Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць кадравыя прызначэньні Лукашэнкі


Алесь Дашчынскі, Менск Палітыкі выказваюцца адносна сёньняшніх кадравых прызначэньняў у ідэалягічнай сфэры. Меркаваньні сабраў наш менскі карэспандэнт.

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька заўважае, што звычайна перад выбарамі ці рэфэрэндумам на першыя ролі прызначаліся апантаныя агітатары і прапагандысты. І цяпер гэта зьвязана з прэзыдэнцкай палітычнай кампаніяй:

(Лябедзька: ) “Як быў Рыгоравіч зампалітам, так ён і застаўся. Ён лічыць, што ідэалёгія можа вырашыць усё – замяніць і эканоміку, і палітыку. І гэта прыярытэт нумар адзін для яго”.

Паводле спадара Лябедзькі, на тэлебачаньні мусяць працаваць прафэсіяналы. Аднак мяркуючы па цяперашніх кадравых прызначэньнях:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што шкала іх прафэсіяналізму вызначаецца не журналісцкім талентам, не арганізацыйнымі здольнасьцямі... І толькі такія людзі могуць сёньня адказваць за ідэалёгію, за тэлебачаньне. Так што ўсё заканамерна і лягічна”.

Актывіст партыі БНФ Віктар Івашкевіч зважае на тлумачэньні гэтым перастаноўкам, якія зрабіў сам Аляксандар Лукашэнка. Сыходзячы зь іх, ідэалягічная вайна яшчэ больш узмацніцца, стане больш жорсткай.

(Івашкевіч: ) “Сам Лукашэнка сказаў, што новыя прызначэньні сьведчаць аб інтэнсыфікацыі ідэалягічнай вайны. Значыць яны зроблены для інтэнсыфікацыі ідэалягічнай вайны”.

А тое, што Уладзімер Мацьвяйчук пераведзены на пасаду міністра культуры?

(Івашкевіч: ) “Я думаю, што ўсё гэта з пазыцыі гэтай формулы – ня толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але і калектыўны арганізатар. Усё ставіцца на рэйкі ідэалягічнай вайны. І культура ў тым ліку. Яно і было на рэйкай ідэалягічнай вайны. Але проста яно было на рэйках ідэалягічнай вайны халоднай, а цяпер вайна будзе гарачай”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава зьвязвае перастаноўкі з выбарчай кампаніяй і ўмацаваньнем кадравага рэсурсу. Паводле спадарыні Абрамавай, новыя кіраўнікі тэлеканалаў больш актыўныя.

(Абрамава: ) “Акрамя ўсяго астатняга, калі гаварыць пра таго ж Зімоўскага – як журналіст, я не бяру зьмест яго матэрыялаў, ідэалягічную кампанэнту, як журналіст ён вельмі прафэсійны”.

Сябра палітрады дэмсілаў Аляксандар Бухвостаў лічыць, што Аляксандар Лукашэнка баіцца згубіць сваю ўладу, таму і зроблена такая перастаноўка.

(Бухвостаў: ) “Зараз вылучаецца такая вось тэза, што ўсё тэлебачаньне, уся культура правераным людзям. Ідэалягічныя пытаньні, як і ва ўсіх таталітарных рэжымах, ставяцца на першы плян”.

Гл. таксама • Беларускія тэлеканалы ўзначалілі дасьведчаныя прапагандысты
XS
SM
MD
LG