Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В. Станкевіч: 2005 год адметны міжнародным посьпехам А.Мілінкевіча


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскі парлямэнтар, старшыня камісіі Сойму ў справах НАТО Вацлаў Станкевіч адзначае, што 2005 год для Беларусі быў годам узмацненьня самаізаляцыі дзяржавы, але гэты год адметны і тым, што беларуская палітычная апазыцыя здолела абраць адзінага кандыдата, які пасьпяхова выйшаў на міжнародны ўзровень.

Вацлаў Станкевіч абіраецца ў літоўскі парлямэнт другую кадэнцыю (ад 2000 году), ён належыць да партыі сацыял-лібэралаў “Новы саюз”, у мінулым годзе ён ачольваў літоўскую дэлегацыю ў Парлямэнцкай асамблеі Эўразьвязу і краінаў Міжземнамор''я. Цягам усяго часу сваёй працы ў парлямэнце В.Станкевіч старшынюе ў камісіі ў справах НАТО, працуе ў ліку іншага, у соймаўскім камітэце замежных справаў, уваходзіць у парлямэнцкую групу “За дэмакратычную Беларусь”.

Пра вынікі 2005 году для Беларусі В.Станкевіч сказаў Радыё Свабода на :

(Станкевіч: ) “Нягледзячы на тое, што некаторыя дзяржаўныя дзеячы Беларусі прыкладалі і прыкладаюць ўсялякія намаганьні дзеля аб''яднаньня сваёй краіны з суседняй Расеяй, Беларусь застаецца незалежнай дзяржавай. На мой погляд, гэта вельмі значны аспэкт, гэта вялікае дасягененьне, што Беларусь захавала свой статус асобнай дзяржавы.

Таксама я хацеў бы адзначыць актывізацыю і аб''яднаньне беларускай апазыцыі, пасьпяховы выхад адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча на міжнародны ўзровень. Гэта – вельмі важная справа для Беларусі. І хацеў бы сказаць пра наш супольны посьпех, Беларусі і Літвы, – зьмяншэньне цэнаў на візы. Гэта будзе спрыяць нашым добрым адносінам.

А вось што Беларусь магла зрабіць як дзяржава, але, на жаль, ізноў так і не дасягнула – як дзяржава Беларусь так і ня здолела выйсьці на міжнародны ўзровень і па-ранейшаму застаецца ў самаізаляцыі, якая толькі паглыбілася. Гэта не спрыяе, натуральна, ні разьвіцьцю беларускага грамадзтва, ні эканомікі.

Як і раней, дзяржаўныя інстытуцыі Беларусі, не карыстаюцца, на жаль, сваёй пекнай беларускай мовай. І вось мае спадзяваньні і пажаданьні – я спадзяюся, што ў наступным годзе ўся Беларусь будзе размаўляць на роднай мове.

Я хацеў бы пажадаць усім беларусам, ўсяму беларускаму народу, шчасьця, здароўя, усялякіх посьпехаў, а таксама духоўнага спакою”.
XS
SM
MD
LG