Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы Беласточчыны возьмуць удзел у мясцовых выбарах


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

“Беларускі камітэт” – такі загаловак мае артыкул на першай паласе “Нівы”, у якім расказваецца пра намер беларсаў Беласточчыны ўзяць удзел у мясцовых выбарах у наступным годзе ад імя Беларускага народна-выбарчага камітэту, які ў часе мінулых выбараў тры гады таму правёў у павятовую, гарадзкую і вясковыя гмінныя рады на Гайнаўшчыне каля 40 сваіх кандыдатаў. Адзін зь лідэраў гэтай арганізацы, дэпутата гайнаўскай рады Міхась Андрасюк кажа, што ў радах заўсёды, ад 1990 году, былі дэпутаты ад Беларускага камітэту і напэўна будуць у наступным годзе, хаця камітэт і не выключае размоваў аб кааліцыі зь іншымі палітычнымі сіламі, што прадстаўленыя на Гайнаўшчыне.

У гутарцы закранаецца таксама пытаньне выкананьня новага закону “Аб нацыянальных меншасьцях”, у прыватнасьці гарантаванага ў ім права прадстаўнікам меншасьцяў выкарыстоўваць у дзяржаўных установах і на шыльдах з назвамі мясцовасьцяў і вуліцаў сваю мову. Міхась Андрасюк кажа:

“У практыцы гэты закон на Гайнаўшчыне не выконваецца. Мы сочым за водгукамі ў грамадзтве і бачым, што ёсьць шмат непрыхільных выказваньняў наконт увядзеньня двухмоўя. Трэба пераканаць тых, хто да двухмоўя на Гайнаўшчыне ставіцца адмоўна, што двухмоўныя назвы мяцовасьцяў ніякім чынам не пагражаюць інтарэсам польскай дзяржавы і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці. Якраз наадварот, гэтая прапанова можа быць козырам, калі пэрспэктывы Гайнаўшчыны бачым ў турызьме альбо агратурызьме. Тут нельга нічога рабіць шляхам указаў, але ўводзіць новае праз узаемную адукацыю”, - сказаў “Ніве” беларускі дзеяч і пісьменьнік з Гайнаўкі Міхась Андрасюк.

Тэме выбараў, але парлямэнцкіх, і ўдзелу ў іх беларусаў Беласточчыны часткова прысьвечаны таксама артыкул галоўнага рэдактара “Нівы” Яўгена Вапы, які піша пра тое, што з-за безпадстаўных паводле спадара Вапы абвінавачаньняў на адрас чальцоў праграмнай рады “Нівы”, якая выдае тыднёвік, Беларускі выбарчы камітэт ня змог сёлета узяць удзелу ў выбарах у Сэйм.

“Адзіным паратункам у такой сытуацыі ёсьць беларуская згуртаванасьць і чалавечая годнасьць. Згуртаванасьць вакол простых, элемэнтарных каштоўнасьцяў, справаў: пасылаць дзцей ў беларускія школы, купляць і чытаць беларускую прэсу, на выбарах падтрымліваць Беларускі выбарчы камітэт, не маўчаць, калі малітвы да Усявышняга гучаць не на роднай мове”, - напісаў у сёньняшняй “Нівы” Яўген Вапа.
XS
SM
MD
LG