Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пра іх не гавораць па тэлебачаньні”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Пра іх не гавораць па тэлебачаньні” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”, у якім расказваецца пра завяршэньне першага этапу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі – рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў.

Польскі штодзёньнік піша, што 19 сакавіка і ў першыя дні пасьля выбараў у Беларусі ўсё вырашыцца – будзе альбо як ва Ўкраіне, альбо як у Казахстане.

“Украіна – гэта аранжавая рэвалюцыя і перамога лідэра апазыцыі Віктара Юшчанкі. Казахстан – гэта адназначны посьпех Нурсултана Назарбаева, які ў часе нядаўніх выбараў атрымаў 91% галасоў. Беларуская апазыцыя мае вялікую надзею на першы варыянт”, – адзначае “Rzeczpospolita”.

Паводле штодзёньніка, аб’яднанай беларускай апазыцыі вельмі цяжка дасягнуць нават падставовай для дэмакратычнага грамадзтва мэты – атрымаць магчымасьць прадставіць праграму свайго кандыдата, бо яго ўвогуле не паказвае дзяржаўнае тэлебачаньне і пра яго нічога ня пішуць дзяржаўныя газэты.

“Rzeczpospolita” падае словы прадстаўнікоў штабу Аляксандра Мілінкевіча на Гарадзеншчыне, якія кажуць, што адзіны шлях, які ім застаўся – хадзіць “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, каб выбаршчыкі маглі даведацца пра існаваньне і праграму адзінага кандыдата.

“І на гэтым хіба скончыцца, бо з апазыцыйных штодзённых агульнанацыянальных газэтаў засталася толькі “Народная воля”, якую ад новага году нельга будзе ані атрымаць поштай, ані набыць у шапіку.

Спатканьні са спадаром Мілінкевічам зарагнізаваць цяжка – няма магчымасьці знайсьці памяшканьне”, – піша ў сёньняшнім нумары “Rzeczpospolita”.
XS
SM
MD
LG