Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У штабах прэтэндэнтаў заканчваецца фармаваньне ініцыятыўных групаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Да заўтрашняга дня сьпісы павінны быць перададзеныя ў Цэнтральную выбарчую камісію. Але пакуль ініцыятыўныя групы сфармавалі ня ўсе патэнцыйныя кандыдаты.

Штабы амаль усіх прэтэндэнтаў, акрамя Зянона Пазьняка і Сяргея Гайдукевіча, пакуль яшчэ канчаткова не сфармавалі сьпісаў ініцыятыўных групаў. Гаворыць кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Мы не сьпяшаемся, бо ёсьць яшчэ час, і мы працуем у стандартным рэжыме. І заўтра мы здадзім сьпісы групы. Думаю, у ёй будзе шмат людзей — некалькі тысяч. А тыя, хто нас падтрымлівае, некалькі сотняў грамадзянаў будуць вылучаныя ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі”.

У выбарчым штабе Аляксандра Казуліна сьпіс ініцыятыўнай групы таксама сфармаваны яшчэ ня цалкам. Гаворыць кіраўнік штабу Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Мы ідзем ужо на трэцюю тысячу сябраў ініцыятыўных групаў. Гэта сябры партыі, Клюб выбаршчыкаў, рух “За новую Беларусь”, і многа іншых людзей. Ідзем, як належыць. Трэба шмат апрацовак рабіць. Будзем падаваць прапановы, каб нашых людзей уключылі ў кожную тэрытарыяльную выбарчую камісію — шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў”.

Яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, Валер Фралоў, пакуль нават ня ведае, колькі чалавек увойдзе ў яго ініцыятыўную групу:

(Фралоў: ) “Яшчэ наперадзе цэлыя суткі. Заўсёды ў нас, паводле расейскай традыцыі, усё вырашаецца ў апошнюю хвіліну. Колькі чалавек будзе ў ініцыятыўнай групе, я магу сказаць бліжэй да вечара. Задача пастаўленая — сабраць групу”.

І толькі штаб Зянона Пазьняка яшчэ ўчора перадаў сьпіс ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію. Гаворыць сябра штабу Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Мы падалі сьпіс прыблізна на дзьве з паловай тысячы чалавек. Мы палічылі, што гэта дастаткова, таму падалі ўжо цяпер. Гэта абсалютна розныя людзі. Ядро — гэта сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. А таксама вялікая колькасьць людзей тых, хто выказаў жаданьне ўвайсьці і працаваць у ініцыятыўнай групе”.
XS
SM
MD
LG