Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Елка, зорка, батлейка – ці разумеюць хрысьціянскую сымболіку Раства Хрыстовага сучасныя вернікі?


Кастусь Бандарук, Прага 24-га сьнежня ў хрысьціян ўсіх веравызнаньняў, каталікоў, пратэстантаў і часткі праваслаўных, за выключэньнем тых, хто прытрымліваецца старога, юліянскага календара – “сьвяты, шчодры вечар” альбо “куцьця”. Урачыстай вячэрай з традыцыйнымі стравамі, елкай, сенам пад абрусам, падарункамі і калядкамі пачынаецца вялікае сьвята – Раство Хрыстовае або Каляды.

Наколькі сучасныя вернікі прытрымліваюцца сьвяточных традыцыяў, ці разумеюць сымболіку сьвяточных атрыбутаў і ці захоўваюць рэлігійны характар сьвята? Пра гэты пойдзе гаворка ў новым выпуску рэлігійнай перадачы “Сымбаль Веры”.

(Бандарук: ) “Сёньня ў многіх беларускіх дамах незвычайны вечар – час сямейнай гармоніі, духоўнай радасьці, міру і згоды. Зіхацяць елкі, гараць сьвечкі, на сталах зь сенам пад белым абрусам традыцыйныя стравы. Сваякі дораць адно адному падарункі, сьпяваюць калядкі, і апоўначы ўсе разам ідуць ў свае храмы на сьвяточную богаслужбу. Напэўна, гэтак было ў Беларусі мінулым, але ці гэтак выглядае “сьвяты вечар” у сучасных хрысьціян, у прыватнасьці ў каталікоў? На жаль, цяпер ня ўсе і ня гэтак сустракаюць і адзначаюць Раство Хрыстовае. Гэтак лічыць грэка-каталіцкі сьвятар а. Андрэй Абламейка зь Менску”.

(Абламейка: ) “Мне здаецца, што на сьвяткаваньні Раства Хрыстовага, як і на ўсім нашым жыцьці пакінула адбітак савецкая эпоха. І трэба прызнаць, што, на жаль, большасьць беларусаў не сьвяткуюць Раство. Проста сьвяткуюць Новы год, а сёньня ўсе ходзяць і купляюць падарункі – фігуркі сабак, бо паводле нейкага там календара, 2006 год будзе "годам сабакі".

Нават на вёсцы традыцыяў зьвязаных з Раством амаль не засталося. Калі спытаецеся сучасную моладзь пра Каляды ці Куцьцю, амаль ніхто, я ў гэтым упэўнены ня будзе ведаць. Іншая справа, што ёсьць частка грамадзтва практыкуючых хрысьціянаў, і іх нямала. Яны разумеюць значэньне Раства Хрыстовага. Грамадзтва ў нас палярызавалася з той прычыны, што саветы амаль цалкам зьнішчылі нашы традыцыі.

Зразумела, што гэта сумна, але і не зусім страшна, бо назіраюцца таксама і станоўчыя моманты. Напрыклад, у Беларусі няма такой прафанацыі Раства, як гэта бачым на Захадзе, дзе ўсё зводзіцца толькі да падарункаў. У нас проста альбо сьвяткуюць Раство, і тады ўкладаюць у гэта сапраўдны рэлігійны сэнс, альбо адзначаюць сьвецкі Новы Год. Па-другое, сёньня мы маем шанец адрадзіць нашы традыцыі, надаючы ім абноўлены сапраўдны сэнс. Кажучы мовай сучаснай моладзі "перагрузіць", “абнавіць”, “зрабіць апдэйт”. Гэты працэс абнаўленьня я назіраю сёньня ў цэрквах Беларусі”.

(Бандарук: ) “Гэта быў а. Андрэй Абламейка. На значэньне сымболікі і патрэбу захаваньня хрысьціянскага характару Раства Хрыстовага зьвярнуў ўвагу сам Папа Бэнэдыкт XVI. 21 сьнежня, у часе агульнай аўдыенцыі на пляцы Сьвятога Пятра ў Рыме, ён сказаў:

“Браты і Сёстры! Вось нараджаецца Божае дзіцё, як сьвятло, якое пакажа людзям шлях да збаўленьня. Гэта сьвятло дабра, якое пераможа зло, сьвятло любові, якое пераможа нянавісьць, сьвятло жыцьця, якое пераможа сьмерць. Спажывецкая культура спрабуе выцесьніць з атмасфэры сьвята Раства Хрыстовага важныя хрысьціянскія сымбалі. Прыкладзем усе намаганьні, каб яны не адсутнічалі ў нашых дамах і царкоўных грамадах.

Захаваньне традыцыі і сымболікі Раства Хрыстовага, важнага складніку веры і культуры, а таксама перадача іх наступным пакаленьням зьяўляецца для ўсіх нас важнай задачай. Асьвятленьне пляцаў і вуліцаў, сьвятло ў батлейках і на елках няхай дапамогуць нам адчуць тое сапраўднае духоўнае сьвятло, якое, хаця і нябачнае для вачэй, аднак яно пранікае сэрцы людзей добрай волі. Няхай Хрыстос, сьвятло, што нараджаецца нам, абдорыць нас ўсімі неабходнымі ласкамі, каб мы жылі ў праўдзе, справядлівасьці і любові,” – заклікаў Бэнэдыкт XVI.

Ягоны зварот да каталікоў невыпадковы. На радзіме Бэнэдыкта XVI, у Нямеччыне, паводле эвангельскага біскупа-жанчыны Маргот Кесман, ажно 43% гарамадзянаў ня ведаюць, адкуль паходзіць традыцыя сьвяткаваньня Раства Хрыстовага. Многія немцы лічаць, што гісторыю пра нараджэньне Ісуса прыдумалі казачнікі – браты Грым.

Прафэсар экумэнічнай тэалёгіі з Варшавы Міхал Чайкоўскі лічыць, што нягледзячы на крызіс веры, калядныя звычаі і абрады даволі жывучыя.

(Чайкоўскі: ) “Там, дзе працэс адыходу ад веры і ад Царквы прасунуўся наперад, я маю на ўвазе перш за ўсё краіны заходняй Эўропы, там назіраецца і адыход ад калядных традыцыяў. На ўсходзе Эўропы, значэньне традыцыі па-ранейшаму значнае. Перш за ўсё таму, што мы спалучаем звычаі і абрады зь верай, усьведамляем рэлігійны сэнс сьвята.

Паводле маіх назіраньняў, павялічваецца колькасьць намінальных каталікоў, і наагул хрысьціян, для якіх Каляды перастаюць быць рэлігійным сьвятам, але традыцыя для іх надалей вельмі важная. Нядаўна каталіцкі эпіскапат заявіў, што калядная вячэра "куцьця" не мусіць быць посная, што можна есьці і мяса. Тады многія вернікі і нават індыфэрэнтныя да веры людзі абураліся такому адыходу ад старадаўняга звычаю, казалі, што гэта нейкае блюзьнерства. Маўляў, заўсёды была рыба, а цяпер мяса? Гэта сьведчыць аб жывучасьці традыцыі.

З другога боку вельмі важна, каб калядныя звычаі і абрады не абмяжоўваліся павярхоўнай сфэрай фальклёру, каб усе разумелі, адкуль гэтыя звычаі ўзяліся, што значаць і што сымбалізуюць розныя традыцыйныя атрыбуты Калядаў, каб увесь час зьвяртацца думкамі і сэрцамі, да таго, што насамрэч адбылося ў Бэтлееме больш як 2000 гадоў таму, да прыходу на сьвет Госпада Ісуса”.

На жаль, ня ўсе разумеюць, што значаць і што сымбалізуюць розныя атрыбуты Раства Хрыстовага. Вось жа галоўны зь іх – елка, вечна зялёнае дрэўца – сымбалізуе вечнае жыцьцё вернутае нам Ісусам Хрыстом. Агонь сьвечак сымбалізуе сьвятло праўды Хрыстовай. Белы колер абруса на сьвяточным стале сымбалізуе радасьць, сьвятло, чысьціню, нявіннасьць і сьвяточны настрой. Аплатка, якой дзеляцца ў часе куцьці сымбалізуе згоду, адзінства і ўзаемнае дараваньне правінаў. Сымбалічнае значэньне маюць розныя стравы, якія традыцыйна ядуць падчас куцьці. Адна з галоўных страваў – рыба, гэта старажытны сымбаль Хрыста і хрысьціянства, ранейшы за крыж. Асобныя літары грэцкага слова “ІХТІС” хрысьціяне тлумачылі як “Ісус Хрыстос –Збавіцель”. Важны атрыбут Калядаў – зорка – нагадвае нам Бэтлеемскую зорку, якая паказала дарогу да Хрыста.

Што тычыцца пратэстантаў, дык існуе вялікая колькасьць адгалінаваньняў гэтай царквы. Усе сьвяткуюць Раство Хрыстовае, але ня ўсе ставяць елкі і сьпяваюць калядкі. Ад зьнешніх выяваў сьвята адмаўляюцца беларускія пяцідзесятнікі, што пацьвердзіў эпіскап гэтай царквы Сяргей Хоміч.

(Хоміч: ) "Хрысьціяне веры эвангельскай асноўваюць сваё вучэньне выключна на Божым слове, на Эвангельлі. Чытаючы Божае слова мы нідзе знаходзім згадкі пра тое, што сьвята Раства суправаджаліся нейкімі асаблівымі зьнешнімі абрадамі.

Мы ставім націск на духоўны аспэкт, адзначаем факт зьяўленьня Ісуса Хрыста на зямлі. Аб гэтым мы прапаведуем на малітоўных сходах падчас сьвяточных богаслужбаў, аб гэтым расказваем дома сваім дзеткам, але ніколі ня лічым першаснымі нейкія зьнешнія атрыбуты сьвята. У нас ў храме няма елкі, і ня ўсе сем''і ставяць іх ў сябе дома, хіба, што зрэдку дзеля дзяцей, альбо паводле сваіх культурных прывычак. Мы ня хочам каб людзі перабольшвалі значэньне елак, падарункаў і ўпрыгожаньняў, бо людзі вельмі лёгка пераходзяць ад пакланеньня жывому Богу да абагаўленьня прадметаў. Не бывае ў нас напярэдадні Раства ніякай адмысловай вячэры. Ёсьць толькі вячэрняя богаслужба, пасьля разыходзімся дамоў, мірна адпачываем, а ў наступны дзень з ранку, у сам дзень Раства ізноў прыходзім ў храм, каб славіць Бога за тое, што нарадзіўся Хрыстос. Ён – наш Збавіцель”.

(Бандарук: ) “Гаварыў эпіскап царквы Пяцідзесятнікаў Сяргей Хоміч. Дык, што Царква павінна зрабіць, каб Раство не страціла свой рэлігійны характар? Прафэсар Чайкоўскі:”

(Чайкоўскі: ) “Нагадваць тое, пра што нам расказваюць Эвангельлі. Нагадваць факт Раства Хрыстовага, бо ўсё часьцей рэлігійны сэнс сьвята губляецца. Для многіх вернікаў гэты факт сьвята зводзіцца да елкі, падарункаў, багатага стала і ў найлепшым выпадку сьпеву жаласьлівых, сэнтымэнтальных калядак пра халодную ноч у Бэтлееме, бедныя ясьлі, аб тым, што ніхто зь мясцовых жыхароў не прыняў Язэпа і Марыю ў свой дом. Калядкі прыгожыя і спрыяюць сьвяточнаму настрою, але і яны не заўсёды і не цалкам перадаюць асноўную, тэалягічную праўду аб тым, што прынесла нам і сьвету Раство Хрыстовае.

Для нас галоўнае, што як гаворыцца ў Сьвятым пісьме "Калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго адзінароднага, Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам, каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне". Адбыўся цуд уцелаўленьня Бога. Спрадвечны сын Божы прыйшоў на сьвет, нарадзіўся ад Сьвятога Духа і Дзевы Марыі, каб прамовіць да людзей на іхнай чалавечай мове, прымірыць іх з Богам-Айцом, навучыць, як маюць жыць, да чаго імкнуцца і на што спадзявацца. Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў дзіцём божым. Дзякуючы гэтаму была абвешчаная праўда аб усеагульным братэрстве незалежна ад культурных, расавых, сацыяльных адметнасьцяў. Што тычыцца сапраўдных вернікаў, дык абсалютная большасьць зь іх ведае, пра што расходзіцца ў Растве Хрыстовым”.

(Бандарук: ) “На думку а. Андрэя Абламейкі, традыцыі і звычаі маюць сэнс толькі тады, калі мы поўнасьцю ўсьведамляем, што яны азначаюць і што сымбалізуюць”.

(Абламейка: ) “Перад усім мы сустракаем Бога ў целе Сына божага, які становіцца адным з нас, чалавекам. Гэта, па-мойму, найвялікшая выява божай любові, моцны прыклад для нас. Бог нагэтулькі любіць нас, што вырашае стаць адным з нас, хоча суперажываць з намі, пражыць наша зямное жыцьцё. Гэта вялікі прыклад любові. Адсюль і паглыблены сэнс нашых традыцыяў. Падарункі, які мы дорым адзін аднаму, гэта выява нашай любові. Елачка – вечна зялёнае дрэва – нагадвае аб тым, што Хрыстос сваім прыйсьцем даруе нам вечнасьць. Батлейка, калядныя містэрыі, пастаноўкі эвангельскіх сюжэтаў зьяўляюцца знакам таго, што мы суперажываем з Богам Яго жыцьцё, і хочам браць зь Яго прыклад ў сваім жыцьці. Калі сьпяваем калядкі, гэта выява нашай радасьці ад таго, што Бог з намі, Бог Эмануіл”.

(Бандарук: ) “Хацелася б, каб паглыбленае значэньне калядных сымбаляў і традыцыяў разумелі і ўсьведамлялі ўсе, хто ў гэтыя дні сьвяткуе Раство Хрыстовае. Аднак нават бяз гэтага, у сьвяты вечар, ад свайго імя зычу, каб сёлетняе сьвята было блаславёным часам любові, міру і згоды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG