Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк падаў заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы


Алесь Дашчынскі, Менск Цэнтравыбаркам атрымаў па пошце заяву ад лідэра КХП/БНФ Зянона Пазьняка з просьбай зарэгістраваць ягоную ініцыятыўную групу і склад ініцыятыўнай групы на 2405 чалавек. Кіраўніком ініцыятыўнай групы названы Сяргей Папкоў. Зянон Пазьняк першы з прэтэндэнтаў падаў заяву ў ЦВК.

Сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік паведаміў, што дакумэнты Зянона Пазьняка прынятыя для разгляду — хаця крыху бянтэжыць тое, што ні прэтэндэнт, ні кіраўнік ініцыятыўнай групы асабіста не зьявіліся ў камісію. Падчас гутаркі можна было б удакладніць шэраг пытаньняў, кажа спадар Лазавік. Сакратара ЦВК цікавіць месца жыхарства прэтэндэнта цягам апошніх гадоў, але гэтае пытаньне будзе ўдакладняцца непасрэдна падчас падрыхтоўкі да паседжаньня камісіі. Ці мае Зянон Пазьняк шанцы быць зарэгістраваны як кандыдат?

(Лазавік: ) “Напэўна, шанцаў у яго менш, чым было на мінулых выбарах. Таму што літаральна ва ўсіх узьнікае пытаньне, ці можа ён быць зарэгістраваны — у сувязі з тым, што ўзьнікаюць сумневы, што кандыдатура Зянона Станіслававіча цалкам адпавядае патрабаваньням артыкулу 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Але гэтае пытаньне мы будзем дадаткова вывучаць”.

Нагадаем, паводле згаданага артыкулу Канстытуцыі, прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Беларусі ня менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Мікалай Лазавік падкрэсьліў, што кожнае патрабаваньне гэтага артыкулу камісія будзе правяраць.

(Лазавік: ) “Усе апошнія дзесяць гадоў ён мусіць бязвыязна пражываць у Беларусі. Будзем вывучаць, я ж адзін не вырашаю такое пытаньне. Гэта ж ня проста прыватнае пытаньне, якое тычыцца Зянона Пазьняка. Гэта агульнадзяржаўнае пытаньне. Хаця тут нехта і гаворыць, што адназначнае рашэньне можа быць прынята. Я не лічу, што тут усё адназначна. Трэба разглядаць яшчэ і вывучаць”.

Прапанаваны на пасаду кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргей Папкоў адкідае ўсялякія сумневы адносна рэгістрацыі Зянона Пазьняка кандыдатам на прэзыдэнта:

(Папкоў: ) “Зянон Станіслававіч — грамадзянін Рэспублікі Беларусі. Якія тут могуць быць сумневы, калі ёсьць пастанова Канстытуцыйнага суду, дзе пазначана, што ён мае права балятавацца. Пастанова Канстытуцыйнага суду выдадзена ў 2001 годзе. Яна не адменена, яна законная. А ад рэжыму можна ўсяго чакаць. Пазбавіць Зянона Станіслававіча права балятавацца — гэта значыць, пазбавіць яго права грамадзяніна Рэспублікі Беларусі. А Лазавік такога права ня мае”.

Сяргей Папкоў лічыць, што калі спадара Пазьняка пазбавяць права балятавацца, гэта будзе палітычнае рашэньне.
XS
SM
MD
LG