Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмны доктар: М.Аўтуховіч галадуе, але ўжывае гарбату, кісель і глюкозу


Алег Грузьдзіловіч, Менск “Здавальняючым” назваў стан здароўя прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча адзін з дактароў менскага турэмнага шпіталю, дзе знаходзіцца цяпер прадпрымальнік, які 69-ты дзень галадуе на знак пратэсту супраць затрыманьня.

Паводле зьвестак ад сяброў Мікалая Аўтуховіча, ён вельмі слабы і выглядае кепска. Гэтак казаў сябрам галадоўніка праваслаўны сьвятар айцец Сяргей, які наведваў Аўтуховіча ў менскім турэмным шпіталі 21 сьнежня. А што кажуць пра стан здароўя вязьня дактары са шпіталю?

Дагэтуль не ўдаецца датэлефанавацца да галоўнага лекара турэмнай бальніцы Міхаіла Тушынскага, які мае найбольш поўную інфармацыю пра стан Аўтуховіча. Тэлефон спадара Тушынскага сёньня не адказваў. І тады я паехаў проста ў турэмны шпіталь, дзе раз на тыдзень дактары прымаюць сваякоў вязьняў, якія цікавяцца іх здароўем.

Мне ўдалося атрымаць адказы на пытаньні адносна Мікалая Аўтуховіча, але на ўмовах ананімнасьці. “Нам забаронена раздаваць інтэрвію”, — патлумачыў лекар. Паводле гэтага чалавека, Мікалай Аўтуховіч адчувае сябе “здавальняюча”. “Мне даводзілася бачыць галадоўнікаў, і скажу, што стан здароўя гэтага чалавека, улічваючы 60 дзён галадоўкі, яшчэ вельмі нядрэнны”, — сказаў доктар. Паводле ягоных зьвестак, Аўтуховіч працягвае адмаўляцца ад ежы, але падмацоўваецца гарбатай, кісялём ды прымае глюкозу.

Ці глядзяць яго дактары, і ўвогуле, ці абавязаныя лекары турэмнага шпіталю даглядаць галадоўніка больш уважліва і аказваць яму нейкую асаблівую дапамогу, спытаўся я ў суразмоўцы. Доктар адказаў, што за Аўтуховічам вядзецца звычайны нагляд як за хворым, які ляжыць у шпіталі. “Гэта абавязак дактароў — аказваць усім хворым патрэбную дапамогу”, — адказаў доктар. Больш падрабязна распавядаць пра тое, як даглядаюць непасрэдна Мікалая Аўтуховіча, ён адмовіўся. “Пішыце афіцыйны запыт”, — сказаў мэдык. На маю заўвагу, што можна не пасьпець з адказам, ён адрэагаваў аптымістычна: “А, сілаў у яго яшчэ хопіць! Мне падаецца, ён ня цалкам галадаваў, пад’ядаў”.

Бацька Мікалая Аўтуховіча, якому я пазваніў у Ваўкавыск, абурыўся на гэта меркаваньне доктара. Мікалай Аўтуховіч-старэйшы не выключае, што ягоны сын ад працяглай галадоўкі апух, таму і можа падацца, што ён выглядае нядрэнна. Паводле бацькі Мікалая Аўтуховіча, днямі ягоныя знаёмыя сустракаліся з доктарам шпіталю і перадалі несуцяшальныя зьвесткі.

(Аўтуховіч-старэйшы: ) “Перадалі іншую інфармацыю. Быццам доктар сказаў, што яшчэ дзён дзесяць працягне, і ўсё. Вось так мне сказалі. Быў там ў Менску адзін таварыш”.

Мікалай Аўтуховіч-старэйшы цяпер спрабуе дамагчыся спатканьня з сынам. Ня выключана, што яму дазволяць спатканьне ў наступны панядзелак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG