Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: мэдкамісію не прайшлі дзьве траціны прызыўнікоў


Радыё Свабода, Гомель Напачатку новага году Гомельскі гарадзкі вайсковы камісарыят плянуе накіраваць у збройныя сілы краіны каля 400 навабранцаў. Цяпер прызыўнікі праходзяць апошні мэдычны дагляд, аднак далёка ня ўсё яны змогуць служыць у войску з прычыны дрэннага стану здароўя.

Паводле сьведчаньня вайсковага камісара Гомеля Вячаслава Цацарына, мэдычны дагляд прайшлі звыш 2 тысячаў 300 хлапцоў. Годнымі зь іх да вайсковай службы прызнаны толькі 820, альбо прыкладна трэцяя частка.

Прычым, годныя без абмежаваньняў – усяго 99 хлапцоў, меней за 5% зь ліку правераных.

Намесьнік кіраўніка гарадзкога аддзелу аховы здароўя Міхаіл Міхасёў:

(Міхасёў: ) “Гэта тое пакаленьне, якое не засьпела ўзмоцненых заняткаў фізкультурай і здаровага ладу жыцьця, якое п’е піва і паліць цыгарэты з раньняга ўзросту”.

Доктар Міхасёў ня схільны драматызаваць сытуацыю. Паводле яго, адна з прычынаў яшчэ і ў тым, што раней маладых людзей горш дасьледавалі. Іх накіроўвалі ў войска, так і ня выявіўшы захворваньня. Цяпер мэтады дасьледаваньня значна лепшыя.

(Міхасёў: ) “Гаварыць пра тое, што ў нас хворае пакаленьне, якое памірае, ніяк нельга. У нас ёсьць каму служыць. Акурат камісія робіць адбор больш жорсткім, каб якасьць здароўя прызыўнікоў была на парадак лепшай”.

Мэдыкі вызваляюць юнакоў ад прызыву ў войска з прычыны выяўленьня захворваньняў страўніка, сардэчна-сасудзістай сыстэмы, скаліёзу і нават недастатковай вагі прызыўнікоў. Распавядае бацька аднаго з гомельскіх прызыўнікоў, які атрымаў адтэрміноўку ў войска з прычыны недастатковае вагі:

(Бацька: ) “Майго сына не бяруць у войска, бо не хапае вагі. Ростам ён 1 мэтар 82 сантымэтры, а вага ягоная – 60 кіляграмаў. Якасьць харчаваньня цяпер і калі ён рос была ня вельмі добрая. У нашай сям’і не такі вялікі дастатак, каб мы яго маглі добра карміць. Нават кошкам цяпер даюць нейкія вітаміны. А ў нас дзеці – чым яны харчуюцца? Бульба ды макароны – асноўнае цяпер харчаваньне. Зь яго вагі не набярэш”.
XS
SM
MD
LG