Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Пашкевіч: Хочацца, каб у новым годзе не панаваў у нашых хатах страх


Валер Каліноўскі, Менск Якую падзею 2005 году вы лічыце найважнейшай? Чаго чакаеце ад новага году? На пытаньні “Свабоды” адказвае кіраўнік Беларускага аналітычнага фонду, былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў палітык Іван Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Ужо, на жаль, я ў такім узросьце, калі ўжо не пляную пачынаць новае жыцьцё з новага году. Так сталася, што апошнім часам рысу году я падводжу 25 сьнежня на Нараджэньне Хрыстова ў царкве эвангельскіх хрысьціян.

Што добрага прынёс гэты год? Мы, дзякуй Богу, жывыя і здаровыя, нашая царква расьце, толькі ў гэтым годзе заключыла запавет з Богам праз воднае хрышчэньне каля 30 чалавек.

Што да асабістага жыцьця, то я працаваў як аналітык Беларускага аналітычнага фонду, пабываў у многіх краінах сьвету.

Што не задавальняла? Што тычыць нашага жыцьця ўвогуле, дык пастаянна я жыву ў нейкім смутку, і ўжо на працягу некалькіх год. І гэты смутак, на жаль, не могуць разьвеяць нават вялікія сьвяты. Штосьці адбываецца ня тое, як трэба. Прымаюцца законы, як апошні “перадсьвяточны падарунак” беларусам – папраўкі ў Крымінальны кодэкс, у законы аб палітычных партыях і аб’яднаньнях...

А чаго чакаю? Ведаеце, у нас нейкі шэры сьнег, шэрае навакольле, шэрае жыцьцё, а хочацца чагосьці сьветлага. Хочацца разам з усімі сказаць: вясёлых вам Калядаў. І каб не панаваў у нашых хатах ніякі страх, каб мы без аглядкі маглі ўслых выказваць свае думкі, нікога не баяцца. Вось я ў чаканьні такіх перамен”.
XS
SM
MD
LG