Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзяржаўная газэта “Салідарнасьць” прыпыняе свой выхад


Ганна Соусь, Менск Галоўны рэдактар выданьня Аляксандар Старыкевіч тлумачыць гэта тым, што ўлады пазбавілі “Салідарнасьць” ўсіх магчымых крыніцаў прыбытку – на газэту нельга падпісацца і яна ня можа распаўсюджвацца праз сыстэму “Саюздруку”.

Сёньня выйшаў апошні нумар недзяржаўнай газэты “Салідарнасьць”. Як тлумачыцца ў рэдакцыйным артыкуле, пры канцы 2005 году ў выніку дзеяньняў улады газэта засталася бяз сродкаў для існаваньня. Сытуацыю тлумачыць галоўны рэдактар газэты Аляксандар Старыкевіч.

(Старыкевіч: ) “У дадзенай сытуацыі наладзіць нейкае сваё прадпрыемства ў справе распаўсюду мы проста ня мелі магчымасьці, бо гэта таксама патрабуе нейкіх грошай і, прынамсі, нейкага запасу трываласьці. А ў нас яго не было ўсе гэтыя два з паловай гады. Мы працавалі маленькім калектывам – 3-4 чалавекі, працавалі, так бы мовіць, з колаў. Я лічу пэрспэктывы легальных незалежных выданьняў у любым разе вельмі сьціплымі на бліжэйшы час. Калі б мы выжылі і працягвалі выходзіць, пазбавіўшыся падпіскі і распаўсюду, то былі б новыя рэпрэсіі, і ўсё роўна вынік быў бы аднолькавым. Наша бліжэйшая пэрспэктыва – гэта інтэрнэт і самвыдат”.

Аляксандар Старыкевіч падкрэсьлівае, што “Салідарнасьць” не ліквідуецца, а толькі прыпыняе выхад. Такі пэрыяд у гісторыі “Салідарнасьці” ужо быў – газэта перастала выходзіць восеньню 2002 году і аднавілася ўвесну 2003 году. Аляксандар Старыкевіч упэўнены, што і ў будучыні “Салідарнасьць” ізноў будзе выдавацца.

Што будзе з творчым калектывам незалежнай прафсаюзнай газэты?

(Старыкевіч: ) “Людзі, якія працавалі ў “Салідарнасьці”, ня пойдуць у дзяржаўную прэсу і ня кінуць сваю справу наагул. Якія будуць непасрэдна праекты, будзем мы разам ці паасобку яшчэ нейкім чынам працаваць,– гэта цяпер высьвятляецца. Але тое, што мы не зьнікнем з інфармацыйнай прасторы Беларусі, гэта дакладна”.

Газэта “Салідарнасьць” апошнім часам выходзіла накладам 5400 асобнікаў. Выданьне зьяўляецца друкаваным органам Беларускага незалежнага прафсаюзу. Ад моманту заснаваньня ў сакавіку 1991 году выйшаў 541 нумар. “Салідарнасьць” – адна з 17 недзяржаўных газэтаў, якія з 2006 году пазбаўленыя магчымасьці распаўсюджвацца праз агульнанацыянальную сыстэму падпіскі і шапікі Белсаюздруку.

Зьнешнія спасылкі: • gazetaby.com - афіцыйны сайт газэты "Салідарнасць"
XS
SM
MD
LG