Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вынікі 2005 году: якія зьмены адбыліся ў дачыненьнях Беларусі з Захадам?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Юры Шаўцоў.

(Валер Карбалевіч: ) “У 2005 годзе дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам і ЗША працягвалі заставацца канфліктнымі. Міжнародныя арганізацыі, органы ўлады і кіраўнікі асобных заходніх краінаў давалі рэзкую ацэнку палітычнай сытуацыі ўнутры Беларусі. Афіцыйны Менск адказваў ня менш жорсткімі заявамі на адрас Захаду. Здаецца, усё як звычайна, кожны год. Але, падаецца, у 2005 годзе ўвага да Беларусі з боку ЗША і Эўразьвязу павялічылася, беларускае пытаньне стала больш важным для Захаду. Ці згодныя вы з гэтым? І калі так, то чаму, якія прычыны прымусілі заходнія краіны зьвярнуць большую ўвагу на Беларусь?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Сапраўды, я згодны з тым, што ўвага да беларускага пытаньня падвысілася. Разам з тым, хачу зазначыць, што падвысілася яна найперш фармальна. У тым сэнсе, што пра Беларусь, пра яе праблемы ў сьвеце сталі больш гаварыць. У прыватнасьці, Эўрапарлямэнт прыняў некалькі жорсткіх заяваў. Згадваецца таксама вясновая сустрэча дзяржсакратаркі ЗША Кандалізы Райс з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў і адпаведныя заявы наконт неабходнасьці пераменаў у Беларусі. І разам з тым, нельга казаць пра нейкія якасныя зрухі ў падыходзе да беларускага пытаньня.

Што тычыцца прычынаў, чаму болей сталі зьвяртаць увагі на Беларусь. Прычыны, я думаю, дзьве. Па-першае, гэта аб’ектыўная эвалюцыя беларускага рэжыму ня ў той бок, які хочацца Захаду. Па-другое, на даляглядзе ўжо відаць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. А любыя выбары — гэта заўжды крызісны момант для любой улады”.

(Юры Шаўцоў: ) “Толькі крыху павялічылася ўвага да Беларусі. З аднаго боку, прыняты шэраг рэзалюцыяў самых розных міжнародных арганізацыяў і ўзроўняў. Але асноўны цяжар барацьбы з нашымі рэаліямі перамясьціўся да суседзяў, краінаў “новай Эўропы”. Асноўныя крызы, зь якімі апошні год сутыкалася наша краіна, былі зьвязаныя з Польшчай, у меншай ступені зь Літвой. Ніякіх сур’ёзных грошай у праекты, якія можна разглядаць як апазыцыйныя, з Захаду не прыйшло. Толькі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт атрымаў падтрымку. Дый у структуры варшаўскай мэрыі ўтворана нешта кшталту “Беларускага дому”. Зь іншага боку, “новая Эўропа” цяпер мае складаныя дачыненьні са “старой Эўропай”. І такі перанос цяжару барацьбы з нашымі рэаліямі да краінаў “новай Эўропа” наўрад ці можа разглядацца як заўважны рост увагі да Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Хачу заўважыць, што, мусіць, упершыню — ва ўсялякім разе, упершыню пра гэта публічна паведамлялася — беларускае пытаньне абмяркоўвалася на перамовах ЗША і Эўразьвязу з Расеяй. На мой погляд, прычыны, якія вывелі беларускае пытаньне на больш высокае месца ў міжнародных дачыненьнях, былі наступныя. Гэта пагаршэньне сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі; рэфэрэндум мінулага году і прэзыдэнцкія выбары наступнага году; посьпех “каляровых рэвалюцыяў” у постсавецкіх краінах; большы акцэнт у замежнай палітыцы ЗША на пашырэньне дэмакратыі ў сьвеце; канфлікт з Польшчай вакол Саюзу палякаў Беларусі.

Мінулыя гады рэакцыя Захаду на сытуацыю ў Беларусі абмяжоўвалася заявамі з заклікам да беларускага кіраўніцтва кіравацца міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека. Ці адбылася нейкая эвалюцыя ў пазыцыі ЗША і Эўразьвязу датычна Беларусі ў 2004 годзе? Ці зьявілася там разуменьне, канцэпцыя адносна таго, што рабіць зь Беларусьсю? Ці гатовыя заходнія краіны перайсьці ад заяваў да нейкіх дзеяньняў?”

(Класкоўскі: ) “Мне падаецца, што эвалюцыя калі і ёсьць, дык нязначная. Мы назіраем такі экстэнсіўны падыход з боку Захаду. Напрыклад, 7 лістапада Рада міністраў Эўразьвязу зрабіла чарговую заяву. Якія там гучаць пагрозы на адрас афіцыйнага Менску? Так, пашырыцца, так бы мовіць, чорны сьпіс неўязных чыноўнікаў у краіны Эўразьвязу. Але калі там будзе ня шэсьць, а, умоўна кажучы, дваццаць шэсьць, гэта не пахісьне асноваў рэжыму.

Можна сказаць, што вось пачалося вяшчаньне на Беларусь радыёстанцыі “Нямецкая хваля”. Але нават зацікаўленыя асобы доўга ловяць гэтую хвалю, каб нешта пачуць. Карацей, аўдыторыя ў гэтай радыёстанцыі невялікая. Можна згадаць, што абвешчаны новы тэндэр на радыёвяшчаньне. Але зноў жа, з вуснаў кіраўніцы Беларускай асацыяцыяй журналістаў Літвіной мы чуем, што яна ня ведае тых структураў, якія ўдзельнічаюць у гэтым тэндэры.

Існуюць іншыя канцэптуальныя прапановы дзеля вырашэньня беларускага пытаньня, ініцыятарам якіх часта выступае віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч. Ён прапаноўвае ствараць структуры кшталту эўрапейскага фонду падтрымкі дэмакратыі, каб рабіць больш эфэктыўнай падтрымку дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Аднак гэта не знаходзіць падтрымкі Эўракамісіі.

Што тычыцца збліжэньня пазыцыяў у гэтым пытаньні Вашынгтону і Брусэлю, то яно пакуль што толькі на словах. І самы галоўны чыньнік тут у тым, што для ЗША асноўны галаўны боль — гэта ірацкая праблема, і яе хопіць і на наступны год.

Працягваецца апэляцыя да Расеі ў пытаньні дэмакратызацыі Беларусі. Ня так даўно я гутарыў у Брусэлі з старшынём Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы спадаром Ван дэр Ліндэнам. І лейтматывам ягонага адказу на пытаньне пра Беларусь было такое: мы будзем зьвяртацца да Масквы і іншае. Я думаю, што Масква дзеля высокіх ідэалаў дэмакратыі ніколі не распачне змаганьня на беларускім пляцдарме”.

(Карбалевіч: ) “Хачу заўважыць, што 2005 год гэта быў першы год, калі рэальна пачаў дзейнічаць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, прыняты ЗША. Плюс да гэтага Эўразьвяз пачаў перамовы, каб адкрыць у Беларусі сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва”.

(Шаўцоў: ) “Я думаю, што на Захадзе існуе своеасаблівы кансэнсус наконт таго, што яны нічога зь Беларусьсю зрабіць ня могуць. Пасьля дванаццаці гадоў барацьбы беларуская праблема апынулася ў ценю больш важных для Захаду праблемаў. Гэта, найперш, пэрманэнтны рост цэнаў на газ, украінская крыза. Падчас украінскіх парлямэнцкіх выбараў Захаду будзе не да нас. Бо ўкраінская сытуацыя можа зьмяніцца, а беларуская, ясна, ня зьменіцца, што б тут хто ні рабіў. Таму, мне падаецца, ніякай актыўнасьці Захаду на нашым кірунку ня будзе”.

(Карбалевіч: ) “Беларускія афіцыйныя асобы вялі жорсткую палеміку з заходнімі краінамі. Улады прымалі ўсё новыя захады дзеля абмежаваньня ўплыву Эўразьвязу і ЗША на Беларусь, перакрывалі каналы матэрыяльнай падтрымкі структураў грамадзянскай супольнасьці, абмяжоўвалі магчымасьці камунікацыі беларускіх грамадзянаў з Эўропай і Злучанымі Штатамі. Абвастрыліся дачыненьні з суседзямі: з Польшчай з-за канфлікту вакол Саюзу палякаў, зь Літвой з-за канфлікту вакол сховішча ядзерных адкідаў. Беларускія дзяржаўныя СМІ працягвалі настойліва ствараць з заходніх краінаў вобраз ворага. Нават у выступе літоўскага амбасадара перад беларускімі студэнтамі ці ў гуманітарнай дапамозе ЗША беларуская тэлевізія ўбачыла варожыя дзеяньні.

Зь іншага боку, даволі хутка разьвіваўся гандаль Беларусі з краінамі Эўразьвязу. У гандлёвым абароце краіны адбыліся важныя зьмены. Доля Расеі скарацілася і ўпершыню складае менш за 50%, а доля краінаў Эўразьвязу значна павялічылася. Калі браць толькі беларускі экспарт, то ў краіны Эўразьвязу прадаецца больш, чым у Расею: 43% супраць 36% за дзевяць месяцаў гэтага году. Можна сказаць, што эканамічны рост Беларусі быў забясьпечаны менавіта ростам экспарту ў Эўропу. І гэта адбываецца на фоне працэсу інтэграцыі з Расеяй і амаль варожых адносінаў з Эўразьвязам. Як доўга могуць разьвівацца такія супярэчлівыя тэндэнцыі, як хуткі рост гандлю і абвастрэньне палітычнага напружаньня паміж Беларусь і Захадам, найперш, Эўразьвязам?”

(Класкоўскі: ) “Гэта можа працягвацца даволі доўга. Вы згадвалі пра Літву. З аднаго боку, стасункі Беларусі з гэтай краінай пэрыядычна абвастраюцца. Але, разам з тым, нядаўна літоўскі прэм’ер Бразаўскас прымаў беларускага калегу Сідорскага, хаця гэта не адпавядае лініі Эўразьвязу. Тут дзейнічаюць прагматычныя чыньнікі, у прыватнасьці, пытаньне транзыту беларускіх грузаў праз порт Клайпэда. А гэта вялікі даход для іх бюджэту. Таму, калі будзе выгадная кан’юнктура продажу нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў (два вялікія артыкулы беларускага экспарту), то гэты гандаль будзе ісьці пасьпяхова паралельна з жорсткімі заявамі Эўрапарлямэнту і іншых структураў.

Іншы прыклад. Як бы ні бэсьціў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Ўга Чавэс ЗША, але Вэнэсуэла пасьпяхова гандлюе нафтай з Злучанымі Штатамі. Так і зь беларускім пытаньнем. Пакуль тут існы рэжым забясьпечвае стабільнасьць, ніхто тут ня будзе, насуперак прапагандысцкім байкам, высаджваць дэсант, засылаць баевікоў, тым больш рызыкуючы ўвайсьці ў клінч з Расеяй. Таму заходні чыньнік можа быць значным у беларускай сытуацыі, але толькі тады, калі пачнуцца нейкія прыкметныя тэктанічныя зрухі ў самім беларускім грамадзтве”.

(Шаўцоў: ) “Такая сытуацыя можа працягвацца недзе да наступных выбараў у Расеі. Да 2008 году прымірэньня Беларусі і Эўразьвязу можна не чакаць. У той жа час Беларусь эканамічна блякаваць немагчыма. Таму, хутчэй за ўсё, і далей будуць пашырацца эканамічныя адносіны паміж Беларусьсю і Захадам, найперш, Эўропай. Да 2010 году Эўропа будзе занятая “пераварваньнем” усходнеэўрапейскіх краінаў, якія нядаўна ўступілі ў Эўразьвяз. Таму да 2010 году наўрад ці можна чакаць нейкіх істотных кансалідаваных дзеяньняў Эўразьвязу на ўсходнім кірунку. У Беларусі пэрманэнтны ідэалягічны і каштоўнасны канфлікт з Захадам, але пры гэтым рэальныя адносіны выдатныя”.

(Карбалевіч: ) “Тут пытаньне, што лічыць рэальным. Ідэалёгія, палітыка, каштоўнасьці — гэта таксама рэальнасьць”.

(Шаўцоў: ) “Не існуе істотнай вонкавай пагрозы Беларусі. НАТО пашырыўся і ўзяў на сябе функцыі гарантаваньня бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе. Гэта значыць, мы ёсьць спажыўцамі сыстэмы бясьпекі, якую ўтварае НАТО. Пры гэтым мы не ўкладваем у гэтую сыстэму нічога. Гэта ідэальная сытуацыя для краіны”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, нягледзячы на рост гандлю, дачыненьні паміж Беларусьсю і краінамі Захаду былі яшчэ больш канфліктныя, чым мінулымі гадамі. Галоўнай прычынай гэтага была палітыка беларускіх уладаў і рэакцыя на яе Эўразьвязу і ЗША. Можна лёгка прагназаваць, што прэзыдэнцкія выбары наступным годам толькі абвастраць канфрантацыю”.
XS
SM
MD
LG