Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

70 мільярдаў эўра для Польшчы ад ЭЗ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшав Суседка Беларусі – Польшча атрымае зь бюджэту Эўрапейскага Зьвязу ў 2007-2013 гадах “чыстымі” каля 70 мільярдаў эўра. Гэта значыць, што кожны год польская эканоміка, навука, адукацыя будуць мець дадатковыя 10 мільярдаў эўра.

Спрэчкі аб тым, як павінен выглядаць першы доўгатэрміновы бюджэт Эўрапейскага Зьвязу пасьля пашырэньня гэтай арганізацыі, цягнуліся каля двух гадоў. 10 краінаў, што далучыліся да Эўразьвязу 1 траўня 2004 году – у тым ліку і Польшча - дамагаліся дапамогі з агульнаэўрапейскага бюджэту для тых сфэраў, якія яшчэ не адпавядаюць стандартам, прынятым, прыкладам, у Бэльгіі ці Аўстрыі.

Захаваньня высокіх датацыяў для сваіх фэрмэраў патрабавала Францыя, у той час, як Нямеччына і Вялікабрытанія – краіны, якія плацяць найвялікшыя складкі ў бюджэт аб’яднанай Эўропы, намагаліся іх зьменшыць.

У выніку ў часе саміту Эўразьвязу ў Брусэлі на мінулым тыдні было вырашана, што Польшча ў пэрыяд ад 2007 да 2013 году атрымае зь бюджэту Эўрапейскага зьвязу амаль 60 мільярдаў перадусім на разьвіцьцё інфраструктуры – будаўніцтва дарог, лётнішчаў, інвэстыцыі ў найбольш бедныя рэгіёны краіны.

Да гэтага трэба дадаць 27 мільярдаў эўра прамых даплатаў, якія атрымаюць цягам 6 гадоў польскія фэрмэры і каля пяці мільярдаў дапамогі ў межах гэтак званай “Лісабонскай стратэгіі”, гэта значыць, на разьвіцьцё навуковых дасьледаваньняў.

Агулам, паводле міністра ў справах Эўропы Яраслава Петраса, у пэрыяд ад 2007 да 2013 году Польшча мае магчымасьць атрымць ад Эўразьвязу 91 мільярд эўра, у той час, як ўнёсак Варшавы ў агульнаэўрапейскі бюджэт у гэтым часе складзе каля 21 мільярда.

Такім чынам, штогод Польчша мае магчымасьць атрымліваць 10 мільярдаў эўра “чыстмі” з эўрапейскага бюджэту. “Мае магчымасьць”, таму што для таго, каб выкарыстаць пэўную частку гэтых грошай, краіна павінна быць адпаведна падрыхтаваная – мець неабходныя разьлікі і бізнэс-пляны.

У гэтай справе новыя краіны-сябры Эўразьвязу маюць ўсё больш досьведу, а, значыць, узрастае шанец на тое, што бюджэтныя сродкі будуць выкарыстаныя цалкам – а гэта вялікі шанец на гвалтоўнае паскарэньне эканамічнага разьвіцьця былых краінаў усходняга блёку.
XS
SM
MD
LG