Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўскім аўтазаводзе парушаюць правы незалежных прафсаюзаў


Радыё Свабода, Магілёў Прадстаўнікі адміністрацыі Магілёўскага аўтазаводу ўзмацнілі перасьлед актывістаў філіі незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Яны патрабуюць, каб рабочыя перайшлі ў дзяржаўны прафсаюз.

Як сьцьвярджаюць прафсаюзныя актывісты, іх выклікалі да начальнікаў цэхаў і распавядалі пра перавагі, якія яны атрымаюць пры ўступленьні ў дзяржаўны прафсаюз. Намесьнік дырэктара прадпрыемства па ідэалёгіі спадар Суханаў падрыхтаваў ліст, паводле якога прадстаўнікі адміністрацыі мусяць “правесьці тлумачальную працу дзеля прыцягваньня працаўнікоў у заводзкі прафсаюз”. Да ліста прыкладзены сьпіс працаўнікоў, куды патрапілі некалькі дзясяткаў сяброў незалежнага прафсаюзу.

Першапачаткова рабочым казалі пра перавагі, а потым сталі наўпрост сталі запалохваць: нібыта іх не перавядуць на працу ў Беларускі аўтамабільны завод, якому падпарадкоўваецца магілёўскі аўтазавод. Вось як патлумачыў гэтую сытуацыю адзін з кіраўнікоў магілёўскага аддзяленьня прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў:

(Каралёў ) “Справа ў тым, што яны наўпрост спрабуюць казаць праўду ў вочы кіраўніцтву прадпрыемства і хочуць дабіцца таго, каб у іх была праца, і ім адпаведна плацілі нармальны заробак. Таму кіраўніцтва прадпрыемства ня любіць гэтых людзей”.

Рабочыя не зламаліся і звычайна адказвалі, што незалежны прафсаюз лепш бароніць іхныя правы, чым залежны ад наймальніка дзяржаўны. Спадар Суханаў выклікаў да сябе старшыню заводзкай філіі прафсаюзу РЭП Аляксандра Карыткіна, які ахарактарызаваў дзеяньні адміністрацыі як уціск правоў рабочых.

Прынамсі, 74 рабочыя падпісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі і інфармуюць яго пра сытуацыю на прадпрыемстве. Неўзабаве на заводзе будзе працаваць адпаведная камісія з прадстаўнікоў вэртыкалі, прафсаюзаў і адміністрацыі.

Як ужо паведамляла Радыё Свабода, на Магілёўскім заводзе штучнага валакна ад рабочых таксама патрабавалі напісаць заявы пра выхад зь незалежнага прафсаюзу. Тым часам прафсаюзныя лідэры выказваюць пратэст супраць парушэньняў правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Нагадаю, што сустаршыня прафсаюзу РЭП Аляксандар Бухвостаў накіраваў дырэктару заводу Анатолю Якабчуку ліст, дзе папярэдзіў яго аб адказнасьці за парушэньне Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы “Аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права на арганізацыю” і нагадаў, што факты парушэньняў паведамяць камісіі МАП, якае будзе ў Беларусі ў студзені 2006 году.
XS
SM
MD
LG