандрам Вайтовічам, які таксама ў пятніцу падаў у ЦВК сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы.

(Фралоў: ) “І я думаю, што мы дружна зь ім пойдзем і дружна будзем ісьці да таго моманту, калі мы абодва вырашым. Мы будзем глядзець, як разьвіваюцца падзеі і зыходзячы з гэтага, ухваляць нейкія рашэньні”.



Пры гэтым Валеры Фралоў мяркуе, што ён ня будзе складаць канкурэнцыю кандыдату ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандру Мілінкевічу:

(Фралоў: ) “Я думаю, што ў нас будзе нармальнае ўзаемадзеяньне, мы і сёньня зь ім размаўлялі, і пазаўчора. У нас цудоўнейшыя адносіны. Я думаю, што мы як разумныя людзі знойдзем магчымасьці як дапамагаць адзін аднаму, як аб’ядноўваць намаганьні, як спрабаваць дасягнуць выніку”.

Спадар Фралоў паведаміў, што ён мае кантакты і зь лідэрам БСДП “Грамада” Аляксандарм Казуліным, нягледзячы на тое, што апошні вымагае выхаду яго з “Грамады” за парушэньне партыйнай дысцыпліны, бо той складае канкурэнцыю лідэру. Спадар Фралоў перакананы, што добра, каб ад іх партыі вылучыліся два чалавека.

(Фралоў: ) “Чаму толькі адзін, а думаю, што адзін ідзе наперадзе, іншы крыху ззаду, страхуюць і дапамагаюць адзін аднаму, на мой погляд, гэта нармальна”.

Генэрал Фралоў заявіў, што ён мае “прэзыдэнцкія амбіцыі”:

(Фралоў: ) “Канечне, ёсьць амбіцыі, калі іх няма то навошта туды лезьці… На ўсё воля Бога, і ўсё дастаткова непрадказальна ў нашай краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG