Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары “Залатога шлягеру” пойдуць у турму


Алег Грузьдзіловіч, Менск 22 сьнежня Ленінскі раённы суд Магілёва прызнаў вінаватымі ў шэрагу злачынстваў былых кіраўнікоў фэстываля “Залаты шлягер” Уладзімера Браілоўскага і Вячаслава Любінскага. Былы мастацкі кіраўнік фэстываля Браілоўскі атрымаў 9 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, ягоны калега, былы дырэктар “Залатога шлягера” Любінскі -- усяго на паўгода меней і таксама з канфіскацыяй маёмасьці.

У Магілеве згадваюць, што калі “Залатым шлягерам” кіравалі Ўладзімер Браілоўскі і Вячаслаў Любінскі, у фэстывальнай праграме бралі ўдзел ня толькі зоркі СНД , як Аляксандр Малінін ці Надзея Бабкіна, але й вядомыя эўрапейскія сьпевакі . Прыкладам, ўсяго пару гадоў таму сьпявалі для магіляўчан славутыя італьянскія сьпевакі Рабэрціна Ларэцці і Тота Кутуньё . А вось “Залаты шлягер -2005” прайшоў пры значна больш сьціплым прадстаўніцтве. Пра гэта сказаў нават Уладзімір Браілоўскі, калі выступаў учора ў судзе з апошнім словам. Браілоўскі не прызнаў сябе вінаватым у крадзяжы, хаця і пацьвердзіў, што давялося рабіць фіктыўныя справаздачы . Ён патлумачыў гэта тым, што не было іншай магчымасьці , каб на прыстойным узроўні разьлічыцца з артыстамі. 9 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці – гэткім прысудам Уладзімір Браілоўскі быў шакаваны, цьвердзяць назіральнікі за працэсам. Браілоўскі сказаў: для яго гэта крыж на ўсёй ягонай дзейнасьці і нават жыцьці. Дарэчы, Уладзіміру Браілоўскаму 59 гадоў, і з турмы ён выйдзе ўжо старым чалавекам.

Калега Браілоўскага Вячаслаў Любінскі таксама не прызнаў крадзяжу фэстывальных грошай. Любінскі прасіў не пазбаўляць яго волі, бо ён зможа яшчэ прынесьці шмат карыснага. Суд не прыслухаўся да былога дырэктара “Залатога шлягера” і пакараў яго васьмю з паловай гадамі калёніі.

Паводле журналістаў, якія прысутнічалі на працэсе, судзьдзя Тацяна Тупік не стала камэнтаваць прысуд і пакінула судовую залю. Адразу зьехаў у камандзіроўку і супрацоўнік абласной пракуратуры Аляксандр Кавалёў, які падтрымліваў абвінавачваньне. Ён, дарэчы, прасіў для Браілоўскага ажно 10 гадоў зьняволеньня.

Ці стануць асуджаныя аспрэчваць прысуд ў вышэйшых судовых інстанцыях? Адвакат Браілоўскага Анатоль Гоманаў ужо заявіў: абавязкова будуць! Прысуд, які вынесла судзьдзя Тацяна Тупік, ён атэставаў так: “У дадзеным выпадку Фэміда спачывала...” Вось як адвакат патлумачыў дзеяньні свайго падабароннага. Стужка 1.

(Гоманаў: ) “ Ніякага крадзяжу ён не рабіў. Мэта ягоная была адзіная –культурнае разьвіцьцё Магілёва і ўсёй Беларусі, падтрыманьне за імі славы і рэпутацыі культурных цэнтраў”.

Адвакат спадзяецца, што абласны суд пры пераглядзе справы адменіць прысуд Уладзіміру Браілоўскаму і Вячаславу Любінскаму.

Як ў Магілёве ставяцца да прысуду былым кіраўнікам “Залатога шлягеру”? Галоўны рэдактар другога магілёўскага тэлеканалу Алена Барысава мяркуе, што іх арышт ужо нанёс непапраўны ўдар “Залатому шлягеру” і ўвогуле культурнаму жыцьцю Магілёва. Алена Барысава нагадала, што Уладзімір Браілоўскі -- ня толькі эстрадны дзеяч, але і вядомы кампазытар, імя якога было візітоўкай горада . Дзякуючы Браілоўскаму ў Магілёў прыяжджалі сусьветна вядомыя музыканты, прыкладам, Ўладімір Сьпівакоў. Паводле Алены Барысавай, узровень “Залатога шлягера” пасьля арышту Браілоўскага і Любінскага зьнізіўся. Стужка 2.

(Барысава: ) “Перад эфірам я пачула, што такі вялікі прысуд. Але я лічу, што гэта сьмяротны прысуд Браілоўскаму, бо паводле стану здароўя ён проста не вытрымае гэткі тэрмін. І гэта прысуд гораду, а , магчыма, наогул культурнаму жыцьцю Беларусі”.
XS
SM
MD
LG