Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: "Супраць Мілінкевіча – інфармацыйная блякада"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса піша сёньня пра перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі і пра магчымасьць байкоту апазыцыяй прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку наступнага году, а таксама пра працяг антыпольскай кампаніі ў беларускіх дзяржаўных мэдыях.

“Ці будзе беларуская апазыцыя байкатаваць выбары?” – артыкул з такім загалоўкам зьмяшчае “Gazeta Wyborcza”. Польскі штодзёньнік піша, што акрамя абвяшчэньня выбараў у сакавіку, дэмакратычныя сілы могуць чакаць на іншыя “неспадзяванкі” з боку ўладаў, сярод якіх найгоршая – адмова ў рэгістрацыі адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча.

“Спадар Мілінкевіч ужо казаў, што ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі будзе разгледжаны варыянт байкоту. Але ўжо цяпер яму будзе значна складаней весьці перадвыбарчую кампанію – застался вельмі мала часу на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для збору подпісаў, а подпісаў трэба будзе назьбіраць значна больш за патрэбныя 100 тысячаў, бо ўлады напэўна частку зь іх прызнаюць несапраўднымі”, - піша “Wyborcza”.

Газэта адзначае, што Аляксандра Мілінкевіча ўсё яшчэ мала ведаюць у Беларусі, бо рэжым выкарыстоўвае супраць яго палітыку “інфармацынай блякады”, таму адзіны выхад – езьдзіць па краіне, што і робіць адзіны кандыдат.

Паводле польскага штодзёньніка, падтрымка спадара Мілінкевіча ўзрасла да 10%, але гэта ўсё адно ў некалькі разоў меней, чым падтрымка для Лукашэнкі.

“Акрамя таго, што засталося мала часу на выбарчую кампанію і ўзімку цяжэй будзе зьбіраць подпісы, рашэньні рэжыму зробяць больш складанай правядзеньне ў Беларусі і так малапраўдападобнай рэвалюцыі пасьля выбараў – 26 сакавіка ва Ўкраіне адбудуцца надзвычай важныя парлямэнцкія выбары, так што ўвага мэдыяў і паліыткаў будзе накіравная хутчэй на Кіеў, чым на Менск.

Частка аналітыкаў даўно кажа, што сілы бясьпекі перайшлі б на бок рэвалюцыі, калі б у цэнтры Менску сабраліся 200 ці нават 100 тысячаў дэманстрантаў. Апошнім часам, аднак, на менскія вуліцы выходзілі толькі каля 2 тысяч чалавек”, - піша “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік расказвае таксама пра тое, што ў 90-х гадах беларуская прапаганда пужала беларусаў палітычнымі паталёгіямі, тэрарызмам і несумленнай прыватызацыяй у Расеі, а цяпер пасьля падтрымкі Варшавай аранжавай рэвалюцыі і канфлікту вакол Саюзу палякаў, “пудзілам” Лукашэнкі стала Польшча.

Іншыя польскія мэдыі падаюць таксама інфармацыю пра чарговы выклік на допыт прадстаўнікоў непрызнаванга ўладамі кіраўніцтва СПБ Анжалікі Борыс і Андрэя Пісальніка.
XS
SM
MD
LG