Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускі Гальфстрым” – кіно па-беларуску (абноўлены)


Севярын Квяткоўскі, Менск 23 сьнежня ў часе прэзэнтацыі праекту яго кіраўнік Франак Вячорка патлумачыў, што “Беларускі Гальфстрым” мае на мэце агучваньне беларускай мовай лепшых сучасных кінастужак.

Праект распачаўся з агучваньня па-беларуску вядомай брытана-амэрыканскай каляднай камэдыі “Любоў насамрэч”(Love actually). У агучваньні ўзялі ўдзел як прафэсійныя акторы: Анатоль Шурпін, Юры Баранаў, Вераніка Пашкевіч, гэтак і палітык Аляксей Янукевіч

Франак Вячорка зазначыў, што ініцыятыва “Беларускага Гальфстрыму” паўстала ва ўмовах, калі дзяржаўны кінапракат фінансуе пераклады замежных фільмаў адно на расейскую мову. Новы праект цалкам грамадзкі.

Кіраўнік творчай працы Сяргей Патаранскі патлумачыў, чаму для пачатку быў абраны менавіта фільм “Любоў насамрэч”:

(Патаранскі: ) “Мы сыходзілі з пэўнай каньюнктуры, бо Каляды на носе, Новы год на носе. Гэтая ініцыятыва была падтрыманая, бо гэты фільм – адзін зь любімых сярод нашай моладзі. І мы разьлічвалі ня толькі на кан’юнктуру, але на здаровы мастацкі кантэкст”.

У Беларусі ўжо былі ініцыятывы беларускамоўнага дубляжу клясыкі ўсясьветнага кінэматографу і анімацыі. Так, у 2002-2003 прыватная фірма “Сотвар” выпусьціла шэраг мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў. Паводле Сяргея Патаранскага, новая творчая ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” паспрабуе выйсьці на якасна новы ўзровень:

(Патаранскі: ) “Заахвочвацца да гэтага праекту будуць рэжысэры, акторы, я спадзяюся, у будучым і музыкі. Бо шырокі кантэкст мастацкага поля маладзёвай культуры цяпер неабходны, як паветра нашаму грамадзтву”.

Сяргей Патаранскі падкрэсьліў, што да ініцыятывы будзе запрашацца найперш маладое пакаленьне творцаў, якім у сучасных беларускіх рэаліях складана рэалізоўваць свае задумы.

Беларускамоўная вэрсія фільму “Любоў насамрэч” выйшла ў фармаце кампутарных дыскаў Mpeg4, а таксама на DVD. У студзені мусяць зьявіцца копіі на відэакасэтах, якія плянуюць распаўсюджваць праз музычныя крамы:

(Франак Вячорка:) “Мы гэта будзем друкаваць у Маскве. Запусьцім не ад сябе, а з Масквы. Тым самым пазьбегнем юрыдычных праблемаў, і зьявіцца магчымасьць гэта рэалізоўваць”.

Грамадзкі паказ беларускамоўнай вэрсіі фільму “Любоў насамрэч” заплянаваная на 30 сьнежня ў менскім Палацы моладзі.
XS
SM
MD
LG