Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Колас: "Калядны цуд падарыў нам сёньняшні дзень"


Радыё Свабода Беларускія Каляды, бадай, найдаўжэйшыя ў сьвеце – ад 24 сьнежня да 14 студзеня, калі сьвяткуюць Шчодрык. Яны спалучаюць хрысьціянскія й паганскія традыцыі, кожны можа знайсьці ў Калядах нешта да душы. Чаканьні й мары, фантазіі й цуды, нечаканыя павароты лёсаў – пра ўсё гэта ў калядным цыклі Радыё Свабода. Сёньня пра свой цуд на Каляды расказвае дырэктар Беларускага ліцэю Ўладзімер Коласю

(Колас: ) "На каляды звычайна павінен выпасьці нейкі цуд. У нас у душы пачынае вырастаць чаканьне гэтага цуду. І аднойчы такі цуд сапраўды здарыўся...

Калі наш ліцэй быў ліквідаваны, мы ня ведалі, што нам рабіць. Як вядома, тады пачалі вучыцца проста пад адкрытым небам. І першы званок з прапановай дапамогі ў нас адбыўся якраз зь Вільні. Мне адразу прыйшла ў галаву ідэя: падчас канікул, калі пустыя школы, выехаць у нейкую краіну, каб там пазаймацца ў нармальных умовах. Хоць нейкі час...

Пра гэта я і сказаў сваім сябрам. Ім тая прапанова спадабалася. Хаця... І я , і яны ставіліся да гэтага, ну-у, як да нейкай фантастыкі. Дзе сапраўды знайсьці сродкі, каб перавезьці цэлы ліцэй у іншую краіну? А тады нас вучылася недзе каля 150 дзяцей плюс выкладчыкі – гэта каля 200 чалавек! А быў 2003 год...

З аднаго боку – немагчыма... А з другога – раптам пачаліся знаходзіцца сябры, партнэры.

Але пэўныя колы ў нас у Беларусі вельмі, так сказаць, непрыхільна паставіліся да такой спрыяльнай пэрспэктывы. І мы атрымалі інфармацыю, што нас проста ня пусьцяць туды.

А якраз надыходзілі каляды. Было вельмі дрэннае надвор’е: шэра так, па-літоўску, дождж... І вось раптам пад вечар, калі нашыя павінны былі перасякаць мяжу, нечакана падмарозіла, пайшоў сьнег. Вільня ўмомант зрабілася нейкай казачнай у сваіх калядных упрыгожаньнях...

І ў такой сьвяточнай атмасфэры пачулі па нашых мабільніках – яны едуць! То бок калядны цуд адбыўся... Карнавал і каляды, якія наладзілі ліцэісты ў Літоўскім доме, застануцца незабыўнымі.

Упершыню за вось гэты доўгі час пасьля нашай ліквідацыі мы проста змаглі ўсе сабрацца разам! І гэта было таксама, як цуд.

Ён паклаў пачатак новаму этапу нашага існаваньня. Сёлета ліцэісты папросту лічаць, што каляды ў Вільні – гэта ўжо традыцыя.

Такім чынам мы прыдбалі новых сапраўдных сяброў, зь якімі нас зьвязвае наша гістарычнае мінулае. І, я спадзяюся, будзе зьвязваць і нашая будучыня гістарычная. Гэта – Літва, і гэта – Польшча..."
XS
SM
MD
LG