Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год былі ліквідаваныя 30 тысяч прадпрымальнікаў


Юлія Шарова, Менск За 2005 год індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі паменела на 30 тысячаў – гэта амаль пятая частка ад іхнай агульнай колькасьці на пачатак году. Такія зьвесткі падае Беларускі саюз прадпрымальнікаў. Яшчэ дваццаць тысячаў індывідуалаў знаходзяцца ў стане ліквідацыі.

Цяпер у Беларусі каля 186 тысячаў зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў, разам з тымі, хто ўжо не працуе й ліквідуецца. Са словаў намесьніка старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Рыгора Рылькова, яны й надалей будуць пакідаць бізнэс.

(Рылькоў: ) “З 2007 году зноў пачне дзейнічаць пастанова наконт забароны гандлю парфумай. З 1 студзеня таго ж 2007 году скончыцца тэрмін дзеяньня шапікаў на прыпынках. Будуць створаныя за гэты год усе ўмовы пераносу гародніны, якая прадаецца зь ятак, у стацыянарныя месцы, абсталяваныя ў кожным мікрараёне. З увядзеньнем у краіне 16-17, а у Менску 6-7 дадатковых гіпэрмаркетаў, натуральна, атрымаецца аб’ектыўная перашкода: цэнавы фактар”.

Да таго ж, могуць істотна абмежаваць пералік тавараў, якімі можна будзе гандляваць на рынку, цьвердзіць спадар Рылькоў. Вядзецца пра імпартныя кандытарскія вырабы і абутак. Увогуле, чыноўнікі часта навязваюць дробным бізнэсоўцам айчынныя тавары, кажа індывідуальны прадпрымальнік Кацярына Чыжык. Хоць насамрэч можна толькі рэкамэндаваць іхную рэалізацыю.

(Чыжык: ) “На месцах у райвыканкамах гандлёвыя аддзелы вельмі й вельмі стараюцца выконваць праграмы. Яны проста ў абавязковым парадку забіраюць асартымэнтныя пералікі, уносяць працэнт абавязковы, які павінен быць у наяўнасьці ў прадпрымальніка на гандлёвым аб’екце беларускіх тавараў”.

Аглядальнік газэты “Індывідуальны прадпрымальнік” Ірына Найдовіч кажа, што колькасьць індывідуалаў даўно перастала расьці, гэта канстатуюць нават прадстаўнікі Міністэрства эканомікі.

(Найдовіч: ) “Колькасьць прадпрымальнікаў на тым самым узроўні, што й на момант прыняцьця чацьвёртага дэкрэту. І яны не чакаюць таго, што будзе далейшы рост і рэкамэндуюць прадпрымальнікам, якія гандлююць, пераходзіць у сфэру паслугаў альбо ствараць юрыдычныя асобы”.

Але юрыдычных асобаў таксама ня более. Звычайны чалавек бяз сувязяў з уладай зрабіць гэта ня можа, цьвердзіць былы бізнэсоўца Мікалай, які ўжо чатыры гады ня можа зачыніць сваю маленькую фірму.

(Мікалай: ) “Людзі звычайна заводзяць сувязі – альбо ў выканкамах, альбо гэта нейкія адстаўныя ці былыя дэпутаты. У прынцыпе, адзін аднаму дапамагаюць. Прыватная ініцыятыва простага сьмяротнага, я мяркую, наўрад ці дасьць вынік, якога хоча чалавек”.
XS
SM
MD
LG