Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльны рэпартаж: як сьвяткуюць Каляды вядомыя людзі ў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Ганна Соусь, Менск У Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, распачынаюцца калядныя сьвяты. Напярэдадні Радыё Свабода папрасіла розных людзей адказаць на пытаньне пра тое, як яны адзначаюць Каляды і якое значэньне мае гэтае сьвята ў іхным жыцьці.

Філёзаф Валянцін Акудовіч:

(Акудовіч: ) “Для мяне Каляды – самае яркае сьвята, самая значная каляндарная падзея году. Так павялося з дзяцінства, што калі якога сьвята і чакаю, то чакаю Калядаў. Паколькі жонка ў мяне каталічка, а я праваслаўны, то мы пачынаем сьвяткаваць з 25 сьнежня і аж да 7 студзеня, таму што Новы год для мяне – гэта таксама каляднае сьвята. Ён вельмі ўдала зьвязвае каталіцкія сьвяты з праваслаўнымі. Гэтая трыяда – паганскі Новы год і два хрысьціянскія сьвяты – ствараюць цудоўную лучнасьць. Як недзе сказаў Рыгор Барадулін, беларусы – гэты хрышчоныя паганцы. Гэта вельмі дакладная формула. Ва ўсіх нас, мне так уяўляецца, застаецца шмат ад паганцаў, і Новы год тут вельмі да месца.

Сьвяткуем звычайна, звычайны сьвяточны стол. І ад іншых сьвяткаваньняў адрозьнівае толькі высокі і чысты настрой, нейкая духоўнасьць і душэўнасьць гэтых трох вечароў і, магчыма, нават у прамежку паміж імі”.

Старшыня ПЭН-цэнтру, выкладчык Беларускага ліцэю Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Яшчэ з часоў “Майстроўні” й “Талакі” мы заўсёды ўдзельнічалі ў калядаваньнях у той ці іншай форме. А як паўстаў ліцэй, дык гэта прадоўжылі – заўсёды ладзілі вечарыны, прысьвечаныя Калядам. Канечне, больш, як глядач апошнія гады ўдзельнічаю, але ўдзельнічаю. Гэта сьвяткавалася нават у атэістычныя часы. У мяне проста ў бацькі дзень народзінаў прыпадаў на Каляды. У нас гэта супадала й у нас заўсёды быў сьвяточны стол. І я змалку гэта памятаю. Таму для мяне гэта заўсёды было адно з галоўных сьвятаў у годзе. Лічу, што гэта старадаўняя традыцыя, якую ня варта забываць. Калісьці Павал Якубовіч у газэце “Знамя юности” расьпісаў “страхі абываталя” перад калядоўшчыкамі. Пасьля таго я зрабіў канчатковы выбар, што гэта трэба рабіць”.

Выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна–хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Каляды для мяне найперш – гэта Божае нараджэньне. Сьвяткаваньне Божага нараджэньня, Калядаў, разуменьне сэнсу таго, што адбылося крыху больш за дзьве тысячы гадоў таму на Зямлі, гэта надзвычай важны момант. І таму, кажучы пра Каляды, я думаю, варта казаць найперш пра гэта, а не пра зьнешнія формы адзначэньня, як то Санта Клаўс, елка й гэта далей. Гэта добра, гэта павінна прысутнічаць, як і добрая ежа, добры стол. Гэта таксама нашая традыцыя, як і падарункі нашым родным, гэта павінна быць. Але найперш, кожны, хто сядае за стол у гэты дзень і ладзіць сьвята, павінен згадаць сутнасьць: зь якой нагоды ён сёньня ладзіць сьвята, што гэта ёсьць і што гэта мусіць даць яму, ягонай сям’і і народу”.

Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч:

(Вайцюшкевіч: ) “У дзяцінстве я з бабуляй адзначаў праваслаўныя Каляды, бо мы – праваслаўныя. Мы сьпявалі – як гэта традыцыйна робіцца. Яшчэ адзін такі ўспамін важны – гэта калі за сталом з-пад абруса цягалі сена. Гэта была такая забава для дзяцей і называлася – самы доўгі бізун. У нас вялікая сям”я была: у маёй бабці было сямёра дзяцей, а ўнукаў каля дваццаці пяці. І вось для нас была такая выдатнейшая забава. Ну, а назаўтра ўжо сьвята, як заўжды, традыцыйнае. Хоць тады, на пачатку 80-х, праваслаўныя традыцыі захоўвала толькі мая бабуля, а для нас гэта была сьвяточная забава. А зараз, 7 студзеня, я запрашаю ўсіх у канцэртную залю “Мінск”. Будзе сьвяточны канцэрт, але канцэпцыю мы памянялі: ня будуць “Калядкі”, а будуць “Калыханкі” – мне так больш падабаецца”.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Нагадаю, што для актыўных людзей майго пакаленьня, майго кола з “Майстроўні” дзейсная грамадзкая чыннасьць дзеля Адраджэньня Беларусі з Калядаў і пачалася. Гэта былі першыя ў горадзе Менску публічныя Каляды, калі мы, маладыя людзі, заходзілі ў кватэры знаных і звычайных людзей, віншуючы іх з традыцыйным сьвятам і пераконваючы, што можна быць вернымі сапраўднай, а ня штучнай традыцыі. А наагул Каляды – гэта сьвята хатняе, гэта сьвята свойскае. Калядоўнікі, шумныя калядоўнікі – гэта адзін зь ягоных атрыбутаў. Асноўны ж сэнс сьвята Калядаў – гэта засяроджанасьць і ўтульнасьць – вось так стараемся і адзначаць Каляды”.

Праваабаронца Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “У маім жыцьці асабістае, зьвязанае з Калядамі – тое, што кожны год на Раство 25 сьнежня, мы ўсе ходзім да нашых родных, да таты й да мамы. Таты, на жаль, ужо няма. І ў нас такі вельмі добры сьвяточны вечар, больш сьвяточны, чым Новы год. Бо Новы год – гэта ўсё па-савецку й менш асабістага, сямейнага, цёплага й сьвяточнага. Я бачу, што гэта вельмі добрая традыцыя, і каб нашыя людзі ўсё гэта ўзгадалі, усяго гэта трымаліся ў сваім жыцьці, то гэта было б вельмі добра. Трэба глядзець на тое, што рабілі нашыя продкі, глядзець на тыя звычаі, іхныя традыцыі. Пэўна, тады мы станем больш чыстымі й простымі людзьмі, якімі былі нашыя бабулі й дзядулі”.

Рэдактар недзяржаўнай газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько:

(Дынько: ) “Так здарылася, што я стаўся хрышчоным бацькам свайго пляменьніка, які нарадзіўся акурат на Каляды 25 сьнежня. Дарэчы, мае дзеткі нарадзіліся таксама ў сьнежні перад Калядамі – і сын, і дачка. А яшчэ, якраз на Каляды на Бацькаўшчыну вяртаецца іншая сям’я, дзе я таксама маю хрышчонага сына. Дык у мяне так выходзіць, што Каляды – гэта дзень, калі я зьбіраюся разам са сваімі хрышчонымі, са сваімі дзецьмі за сьвяточным сталом. Ну, й гэта ж вялікае сьвята бачыцца й чуць людзей – што можа быць лепш?”

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Цяпер я Каляды сьвяткую ў сямейным коле – з жонкай і сынам. Раней, калі далучыўся да нацыянальнага Адраджэньня ў 1982 годзе, то мы з хлопцамі й дзяўчатамі з “Майстроўні”, а затым з “Талакі” хадзілі па хатах, сьпявалі беларускія песьні. Адмыслова рыхтаваліся да гэтага, развучвалі інтэрмэдыі й сьпевы. А потым я й тыя беларускамоўныя бацькі, у каго былі малыя дзеці, арганізоўвалі вось гэтыя Калядкі ўжо для дзяцей. Гэтаксама хадзілі па кватэрах, ужо дзеці сьпявалі разам з намі песьні, вадзілі казу, зьбіралі ў мех падарункі. Ну, а ўжо калі дзеці вырасьлі, то проста зьбіраемся ўвечары сямейным колам. Гэта сьвяточная вячэра без асаблівых этнаграфіяў. Гэта якраз вечар, каб пабыць у сямейным коле, падумаць пра пэрспэктывы, Бо, натуральна, гэта ня Новы год, калі крык, шум, гам і страляніна, а якраз ціхія развагі”.

Навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная:

(Кляшторная: ) “Традыцыю адзначэньня гэтага сьвята я ні ад каго не пераняла. Але Нараджэньне Хрыстовае і ўсяленьне Хрыстова і маці Божай ў маю душу – гэта асаблівае пачуцьцё. У нас няма традыцый скакаць і гэтак далей, але проста перагледзіць усё, што ў цябе накапілася за год – і добрага, і дрэннага, навесьці парадак у душы і вакол сябе.

Запрашаюць мяне на Каляды ў Заслаўе. Там унучка мая са сваімі сябрамі будуць калядаваць, скакаць, і сьпяваць калядныя песьні. Новае пакаленьне – і па-новаму сьвяткуе. А для мяне гэта самае ціхае пачуцьцё, трывога, як калі чакаеш нараджэньня дзіцяці, ці ўсё будзе добра, і што зь ім прыйдзе”.

Мастак Мікола Купава:

(Купава: ) “Каляды, як напрыклад і Дзяды ды іншыя народныя сьвяты адзначаюцца здаўна. Гэта сямейнае сьвята, і асабліва на гэта не зьвярталі ўвагі, калі не зьявілася ўжо ў дарослым усьвядомленым узросьце жаданьне пашыраць беларускасьць. Тады мы і пачалі прывязваць нашу нацыянальную ідэю да мерапрыемстваў, якія маглі спрыяць пашырэньню беларускасьці, пашырэньню нашай ідэі. І такім чынам ужо сталі выходзіць з хатаў, з кватэраў на прастору і дэманстраваць здольнасьць і годнасьць народу ў спрадвечным сваім цыклі сьвятаў, у тым ліку і Калядаў.

Гэта сямейная традыцыя сабрацца за сямейным сталом зь дзецьмі. Па-першае, гэта перадаецца і маладому пакаленьню, дзецям, якія таксама павінны ведаць гэта”.

Кандыдат на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Для ўсіх нас гэта перш за ўсё сямейнае сьвята, вельмі цёплае, ўтульнае, хатняе. Зьбіраецца сям’я, зьбіраюцца дзеці. Жадаем адзін аднаму традыцыйна здароўя, шчасьця і гэтак далей. Але найлепш атрымліваецца, калі на Каляды выяжджаем на вёску. Там асаблівая атмасфэра, і проста зь дзяцінствам такая магічная сувязь. Я заўсёды на гэтыя сьвяты ўспамінаю бацькоў сваіх, успамінаю бабуляў і дзядуляў, тады сьвята атрымліваецца найлепшым”.

Кіраўніца рэсурсавага цэнтру Людміла Пеціна:

(Пеціна: ) “Для мяне Каляды – гэта вялікае сьветлае сьвята. Я заўсёды стараюся трымаць перадкалядны пост. Я сьвяткую каталіцкія каляды, бо належу да грэка-каталіцкай канфэсіі. Калі я дома, то заўсёды хаджу да царквы, а на наступны дзень запрашаю да сябе ў госьці сваіх найлепшых сяброў, блізкіх. Мы стараемся правесьці гэты дзень разам, за сьвяточным сталом, схадзіць куды-небудзь разам. Для мяне, канечне, гэта сьветлае сьвята. Усё-ткі мы мусім быць далучаныя да ўсяго хрысьціянскага, а ня толькі праваслаўнага сьвету”.

Мастак Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) “Каляды для нашай сям’і Пушкіных у Бабры – гэта вельмі важнае сьвята. Звычайна Каляды і Купальле ў нас вельмі ўрачыста адзначаюцца. 24 і 25 сьнежня мы сустракаем з Янінай маці каталіцкія Каляды, а праваслаўныя Каляды традыцыйна адзначаем у сваёй хаце. Раніцай я іду ў царкву, а жонка рыхтуе стол.

Да Калядаў я заўсёды рыхтуюся ў духоўным пляне – спавядаюся і прычашчаюся. Пасьля царквы мы зьбіраемся за сталом і чакаем, калі загарыцца першая зорка. Калі яна ўжо загарыцца, гэта кажуць дзеці, мы разьмяркоўваем ролі і зьбіраем нашу калядную каманду і ходзім па нашым мястэчку, наведваем людзей. Так віншуем, пакуль не наведаем усіх, хто нам блізкі”.

Эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Заўжды сьвяткую Каляды са сваёй сям”ёй у Сапоцкіне на Гарадзеншчыне. Я з 1983 года ў Менску, але кожныя Каляды я менавіта там. Гэта традыцыйны каталіцкі стол, гэта дванаццаць страваў, гэта сена на стале, гэта касьцёл, сямейная ўрачыстасьць: успаміны пра тое. Што мінула, пляны на будучыню. Безумоўна, гэта нейкае падсумаваньне таго, што адбылося ў гэтым годзе й гэта ёсьць аптымістычным зарадам на будучыню, што ёсьць сям”я, ёсьць традыцыі, ёсьць будучыня, ёсьць надзея. Гэта нейкае ачышчэньне ад таго, што, можа, за год накапілася й, безумоўна, нейкі энэргетычны зарад, каб наступны год быў лепшым, больш дынамічным і прынёс надзеі ў кожны дом”.

Культуроляг Сяргей Харэўскі:

(Харэўскі: ) “Натуральна, я адзначаю Каляды – у нас такая сямейная традыцыя была яшчэ ў дасавецкія й савецкія часы. Раней, пакуль была жывая мая бабця, мы езьдзілі ў вёску калоць кабаноў. Зьбіралася ўся радня разам. Наогул, я сабе ўяўляю, што Каляды такія й мусяць быць – найперш сямейнымі. Гэта мусіць быць нагода сабрацца сям’ёй, падсумаваць вынікі году. Бо што ёсьць меркай плёну году для беларускага селяніна? Гэта, пэўна, таўшчыня сала, якое нарасло на ягоным улюбёным парсючку. А затым разам павесяліцца. Я – каталік, таму абавязкова буду ў касьцёле. Таксама ў маёй сям’і, сярод маіх сяброў склалася такая завядзёнка – хадзіць ад касьцёла да касьцёла, глядзець, у каго прыгажэйшая й цікавейшая бэтлеемка. Сёлета таксама маем нагоду зайсьці ў менскую Архікатэдру, паслухаць новы арган – падарунак ад біскупата Аўстрыі. Наогул, гэта, можа быць, адзін з найцікавейшых вынікаў году, што мінае – зьяўленьне ў Менску такога цудоўнага аргана”.

Літаратарка, дасьледчыца старажытных вераваньняў Антаніна Хатэнка:

(Хатэнка: ) “Найперш Каляды ёсьць для мне сонцазваротам, а ад сонца мы залежым, сонца мы любім, і яно нас любіць. Гэта тыя дні, калі сьмерць пераплаўляецца ў жыцьцё, і гэта найісны сэнс, тым яны для мяне і ёсьць – вечнай перамогай жыцьця над сьмерцю, пераўвасабленьнем, перараджэньнем.

Як я адзначаю? Як спакон веку ў нас на Айчыне – зьбіраемся сям’ёй, родам, колькі можам сабраць людзей за стол, і з першай зоркай зьбіраем на стол усё, што традыцыйна зьбіралі да нас вякамі нашыя продкі. І куцьця, і рыба, і аладкі, што сымбалізуюць сонцазварот і жыцьцязварот. І славім жыцьцё цішынёю, падзякай, радасьцю, што мы ёсьць і будзем заўжды, што ўсё не зьнікае, але ўсё пераўвасабляецца і перамяняецца. І клічам нашых дзядоў да першай куцьці”.
XS
SM
MD
LG