Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ схіляў сяброў Васіля Быкава да стукацтва


Сяргей Астраўцоў, Горадня У гэты дзень сорак гадоў таму старшыня КГБ СССР Сямічасны і генпракурор Рудэнка накіравалі ў ЦК КПСС сакрэтную цыдулку пад назвай “аб антысавецкай дзейнасьці літаратараў Сіняўскага і Даніэля”. Па прапанове яе аўтараў адбыўся адкрыты судовы працэс над двума пісьменьнікамі. У той жа час у Горадні КГБ спрабавала знайсьці сваіх “пісьменьнікаў-антысавеччыкаў”. Сёньня ў горадзе, здараецца, за вершы закрываюць газэты і саджаюць людзей за краты.

Пра колішнія падзеі сёлета ў часопісе “Дзеяслоў” распавёў літаратар Барыс Клейн, які напачатку 90-х зьехаў з Горадні ў Штаты. У іх існавала сяброўскае кола з Васілём Быкавым ды Аляксеем Карпюком. Клейн піша, што ў 1965-м годзе КГБ спрабавала схіліць яго, каб ён паведамляў пра Быкава “органам”. Ненадзейным лічылі і Аляксея Карпюка. У 1969 годзе Андропаў накіраваў у ЦК КПСС ліст наконт “палітычна нездаровых настрояў” беларускіх пісьменьнікаў Карпюка і Быкава. Дазволю сабе працытаваць выснову, якую прыводзіць у сваіх успамінах Барыс Клейн: “Камітэтам дзяржбясьпекі Беларусі з санкцыі ЦК кампартыі рэспублікі рыхтуюцца мерапрыемствы, накіраваныя на выкрыцьцё магчымых варожых акцый з боку названых асобаў”.

Атрымліваецца, што сам усемагутны Андропаў лічыў гарадзенскіх пісьменьнікаў надзвычай небясьпечнымі. Чым гэта для іх скончылася? Іх цкавалі, але галоўным антысавеччыкам вырашылі прызначыць Карпюка, яго выключылі з партыі, пазбавілі пасады кіраўніка абласной філіі саюзу пісьменьнікаў. Барыс Клейн піша пра цэлую справу, якую сфабрыкавалі супраць Карпюка. І, дарэчы, я гэтую справу бачыў, і мне нават настойліва прапаноўвалі зь ёй азнаёміцца, але я адмовіўся.

Здаецца, у 1990-м годзе Карпюка зноўку нечакана пачалі цкаваць пасьля яго публікацый пра сталінскія часы, ён тады друкаваўся, у прыватнасьці, у абласной газэце, дзе я працаваў. У яго абарону сабралі подпісы, і я таксама падпісаўся. І вось некалькіх падпісантаў выклікалі ў абкам да ідэалягічнага сакратара Марыі Біруковай, якая сёньня працягвае пасьпяхова кіраваць ідэалёгіяй, седзячы ў аблвыканкаме, але гэта—да слова. Дык вось, мы прыходзім да Біруковай, а ў яе сядзяць кіраўнік КГБ і намесьнік абласнога пракурора. І нас пачынаюць апрацоўваць: каго вы абараняеце? Паглядзіце: вось на яго вялізная справа, ён ледзьве не з гестапа супрацоўнічаў. У мяне было адчуваньне абсурду, усё ж быў 1990-ы год.

Дарэчы, гэты пракурор летась вёў справу Алены Раўбецкай, якая ў сваёй газэце “Биржа Информации” назвала абвешчаны Лукашэнкам рэфэрэндум аб трэцім тэрміне “здрадай імем народу”. Суд яе потым аштрафаваў, а вось газэта больш не выходзіць. Да слова: Раўбецкая ня толькі журналістка, яна адметны празаік, напісала некалі цікавы рэдакцыйны раман, якраз па-мойму ў 90-м годзе.

Мы напачатку ўзгадвалі пра вершы, за якія людзі трапляюць за краты; гэта вершы, у якіх карныя органы ўбачылі абразу кіраўніка краіны, у сэнсе паэзіі гэта, канешне, далёка ня Пушкін. Вершык “Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць” фігураваў у справе газэты “Пагоня”, якую закрыў гаспадарчы суд, а пазьней галоўнага рэдактара Маркевіча і журналіста Мажэйку пакаралі “хіміяй”. Гэта было ў 2002 годзе, а летась за улётку з вершыкам пасадзілі лідэраў прадпрымальнікаў Леванеўскага і Васільева. Першы дагэтуль сядзіць, а Аляксандра Васільева выпусьцілі.

Нядаўна ён быў у Польшчы, яго цікавіла наступнае пытаньне:

(Васільеў:) “У Польшчы прыняты закон што датычыць асобаў, якія мелі дачыненьне да злачынстваў супраць чалавека, дык вось гэтыя злачынствы тэрміну даўнасьці ня маюць. Я артыкул і напісаў аб тым, што ўсё роўна некалі наступіць момант, і тыя, хто зьдзяйсьняе цяпер злачынствы, яны будуць адказваць перад законам”.

Дарэчы, бюлетэнь, для якога быў напісаны гэты артыкул, учора канфіскавала міліцыя. Аляксандар Васільеў гаворыць, што працягвае адчуваць увагу з боку спэцслужбаў, таму мусіць цяпер узважваць кожнае слова, хаця ў яго нямала творчых задумаў.

Трэба сказаць, што за вершы з палітычным ухілам не заўсёды саджалі. Паэт Юры Гумянюк апавядае пра колішні выпадак са сваім сябрам:

(Гумянюк:) “Напрыклад: Андрэй Пяткевіч, дык яго нават выклікалі ў КГБ і змусілі спаліць вершы, прысьвечаныя акадэміку Сахараву, і іншыя ў яго былі на палітычныя тэмы. Такія факты здараліся”.

А было гэта дзесь напачатку 90-х. Сам Андрэй Пяткевіч, дарэчы, меў хворае сэрца і рана памёр.
XS
SM
MD
LG