Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Першы нацыянальны канал стаў на шлях дыскрэдытацыі краіны"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 22 сьнежня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць сваё паведамленьне на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

(Вераніка Нясьмелава: ) “Дзякуй вялікі за цуд: вы абвясьцілі, што наш мілы Пазьняк першы падаў дакумэнты на кандыдата ў прэзыдэнты. Гэта быў першы цуд, і шмат яшчэ будзе цудаў. Мы дачакаемся свайго цуда! Мы дачакаемся сваёй свабоды! Шчыры вам дзякуй”.

(Спадарыня, Ліда: ) “Хачу вас павіншаваць з надыходзячым сьвятам Калядкамі! Самага найлепшага вам усім! Сьветлых і сонечных дзён у гэтае шчасьлівае сьвята!

Учора па тэлебачаньні ў нас сказалі, што Зянон Станіслававіч будзе кандыдатам і будзем галасаваць за яго. А Лукашэнку не ўзгадалі, толькі Калякіна ўзгадалі. Калякін можа тыдзень таму выступаў па тэлебачаньні на трыбуне і трос кулакамі. Хачу сказаць, што камунізм у яго вельмі моцны. Падазраю, што Калякін ня наш. А сёньня чую, шаноўная Свабода, пра Лукашэнку і Гайдукевіча. Просім Гайдукевіча, які, мяркую, ідзе з Лукашэнкам, і Лукашэнку саступіць. Мы сядзелі і сядзім у турме. А Лукашэнка яшчэ пагражае турмой. За што? Людзі ж праўду кажуць, нічога не прыдумляюць!”

(Анатоль Сахаруша: ) “Прывітаньне, Свабода! Прызначэньне датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў – гэта вынік паездкі Лукашэнкі ў Расею. Я лічу, што гэта прапанова Пуціна, бо Расея больш як за тры месяцы ня зможа даваць газ Беларусі па коштам 2005 году, у той час як Смаленская і Бранская вобласьць плацяць ёй значна больш. І ня трэба спасылацца на тое, што гэтыя беларусы ўлетку разьбягуцца па Канарах ды Кіпрах, а студэнты разьедуцца на канікулы. У сакавіку дэканы калёнамі прывядуць студэнтаў на выбарчыя ўчасткі, а шараговыя выбаршчыкі аддзякуюць за танны газ. На што толькі ня пойдзеш дзеля неабмежаванай улады, нават і нелегітымнай. Гэта ж як трэба не паважаць свой народ!”

(Спадар: ) “Хачу выказацца па двух пунктах, якія ў перадвыбарнай агітацыі вылучыў Мілінкевіч. Першае. Па кантрактнай сыстэме ён вельмі глыбока памыляецца. Гэта вельмі цудоўная сыстэма. Калі сталі браць пры савецкай уладзе на прамысловыя прадпрыемствы калгасьнікаў, яны так як у калгасе працавалі – “спустя рукава”, развальвалі калгас, тое і спрабавалі зрабіць на прамысловых прадпрыемствах. Няважна - працуеш ты ці не, табе ўсё роўна заплацяць. Было такое? А цяпер, назавіце хоць аднаго работніка, які граматна і сумленна працуе, якога б звольнілі па кантракту. Ня зможаце. А вось для гультаёў і лодараў гэта вельмі сур’ёзная праблема. Трэба вучыць людзей працаваць, інакш мы ніколі ня вылезем зь цяжкасьцяў гэтых.

І другое, самае страшнае. Мілінкевіч прапаноўвае, што ён будзе тут паляваньне на ведзьмаў ўстрайваць, шукаць людзей. То бок зноў ідзе накрутка, зноў нас на 5-6 год у цемру кінуць гэтым. Каго ён будзе выкалупліваць у раёнах, гарадах, рэспубліцы, мяняць, працэсы судовыя. Гэта страшна! Гэта горш за фашызм! Таму ягоная такая праграма ня пройдзе ні ў ніякім разе!”

(Аляксандар, Шымкі: ) “Адкуль гэта вы выцягнулі Кавалёва, якога ўжо даўно ненавідзіць нават Расея? Гэты зьдзяцінелы абаронца правоў, як яны сябе называюць, спачатку павінен запытаць у беларускага народу, ці хочуць яны яго так званай абароны”.

(Спадар: ) “Я хачу паведаміць і запытаць, калі будзе выконвацца Канстытуцыя ў рэспубліцы. Прызначаныя датэрміновыя выбары, самі дэпутаты казалі, што за тры месяцы датэрмінова. Значыць, Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку альбо захварэць. Усе ў нас крэхчуць, што мала часу групу стварыць. Аднаму толькі Лукашэнку групу ў 6 тысяч не праблема стварыць меней чым за два тыдня. Выбары прызначаюцца не для аднаго чалавека, а для ўсіх кандыдатаў! Лукашэнка загадзя падрыхтаваўся, а гэтыя думалі, што ўсё будзе згодна закону. Ня трэба вешаць гэтую лапшу на вушы, якую вешаюць Ярмошына і Лазавік, што выбары, калі хочуць, тады прызначаюць. Гэта датэрміновыя выбары за тры месяцы. І яшчэ раз паўтараю: Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку!”

(Мікола Канаховіч: ) “Паважанае кіраўніцтва камітэту дзяржаўнай бясьпекі! Паважанае кіраўніцтва міністэрства ўнутраных спраў! Паважанае кіраўніцтва генэральнай пракуратуры і канстытуцыйнага суду а таксама іншыя дзяржаўныя структуры! Да вас зьвяртаецца просты грамадзянін Беларусі Мікола Канаховіч. Справа ў тым, што першы беларускі нацыянальны канал тэлебачаньня стаў на шлях дыскрэдытацыі нашай краіны перад усёй сусьветнай супольнасьцю і зьнявагу грамадзян Беларусі. Гэта абурае кожнага сумленнага чалавека. А менавіта 22 сьнежня 2005 году прыкладна ў 19 гадзін 30 хвілін нейкі грамадзянін Яўген Новікаў быў дапушчаны на беларускае тэлебачаньне і праз яго, але па за экранах ужо заўчасна распачаў перадвыбарную прэзыдэнцкую агітацыю. Пакуль яшчэ ня вызначаны прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта, а гэты чалавек ашалела ўжо агітуе за канкрэтную асобу. Гэта зьнявага нашай Канстытуцыі, гэта дыскрэдытацыя нашай дзяржавы, гэта злачынства ў адносінах да беларускага народу!”
XS
SM
MD
LG