Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальны друк: ці засталіся магчымасьці для выжываньня?


Вячаслаў Кулік, Менск Чаму многія беларускія журналісты страцілі магчымасьць працягваць сваю прафэсійную дзейнасьць? Праблему абмяркоўваюць рэдактары і супрацоўнікі рэгіянальных і мясцовых газэт, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня мы падсумоўваем вынікі адыходзячага году і абмяркоўваем пытаньне: ці застаюцца магчымасьці для выжываньня рэгіянальнага друку? І перадусім я прапаную зьвярнуцца да статыстыкі і прыкладаў. Ля мікрафона намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Колькасьць пэрыядычных друкаваных выданьняў у краіне зьменшылася на 226. Дынаміка адмоўная. Ціск існуе. І на прыкладзе рэгіянальнай прэсы гэта вельмі добра бачна. Калі я, напрыклад, вывучаў сытуацыю ў Барысаве, то выявіліся жудасныя рэчы. У горадзе, дзе існавала некалькі вельмі пасьпяховых выданьняў, усе іх спрабавалі зьнішчыць. Выданьні пачалі выкідваць з крамаў. Быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці рэдактар Анатоль Букас. А фірма, якая выдавала газэту “Курьер из Борисова”, была ліквідавана. На падставе гэтага была ліквідаваная сама газэта. Такім жа шляхам ўлады вядуць цяпер газэту “День”, якая выдавалася і распаўсюджвалася ў Гародні. У гэтым сьпісе таксама “Биржа информации”. “Новую газету Смаргоні” чыталі вельмі многія ў рэгіёне. Але яе таксама ліквідавалі. На жаль, і гэта раён зараз – “белая пляма” на мапе інфармацыі краіны. І такіх “белых плямаў” у сэнсе вольнага друку на Беларусі ўсё больш і больш”.

(Карэспандэнт: ) “Дадам, што паводле Міністэрства інфармацыі, сёлета яно вынесла 160 пісьмовых папярэджваньняў і перапыняла дзейнасьць 25 друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Напрыканцы году ўсе незалежныя газэты ў Беларусі зазналі цяжкасьці з распаўсюджваньнем. Паслухаем галоўнага рэдактара “Газэты Слонімскай” Віктара Валадашчука”.

(Валадашчук: ) “Акрамя тых папераў, што мы атрымалі зь Ваўкавыскага міжраённага аддзяленьня “Гроднааблсаюздрук” пра адмову ад рэалізацыі нашай газэты ў шапіках у Ваўкавыску, таксама маем ліст ад Слонімскага аддзяленьня “Гроднааблсаюздруку”. Паведамляецца, што дамова на продаж газэты ў 2006 годзе падаўжацца ня будзе. Тлумачэньняў я ня маю. Аніякіх. Напрыклад, у Слоніме прадавалася газэта бязь ніякага астатку. Таму прадпрыемства “Гроднааблсаюздруку” мела неблагі прыбытак.

(Карэспандэнт: ) “Як плянуеце дзейнічаць у такіх умовах, спадар рэдактар?”

(Валадашчук: ) "Ну, гэта вельмі цяжка. Тут ня ведаеш нават, у які бок рухацца. Рэч у тым, што такія шчыльныя рамкі зрабілі...Вось мы маем ліцэнзію на падпіску газэты і праводзім яе. А даставіць газэту падпісчыкам будзе складана. Тут ёсьць пэўныя праблемы”.

(Карэспандэнт: ) “Як мне вядома, сталы досьвед альтэрнатыўнай службы распаўсюджваньня мае газэта “Борисовские новости». Прашу далучыцца да гутаркі рэдактара Анатоля Букаса".

(Букас: ) “Мы аформілі прадпрымальніка. Унесьлі ў пералік ягоных відаў дзейнасьці кур''ерскія паслугі. Ён наняў пэнсіянэраў. Яны адзін раз на тыдзень прыходзяць у рэдакцыю. Кожны атрымлівае свой сьпіс падпісчыкаў, іхныя адрасы і дастаўляюць газэту цягам сутак. Дванаццаць чалавек разносяць дзьве тысячы экзэмпляраў”.

(Карэспандэнт: ) “Анатоля Букаса я прашу заставацца на сувязі. А пакуль зьвернемся да наступстваў ліквідацыі газэты “Курьер из Борисова». Як раней паведаміла Радыё Свабода, 14 сьнежня Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў у скарзе на ліквідацыю недзяржаўнага прадпрыемства «Прэс-сэрвіс» - заснавальніка і выдаўца газэты «Курьер из Борисова”. У сувязі з абвешчанай ліквідацыяй заснавальніка спыніла выхад і папулярная ў Барысаве газэта. У мяне пытаньне да рэдактара зачыненай газэты Людмілы Отчанашанкі: чым цяпер занятыя журналісты?"

(Отчанашанка: )” Мы займаемся ўсім, на чым толькі можна зарабіць грошы. Таму што калектыў усё-такі дастаткова вялікі. Календары, плякаты, нанясеньне лягатыпаў на кубкі, запальнічкі, адрасныя рассылкі. Выдаём даведнікі барысаўскіх фірмаў, прадпрыемстваў – папяровыя варыянты і электронныя рыхтуем”.

(Карэспандэнт: ) “Паведаміла Людміла Отчанашанка. Нагадаю, што наклад газэты “Курьер из Борисова» сягаў за 14 тысяч экзэмпляраў".

(Букас: ) “Ідэю падкідваю. Надарыўся такі казус. Вярстальнікі памылкова “усунулі” у газэту старую тэлепраграму. Мне пачалі тэлефанаваць падпісчыкі. Я тут жа ўключыў рызограф, надрукаваў 15 000 экзэмпляраў тэлепраграмы на фармат А4. Змацаваў. І назаўтра паштальёны даставілі падпісчыкам гэтую тэлепраграму. Такім жа чынам можна распаўсюджваць сваім падпісчыкам газэтныя матэрыялы. Падпісчыкі будуць атрымліваць інфармацыю, хаця і бяз назвы газэты... Хто табе забароніць?”

Дзякуй Анатолю Букасу за яшчэ адзін рэцэпт выжываньня газэты. І зараз скіруем ўвагу ў Горадню. На сувязі – журналіст Анджэй Пісальнік.

(Пісальнік: ) “У Гародні ўжо зараз няма незалежнага друку, і я ня бачу магчымасьці, каб у бліжэйшы час нешта зьмянілася, калі толькі ня зьменіцца ўлада ў краіне.

(Карэспандэнт: ) “А які лёс чакае газэту “Glos nad Nemnam”, якую вы рэдагуеце?

(Пісальнік: ) “Glos nad Nemna”будзе выходзіць у Польшчы і распаўсюджвацца на Беларусі. І газэта ня будзе камэрцыйнай. Яе ня будуць прадаваць за грошы. Гэта ня тыповая зьява, што тычыцца беларускага мэдыя -рынку.”

(Карэспандэнт: ) У Гародні нашу гутарку слухае таксама Алена Раўбецкая – рэдактар незалежнага выданьня “Биржа информации”. Якія, Алена, у вас спадзяваньні адносна газэтнай справы ў рэгіёне?”

(Раўбецкая: ) “Анджэй Пісальнік ў прынцыпе гаворыць праўдзіва. Па-першае, я ўжо атрымала папярэджаньне за адзіны нумар, які выдадзены ў гэтым годзе. Ну, прывязу адзін - два нумары са Смаленску? Я ж цудоўна ведаю, што пра кветачкі пісаць ня буду, а буду пісаць пра выбары. Тут жа за іх атрымаю папярэджаньне. Гэта нават ня пэсымізм – гэта звычайны прагматызм”.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо, Алена, ня бачна ў Гародні якіх-небудзь альтэрнатыўных варыянтаў?"

(Раўбецкая: ) “Ну, сапраўды... Калі гэта здарыцца 19 сакавіка і ён будзе ізноў намі кіраваць і весьці краіну да сьветлай будучыні камунізму, то, вядома, гэта будзе нейкая падпольная літаратура ў выглядзе часопісаў і кніг. Мажліва, што прачнуцца маладыя пісьменьніцкія сілы”.

(Карэспандэт:) “Дзякуй, Горадня! Мы выклікаем горад суседняй вобласьці – Баранавічы і цікавімся газэтнымі справамі ў намесьніка рэдактара Выдавецкага дому “Інтекс-пресс”. Аляксея Белага.

(Белы: ) “Трэба сказаць, што людзі ідуць да нас. Ёсьць сталае кола чытачоў, якія ня пакідаюць нас. Стараемся узяць сьпісы тых чытачоў, хто падпісваўся праз пошту, і працуем зь імі, каб яны пераходзілі да нас. Складаецца дамова куплі-продажу, паводле якой мы будзем дастаўляць газэту дахаты”.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што прыхільнікі вашай газэты ў Баранавічах падалі заяўку на арганізацыю пікету 28 сьнежня. Якія мэты гэтай акцыі?”

(Белы: ) "Каб прыцягнуць увагу ня толькі ўлады, але і людзей. Тут раён даволі густанаселены. І шмат людзей ходзяць па вуліцы. Каб зьвярнуць іхнюю ўвагу. Спадзявацца, што ўлады перагледзяць сваё рашэньне, вельмі складана. Па той простай прычыне, што яны ня прыслухаліся да нас. Мы ўжо зьвярталіся зь просьбамі і запытамі. Пытаньне ня вырашана”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле вашых падлікаў, які мінімальны наклад рэгіянальнай газэты забясьпечыць яе існаваньне ва ўмовах спыненьня распаўсюджваньня дзяржаўнымі прадпрыемствамі?”

(Белы: ) "Трэба хаця б каля 2,5-3 тысяч асобнікаў, каб газэта была больш - менш рэнтабэльнай, пры наяўнасьці рэклямы. Тады можна гаварыць, што самаакупнасьць выданьня забясьпечваецца і яно можа існаваць самастойна”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй Аляксею Беламу. І ад Баранавічаў накіроўваем увагу да івацэвіцкай “Газеты для вас”. Нагадаю, што гэта выданьне рэгіянальнае, распаўсюджваецца ў Івацэвічах, Баранавічах, Пружанах і Драгічыне. Сярэднегадавы наклад – 5 тысяч паасобнікаў. Якія спадзяваньні ў івацэвіцкага незалежнага выданьня на будучы год? Пытаньне адрасую рэдактару Лідзіі Цалуйка".

(Цалуйка: ) “Мы спадзяемся на тое, што ў нас ёсьць прыватныя распаўсюднікі. Яны будуць прадаваць газэту. Па-другое, мы спрабуем заключаць дамовы з нашымі чытачамі на набыцьцё газэты з умовай папярэдняй аплаты. У мяне такая каманда: ўсе маладыя людзі. Яны ведаюць, што іх у Івацэвічах, прынамсі, год - два ніхто ня возьме на працу. Па-другое, яны жадаюць працаваць у газэце. Яны добрыя адмыслоўцы, адданыя газэце. Добрая каманда. Таму пакуль усё спакойна. Ніхто нікуды, усе стараюцца рабіць так, каб мы выжылі”.

(Карэспандэнт: ) “Нагадаю слухачам, што мы гутарым зь рэдактарам івацэвіцкай незалежнай газэты Лідзіяй Цалуйка. Ці ёсьць у Вас пытаньні і, у прыватнасьці, да прысутнага ў нашай студыі намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца?"

(Цалуйка: ) “Ну, вось прыходзяць людзі, тэлефануюць, абураюцца... Але што можна зрабіць у гэтай сытуацыі? Разумееце, ля нас - я ня ведаю, як у іншых - ля нашай рэгіянальнай газэты няма палітыкаў, якіх мы часта прапагандуем і абараняем са старонак нашых газэт. Дзе яны? Чым яны займаюцца? Няма! Нават голасу іхнага ня чуваць у абарону газэт”.

(Карэспандэнт: ) “Добрае пытаньне, дзякуй! Да яго хачу таксама далучыць пачутыя ў часе падрыхтоўкі да гэтай перадачы папрокі і ў адрас Беларускай асацыяцыі журналістаў. Таму слова - намесьніку старшыні БАЖ Андрэю Бастунцу".

(Бастунец: ) “Мы сабралі рэдактараў незалежных выданьняў, як менскіх, так і рэгіянальных. Абмяркоўвалі праблему: як жыць далей? Гучалі розныя думкі і прапановы. Абмяркоўвалася пытаньне аб правядзеньні публічнай акцыі. Але вырашылі, што усё ж такі сёньня гэта, магчыма, заўчасна. Ня БАЖ вырашыў. Гэтак вырашылі рэдактары. Пытаньне стаяла так: ці змогуць прыняць удзел у гэтай акцыі ня толькі чытачы “Народнай волі” ці “Нашай нівы”, але і рэгіянальных выданьняў? Ці ня адгукнецца нядобрым гэтая акцыя для рэгіянальных выданьняў, ці ня перакрэсьліць іхнюю дзейнасьць?".

(Карэспандэнт: ) “Ля мікрафона Радыё Свабода – намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Я прашу, Андрэй, падсумаваць вынік нашай гутаркі зь рэдактарамі і журналістамі незалежных рэгіянальных выданьняў".

(Бастунец: ) “Увесь гэты год была вельмі папулярная думка, што да выбараў ні незалежнай прэсы, ні незалежных арганізацыяў, а, магчыма, палітычных партыяў ня застанецца. Выбары ўжо абвешчаныя, а незалежныя выданьні, няхай нават у такіх жорсткіх умовах, але існуюць. Я мяркую, што гэта трэба разглядаць як пазытыўны момант. Я спадзяюся, што гэтыя выданьні пройдуць праз выбары і будуць існаваць надалей. Хаця таксама зразумела, што іх праца будзе вельмі цяжкай”.
XS
SM
MD
LG