Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінаю намагаць


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Часам выразы вабяць нас ня толькі пекнай рыфмаю, дасьціпнасьцю, але й разнастайнасьцю зьместаў, сваёй шматзначнасьцю. Вось, да прыкладу, фразэма мінаю намагаць мае два значэньні.

Па-першае, мінаю намагаць – значыць рабіць выгляд стараннасьці, не шчыруючы насамрэч. Арыгінальнае і, што ня менш важна, актуальнае выслоўе. Так, калі хтось робіць імітацыю бурлівае дзейнасьці, пра гэтага чалавека па-беларуску скажам: “Ён толькі мінаю намагае”. Расейцы ў такіх выпадках любяць згадваць блыху, якая выхвалялася, што разам з канём арала: маўляў, и мы пахали.

Па-другое, мінаю намагаць – гэта яшчэ ўзьдзейнічаць на некага выглядам, выразам твару, паставаю. Карысная якасьць, асабліва для палітыка. Намогся мінаю – і вы перад намі, як пыл пад нагамі. Ах, якая асалода!.. Фёдар Янкоўскі запісаў некалі ў Радашкавічах ілюстрацыю такога ўжываньня: “Зірну – а ён так мінаю намагае! Так намагаў мінаю, што пан глядзеў, глядзеў ды як зарагоча. Ого! Ён умеў, як маладзейшы быў! Любога артыста скасаваў бы, – гэткі штукант!” Так, мінаю намагаць – значыць мець артыстычныя здольнасьці, пэўную нутраную харызму, абаяльнасьць ці яшчэ штось, каб умець, па-расейску кажучы, заговаривать зубы. А ўжываньне тут слова міна надае выразу іранічнае гучаньне.

Такім чынам, мінаю намагаць – гэта рабіць выгляд стараннасьці альбо – яшчэ – уплываць на кагосьці з карысьцю для сябе – такія вось два залатыя правілы шчасьлівае экзыстэнцыі нахабнага чалавека.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG