Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На каляды ў Літву можна патрапіць праз пункты спрошчанага кантролю


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня абвешчана пра палёгкі для перасячэньня беларуска-літоўскай мяжы на калядныя і навагоднія сьвяты, – адкрыцьцё дадатковых пунктаў спрошчанага памежнага кантролю на сьвяты сталася ужо традыцыяй, але сёлета такіх пунктаў адкрыецца менш, чым у мінулым годзе.

Сёньня пасьля абеду міністэрствы замежных справаў Беларусі й Літвы абмяняліся дыпляматычнымі нотамі і абвясьцілі пра палёгкі з нагоды сьвятаў пры перасячэньні беларуска-літоўскай мяжы. Як і раней, гэтыя палёгкі дзейсныя толькі для жыхароў памежных рэгіёнаў, але гэтыя крокі мусяць таксама паспрыяць зьмяншэньню чэргаў на усіх памежных пунктах. Палёгкі прадугледжаныя толькі на сьвяточныя дні – на каталіцкія і праваслаўныя каляды, 24-26 сьнежня і 6-8 студзеня, а таксама на Новы год – ад 30 сьнежня да 3 студзеня.

Сутнасьць іх у тым, што дадаткова цягам гэтых дзён будуць адкрытыя пункты спрошчанага памежнага кантролю, якія у звычайныя дні ня дзейнічаюць: ПКП у Пяцюлеўцах у Шчучынскім раёне (зь літоўскага боку – Ракі Варэнскага раёну), у Піцкунах Іўеўскага раёну і Кемялішках на Астравеччыне (зь літоўскага боку – адпаведна Нарвялішкі Салечніцкага раёну і Прэны Сьвенцянскага раёну).

Жыхары памежных раёнаў з адпаведнымі падарожнымі дакумэнтамі змогуць перасякаць мяжу у гэтых пунктах, калі яны не вязуць ніякіх тавараў, і толькі ў сьветлую пару – ад 10-й да 17-й гадзіны.

Адначасова літоўская служба аховы дзяржаўнай мяжы нагадала, што па-ранейшаму ня дзейнічае адзін са сталых пунктаў памежнага кантролю, Лаварышкі – Катлоўка. Ад восені там адбываюцца “працы па ўдасканальваньні інфраструктуры”. Можна будзе перасякаць мяжу праз сталыя КПП – Меднікі-Каменны Лог, Беняконі – Салечнікі, Прывалка – Райгарды.

У мінулым годзе на калядныя і навагоднія сьвяты былі адкрытыя пяць пунктаў спрошчанага кантролю. Памежныя жыхары адзначаюць, што традыцыяй робіцца ня толькі адкрыцьцё дадатковых ПКП на сьвяты, але і сталае зьмяншэньне іх колькасьці.

***

Усяго на амаль 700-кілямэтровай беларуска-літоўскай мяжы стала дзейнічаюць 12 дарожных пунктаў памежнага кантролю. Усе пункты спрошчанага кантролю былі закрытыя ад пачатку 2003 году, усяго іх было 21. Былі скасаваныя і ўсе палёгкі пры перасячэньні мяжы для жыхароў памежнай зоны – ім таксама цяпер трэба афармляць візы і страхавыя полісы.
XS
SM
MD
LG