Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледваньне "Свабоды": Хто ён, беларускі багацей?


Дасьледаваньне Сьвятланы Курс Што трэба чалавеку, каб стаць багатым у Беларусі? Ці дзейнічаюць у Беларусі мэханізмы посьпеху, якія працуюць у іншых краінах? Хто багацее ў дзяржаве, якая абвясьціла сябе “сацыяльна арыентаванай”?

Аліна зарабіла першапачатковы капітал вязаньнем. Потым гандлявала касмэтыкай “Эйвон” і ўклала грошы ў перавоз мыйных сродкаў з Польшчы ў Маскву. Грузавік з парашкамі перакуліўся, і жанчына страціла ўсё заробленае. Цяпер Аліна прадае каштоўнасьці і мае дзьве тысячы даляраў на месяц.

(Аліна: ) “Я страціла ўсё і ў матэрыяльным, і ў маральным пляне. Ды трэба не дапамогі прасіць, трэба дзейнічаць. На хлеб зарабляюць рукамі, на масла – галавой, а каб зарабіць на ікру, трэба прыдумаць штосьці яшчэ”.

У Беларусі ёсьць паважлівае стаўленьне да дабрабыту, уласнасьці й грошай, хаця цэлыя пакаленьні выхоўваліся ў сыстэме, якая старалася абмежаваць спажывецкія памкненьні. Менскія мінакі гавораць пра багацьце і багатых:

(Мужчына: ) “На маю думку, багатымі могуць быць толькі бізнэсмэны і банкіры. Я – тэхнік, сваім заробкам задаволены”.

(Дзяўчына: ) “Багатай можна стаць, знайшоўшы сабе забясьпечанага мужа”.

(Хлапец: ) “Я ня ведаю ніводнага чалавека, які ня марыў бы стаць багатым. Я павінен ехаць падымаць вёску як выпускнік аграрнага ўнівэрсытэту, але я і там зраблю кар’еру”.

(Дзяўчына: ) “І ў наш час можна разбагацець сумленным шляхам. Я ведаю, што чэмпіёны сьвету зарабляюць па тры тысячы эўра ў месяц, акрамя прэміяў. І кватэру ім дзяржава дае. Мой знаёмы масажыст за дзень зарабляе ад 300 да 700 даляраў. Касмэтычка за адзін пілінг-сэанс бярэ 200 – 250 даляраў. Мая знаёмая цырульніца стрыжэ чыноўнікаў і банкіраў. Такса – ад 50 даляраў і да ўпору. Яны маюць кватэры, катэджы, жывуць так, як хочуць. Я мару заняцца турбізнэсам. Я веру, што ў мяне будзе сваё турагенцтва і я таксама змагу зарабляць”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж дзяржава пагаршае дзелавы клімат у сфэры турызму, дый увогуле бізнэсу. Як з гэтым?”

(Дзяўчына: ) “Выкруціцца можна заўжды. Мая суседка скардзіцца, што цяжка бізнэсу, але яна й цяпер мае па 700 – 1000 даляраў за месяц, гандлюючы бакалеяй. Хто працуе з рэальным бізнэсам, той будзе мець дастатак”.

Соцыяпсыхоляг Павел Урбановіч сьцьвярджае, што зь беларускай сьвядомасьці сыходзіць камуністычнае стаўленьне да грошай.

(Урбановіч: ) “Калі шмат грошай у каго, значыць, яны заробленыя нячэсным шляхам”. Гэта насамрэч ня так, бо можна нармальна зарабляць. Але ўстаноўка “Я сумленны, то й грошай мае быць мала” працуе надзейна. Адносіны з грашыма – псыхалягічная праблема. Пры кожным рэжыме, у кожнай сыстэме заўжды ёсьць людзі, у якіх грошай шмат, бо яны ўмеюць іх зарабляць”.

Эканаміст Міхал Залескі кажа, што беларусы засвойваюць каштоўнасьці сярэдняй клясы – іх вабіць адпачынак за мяжою, паходы ў рэстарацыю.

(Залескі:) “У нас насельніцтва б’ецца на 3 – 4 групы. 0,7 % насельніцтва зарабляе столькі, колькі сярэдняя кляса ў Заходняй Эўропе, каля 9 % – колькі сярэдняя кляса ва Ўсходняй Эўропе, але й астатнія 90 % таксама могуць паехаць, каб адзначыць штосьці істотнае ў жыцьці. Я працую на факультэце міжнародных адносінаў, і студэнты, якія займаюцца на аддзяленьні міжнароднага турызму, кажуць: небагатыя зьбіраюць грошы і па некалькі год, каб паехаць, скажам, у Парыж ці Прагу”.

Існуе залежнасьць паміж хуткасьцю вытворчасьці матэрыяльных дабротаў, эканамічнай свабодай і багацьцем. Чым больш чалавек працуе, каб набыць асноўны набор прадуктаў для выжываньня, чым меней застаецца на адпачынак і духовыя патрэбы – тым горш ён жыве. Пры быццам бы сярэднім заробку 240 даляраў беларусы зарабляюць гадзінамі на тое, на што за лічаныя хвіліны заробіць чэскі ці польскі працаўнік. Аліна лічыць гэта перажыткам мінулага.

(Аліна:) “Калі ўсё правільна наладжана, так шмат працаваць больш ня трэба. Не выбудаваны распарадак дня для бедных. У іх няма часу для працы й адпачынку. Паколькі праца іх дастае малааплатная, яны сярод тыдня сабе выходны робяць, а на выходных разумеюць, што трэба было б неяк і папрацаваць”.

Эканамістка Марыя Рубан кажа:

(Рубан:) “У Беларусі шмат заможных людзей. Але асаблівасьцю нашай краіны зьяўляецца тое, што людзі зарабляюць нелегальна. Ды што казаць – у нас кожны мае таемны заробак у абыход закону, таму багатыя людзі стараюцца хаваць сваю заможнасьць. Ня так, як славуты Карэйка, але ж фэномэн той жа самы. Таму гісторыя асабістага посьпеху ў нашай краіне – гэта гісторыя ляяльнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG