Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тэлеканалы ўзначалілі дасьведчаныя прапагандысты


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых перастановак у структуры кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ўладзімер Матвяйчук зьмяніў на пасадзе міністра культуры Леаніда Гуляку, былы кіраўнік “Сталічнага тэлебачаньня” Аляксандар Зімоўскі ўзначаліў Нацыянальную тэлерадыёкампанію, а генэральны дырэктар каналу ОНТ Юры Казіятка стаў на чале “Сталічнага тэлебачаньня”.Для вызваленага міністра культуры Гулякі месца працы яшчэ шукаюць.

Прэзыдэнт удакладніў, што гэта толькі пачатак “ракіровак” ва ўладных структурах напярэдадні новай пяцігодкі, якая, паводле Лукашэнкі, стартуе ў першы дзень 2006 году.

Аляксандар Лукашэнка ня толькі падпісаў афіцыйны ўказ аб кадравых прызначэньнях, але і сустрэўся з новымі тэлевізыйнымі кіраўнікамі – Аляксандрам Зімоўскім, Юрыем Казіяткам, а таксама адкамандыраваным у Міністэрства культуры Уладзімерам Матвейчуком.

Старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі лічыць, што палітычнага падтэксту тут шукаць ня варта.

(Зімоўскі: ) “Гэтая сустрэча мела характар своеасаблівага прадстаўленьня. Але прэзыдэнт падкрэсьліў, што гэта ўсё не зьвязана з палітычнымі кампаніямі”.

Сам жа Лукашэнка ўдакладніў, што гэта толькі пачатак маштабных ідэалягічных перамяшчэньняў напярэдадні “новай пяцігодкі”.

(Лукашэнка: ) “Гэтымі прызначэньнямі мы пачынаем цэлую сэрыю прызначэньняў членаў ураду, важнейшых арганізацый, установаў, прадпрыемстваў. Зьдзіўленьня тут ніякага быць не павінна. 1 студзеня пачынаецца ня толькі Новы год, пачынаецца новая пяцігодка. Канечне, я хацеў бы зразумела даць сыгналь народу пра тое, хто будзе рэалізоўваць задачы, якія будуць стаяць у новай пяцігодцы.

Так атрымалася, што мы пачынаем з ідэалёгіі і, напэўна, гэта не выпадкова. Сёньня супраць Беларусі разьвязаная сапраўдная інфармацыйная вайна? і роля ідэалёгіі ў нашай дзяржаве будзе пастаянна падвышацца. Электронныя СМІ былі заўсёды ў эпіцэнтры гэтай усёй барацьбы”.

Былыя супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі камэнтуюць кадравыя ракіроўкі без асаблівага зьдзіўленьня. Так, Ганна Арцюшкевіч перакананая, што кадры на сучасным тэлебачаньні не вырашаюць нічога, апроч ідэалягічных задач.

(Арцюшкевіч: ) “Пры цяперашнім рэжыме там нічога немагчыма зрабіць. У гэтых варунках там ніколі не прызначаць чалавека кшталту Скварцова, які, дзеля справядлівасьці, спрабаваў нешта зрабіць (праўда, сумняюся, што яму зрабіць штосьці ўдалося б). Таму ніколі ў гэтых умовах ня будзе дадзеная магчымасьць зрабіць новае тэлебачаньне. Цяперашні рэжым задавальняе такое тэлебачаньне. Якія б людзі там не зьмяняліся”.

У мінулым журналіст студыі “Палітыка” Леанід Міндлін гэтаксама перакананы, што напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі Аляксандар Лукашэнка хоча максымальна ўзмацніць прапагандысцкі ўхіл тэлебачаньня.

(Міндлін: ) “Вядома, гэта больш прафэсійныя людзі, чым спадар Матвяйчук. Яны ня першы год маюць дачыненьне да журналістыкі, у прыватнасьці, да тэлебачаньня. Ёсьць прапагандысцкі досьвед, што было першачарговым пры іх прызначэньні. Ну, і безумоўна, ёсьць інфармацыйны вопыт. Таму будзе ўзмацняцца гэты прапагандысцкі складнік. Вось тут і запатрабаваліся людзі, якія, па-першае, зарэкамэндавалі сябе, добра адпрацавалі на Першым канале; па-другое, маюць досьвед кіраўніцтва і, як я ўжо казаў, досьвед прапагандысцкай дзейнасьці”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка асабіста акрэсьліў задачы для новых кіраўнікоў каналаў. Так, Казіятку даручана вывесьці СТВ “на новыя вышыні”, а Зімоўскаму загадана ўзьняць Першы канал “да ўзроўню сучасных усясьветных каналаў”. Матвейчуку даручана зрабіць пераўтварэньні ў структуры Міністэрства культуры, ажно да магчымасьці спалучэньня функцый Міністэрства інфармацыі. Пакуль бяз працы застаўся толькі Леанід Гуляка. Аднак Лукашэнка паабяцаў працаўладкаваць Гуляку на тую пасаду, дзе ён здолее “раскрыцца” больш, чым у Міністэрстве культуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG