Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас складаньня дакумэнтаў для ЦВК у штабе Мілінкевіча зьнікла сьвятло


Валер Каліноўскі, Менск Адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч падаў сьпіс ініцыятыўнай групы агульнай колькасьцю 5136 чалавек. Яшчэ тысячу актывістаў у штабе не пасьпелі ўключыць у склад групы з-за тэхнічных цяжкасьцяў – пад час падрыхтоўкі дакумэнтаў у выбарчым штабе кандыдата раптам зьнікла сьвятло.

Аляксандра Мілінкевіча ля будынку ЦВК сустрэлі воплескамі ягоныя паплечнікі. Кандыдата суправаджалі жонка Ірына, кіраўнік перадвыбарчага штабу Сяргей Калякін і кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандар Бухвостаў.

Аляксандар Мілінкевіч папрасіў прабачэньня ў журналістаў за спазьненьне:

(Мілінкевіч: ) “Настрой добры, усьміхаемся, у кааліцыі баявы настрой. Сёньня нам, праўда, нагадалі, што мы партызанская краіна. Вайна даўно скончылася, а каб нам стварыць адпаведныя ўмовы падпольніцкія, нам выключылі сьвятло. Таму мы да вас спазьніліся”.

Аляксандар Мілінкевіч ня мае перасьцярогаў, што яго не зарэгіструюць кандыдатам на прэзыдэнта. Калі ж гэта здарыцца, то ён абяцае праводзіць растлумачальную працу сярод насельніцтва, не выключае ён у такім выпадку і байкоту, але кажа, што гэта будзе рашэньне кааліцыі.

Тое, што апрача кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі зьявіліся іншыя дэмакратычныя прэтэндэнты А. Вайтовіч, В. Фралоў, А. Казулін, спадар Мілінкевіч адкамэнтаваў наступным чынам:

(Мілінкевіч: ) “Мы заўсёды былі за тое, каб ісьці адной калёнай. Гэта вельмі важна. На жаль, так не атрымалася. Хаця ўсе ведаюць, што большасьць структур з намі, і гэта велізарная сіла”.

Галоўным сваім рэсурсам спадар Мілінкевіч назваў людзей:

(Мілінкевіч: ) “Мы рыхтаваліся да выбарчай кампаніі не адзін дзень, кааліцыя стваралася два гады. Мы працавалі зь людзьмі ня толькі ў Менску, але і ў маленькіх гарадах і вёсках. У нас ёсьць структуры практычна ва ўсіх раёнах. Пры тым, чым ідзем далей у рэгіёны, тым там большы энтузіязм. Нам зараз у Меснку энтузіязм трэба ўзьняць, і ўсё будзе ў парадку”.

Спадар Мілінкевіч заявіў, што ён будзе дамагацца сумленнай выбарчай працэдуры і падліку галасоў:

(Мілінкевіч: ) “Мы ніякіх рэвалюцыяў ня хочам. Мы патрабуем сумленных выбараў. Гэта наша цьвёрдая пазыцыя, каб усё было паводле Канстытуцыі. Але калі ўлада так ня зробіць, я думаю, што вялікая колькасьць людзей выйдзе абараняць сваю годнасьць”.

Акрамя таго Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што ягоны візыт у Маскву 21 сьнежня меў прыватны характар.
XS
SM
MD
LG