Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі 2005 году: сьвет у абладзе SMS-паведамленьняў


Юрась Бушлякоў, Прага і Ігар Карней, Менск SMS-ліставаньне стала асноўным сродкам камунікацыі для многіх людзей у сьвеце. І колькасьць такіх людзей імкліва расьце: у бальшыні краінаў перадаваньне SMS-паведамленьняў таньнейшае, чым тэлефонны званок. У Беларусі ў 2005-м колькасьць карыстальнікаў мабільнай сувязі, якія лістуюцца праз SMS-паведамленьні, вырасла амаль удвая.

Зьявіўшыся ў 1990-я, менш як за дзесяцігодзьдзе SMS-ліставаньне стала неадымнай часткаю жыцьця людзей ува ўсіх рэгіёнах сьвету. Абрэвіятура SMS расшыфроўваецца як Short Messagе Serviсе, то бо служба кароткіх паведамленьняў. Тэхналёгія гэтай службы простая й танная, у выніку чаго й адбылося такое шпаркае пашырэньне SMS-ліставаньня. Перш за ўсё для моладзі кароткія паведамленьні даўжынёю да 160 знакаў аказаліся ідэальным спосабам кантактаваньня. Патрэба ўкласьціся ў невялікі тэкставы аб’ём спарадзіла SMS-мову, поўную абрэвіятур, скарачэньняў і рознага роду спрашчэньняў.

Пры дапамозе SMS-паведамленьняў у сучасным сьвеце сустракаюцца й расстаюцца, мірацца й сварацца, шукаюць працу й ад яе адмаўляюцца.

Суразмоўца нашага радыё, псыхоляг Фрэйзэр Рэйд працуе ва ўнівэрсытэце брытанскага Плімуту. Рэйд правёў дасьледаваньне сацыяльных і псыхалягічных наступстваў SMS-ліставаньня. Ён робіць выснову, што SMS-тэхналёгія пазытыўна ўплывае на сучасныя грамадзтвы.

(Рэйд: ) “Калі ты маеш у кішэні ці ў сумцы мабільны тэлефон, ты ўвесь час даступны для іншых людзей, а яны ўвесь час даступныя для цябе. І гэтая заўсёдная даступнасьць істотна зьмяняе характар грамадзтва. І па малым часе ўжо ясна, што такая сытуацыя дабратворна ўплывае на тое, як людзі кантактуюць паміж сабою”.

У Беларусі колькасьць карыстальнікаў мабільнай сувязі, якія лістуюцца праз SMS-паведамленьні, на працягу апошняга году вырасла амаль удвая. У кампаніі “МТС”, якая днямі заявіла пра свайго двухмільённага абанэнта, кажуць, што больш за 90 працэнтаў кліентаў – актыўныя карыстальнікі SMS-пошты. Прадстаўнік “МТС” Вадзім Івановіч:

(Івановіч: ) “Тэмпы падключэньня растуць з зайздроснай рэгулярнасьцю і нязьменнасьцю. У асяродку моладзі нават узьнік ужо спэцыфічны жанр – асаблівы SMS-слэнг, вельмі цікавая знакавая сыстэма. Гэта ўжо тэма для філёлягаў. Так што, улічваючы схільнасьць чалавека з нашым роўнем адукацыі да стварэньня пісьмовых тэкстаў, можна казаць пра вельмі добрыя пэрспэктывы SMS-паслуг. Гэта прытым, што ў Беларусі склалася ўнікальныя сытуацыя – эсэсмэска каштуе даражэй за тэлефанаваньне. Але, тым ня меней, гэта ніяк не зьніжае папулярнасьці SMS-паслуг. Апроч таго, у той часткі, якая карыстаецца нашым тарыфным плянам “Джынс”, SMS – гіпэрпапулярная паслуга. Там кошт хвіліны размовы крыху вышэйшы, а значыць, пачынае дзейнічаць агульны закон для ўсіх рынкаў, калі SMS-паведамленьне больш выгаднае за тэлефанаваньне”.

Цікава, што й на рынку SMS-паслуг кампаніі актыўна канкуруюць. Сяргей Паблагуеў, першы намесьнік генэральнага дырэктара дзяржаўнай кампаніі “БеСТ”, якая 20 сьнежня абвясьціла пра пачатак камэрцыйнай дзейнасьці, гаворыць аб прыярытэце SMS-паслуг.

(Паблагуеў: ) “Сёньня ўсё большую ўвагу зьвяртае на сябе даступнасьць паслуг SMS. Таму, калі параўноўваць на беларускім рынку, у нас самы нізкі ровень кошту паслуг SMS”.

SMS-паведамленьне любога памеру ў дзяржаўнага апэратара мабільнай сувязі – кампаніі “БеСТ” – каштуе 100 рублёў, тады як у канкурэнтаў – удвая даражэй.

Рэкардсмэнамі паводле колькасьці адпраўленых SMS-паведамленьняў апошнімі гадамі сталі кітайцы. У Кітаі зьявіўся нават першы SMS-раман.

А 2 ліпеня 2005-га быў устаноўлены ўсясьветны рэкорд паводле колькасьці SMS-паведамленьняў у падтрымку адной акцыі. Звыш 26 мільёнаў людзей даслалі свае эсэмэсы ў падтрымку кампаніі “Live 8” – дабрачыннай канцэртнай акцыі за сьпісаньне даўгоў найбяднейшых краінаў сьвету. SMS-тэхналёгія прычынілася да найбольш масавага палітычнага закліку да дзеяньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG