Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Каляды ў Празе?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Заўтрашнім вечарам вуліцы і плошчы Прагі апусьцеюць. Хоць велічныя елкі і будуць зіхацець сваімі казачна прыгожымі ілюмінацыямі, але яны прынамсі да нядзелі застануцца ў самоце ці ў кампаніі ўжо нешматлікіх турыстаў. Жыхары чэскай сталіцы ў сямейным коле сядуць за стол, каб пакаштаваць традыцыйнага карпа і прасьпяваць калядкі.

Як і ва ўсім заходнім сьвеце, Каляды ў Чэхіі застаюцца самым любімым сьвятам, хоць для многіх людзей яно згубіла сваю першапачатковую хрысьціянскую сутнасьць. Гульня ў казку суседнічае з парадам камэрцыйнай мэркантыльнасьці. На Старамескім намесьці (Плошчы старога гораду) цокаюць капыты конных экіпажаў, людзі спыняюцца, каб выпіць “сваржаку” (гарачага віна – глінтвэйна) або пакаштаваць смажаных каштанаў ля гіганцкай елкі, якая, натуральна, ніжэйшая за шпілі Тыньскага храму. Тут жа драўляны прылавак, на якім малады хлапец у акрываўленым фартуху разьбірае вялікага карпа. У начоўках плаваюць яшчэ некалькі дзясяткаў рыбаў, чакаючы сваёй чаргі. Традыцыйны малюнак перадкаляднай Прагі, які выклікае ў замежнікаў не найлепшыя адчуваньні. Давід, так завуць прадаўца, кажа, што ягоны занятак – і камэрцыя, і культурная традыцыя.

(Давід: ) “У бальшыні краінаў Эўрапейскага Зьвязу такі спосаб продажу рыбы забаронены з гледзішча жорсткага стаўленьня да жывёлаў. Жорсткасьць да жывёлы? Ды гэта поўная лухта. Попыт з боку кліентаў не зьмяншаецца, наадварот ён расьце, бо людзі хочуць захаваць традыцыі ў гэтым мітусьлівым сьвеце”.

Іншы мой субяседнік Войцех, які ішоў на набажэнства ў касьцёл эпохі Рэнэсансу, не хавае свайго шкадаваньня, што разуменьне традыцыі зьвялося да начынянага карпу, а не да царкоўных абрадаў.

(Войцех: ) “У гэтай краіне значэньне Раства за мінулы 50 гадоў перамясьцілася з духоўнага ў сьвецкае. Людзі сьвяткуюць хутчэй дзень абароны спажыўца, чым дзень Нараджэньня Хрыста. Хрысьціянскае пасланьне для бальшыні людзей згубленае”.

Але ж не для кожнага. Размаўляю зь Лідзіяй, украінкай паводле паходжаньня, якая ў маленькім шапіку прадае квіткі ў тэатар. Яна выказвае сваё шырокае разуменьне сьвята Раства Хрыстовага.

(Лідзія:) “Я хачу, каб усе людзі ў сьвеце, ня толькі чэхі, але і кожны, жылі ў дружбе і міры, мелі працоўныя месцы і былі шчасьлівымі. Дык усіх віншую з Хрыстовым Нараджэньнем і шчасьлівага Новага году! Як кажуць чэхі, усяго найлепшага!”

Асабліва дзецям. Урэшце рэшт, яны – ў цэнтры гэтага сьвята. Яны вераць, што Сьвяты Мікулаш (Мікалай) у гэтую ноч абавязкова прыйдзе да іх з цэлым мехам падарункаў, пра якія яны марылі ўвесь год. Найперш для іх і зіхацяць чароўнымі агнямі сотні елак па ўсёй Празе.
XS
SM
MD
LG