Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 гадоў споўнілася Беларускай акадэміі мастацтваў


Галіна Абакунчык, Менск 60 гадоў таму, у сьнежні 1945 году, ў Менску адкрыўся Беларускі тэатральны інстытут. У 1953 годзе яго перайменавалі ў тэатральна-мастацкі інстытут, а ў 1991 годзе – у Беларускую акадэмію мастацтваў.

Карэспандэнтка:) “Акадэміі мастацтваў спаўняецца 60 гадоў. Што б вы назвалі візытоўкай вашай установы?”

(Студэнт: ) “Студэнцкі тэатар. Ён быў заснаваны ў 1945 годзе і да гэтага часу існуе. Пэўна, гэта й ёсьць візытоўка”.

(Студэнтка:) “Пэўна, самая атмасфэра акадэміі. Нават калі туды заходзіш, то адчуваеш, што гэта нібыта твой родны дом”.

(Студэнт:) “Свабодная атмасфэра, тое, што не прыціскае, як у іншых ВНУ”.

(Студэнтка:) “У Акадэміі мастацтваў – гэта нашыя выкладчыкі: яны не такія, як у іншых установах”.

(Студэнт:) “Пэўна, сам будынак Акадэміі, галоўны корпус”.

(Студэнтка: ) “Мне здаецца, што візытоўкай нашай Акадэміі ёсьць вахцёры. Зь іх вясёлых твараў усё пачынаецца й яны нас натхняюць на творчасьць”.

(Студэнтка: ) “Візытоўка Акадэміі? Ну, пэўна, нейкія застарэлыя нормы, цэнзура: ніякага руху наперад”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто для вас ёсьць прыкладам для перайманьня ў творчасьці й будучай прафэсіі?”

(Студэнтка: ) “Вольга Фёдараўна Нячай – гэта наш куратар”.

(Студэнт: ) “Узораў вельмі шмат, я не магу некага называць. У кожнага ёсьць свае аўтарытэты. Для мяне я найперш сам для сябе аўтарытэт”.

(Студэнтка: ) “Увогуле ёсьць шмат знакамітых людзей у нашай краіне, у Менску, якія сапраўды заслугоўваюць павагі. Вельмі выдатны чалавек Красінскі”.

(Студэнт: ) “Хутчэй гэта заходнія калегі. Амэрыканская школа таксама тая індустрыя, якая мусіць быць прыкладам для нас. Трэба імкнуцца да лепшага, чым тое, што ў нас ёсьць”.

(Студэнтка: ) “Мне здаецца, што гэта Катавіцкі Віталь Уладзіміравіч – адзін з нашых пэдагогаў. На яго прыкладзе, я думаю, мы будзем працаваць у будучыні”.

(Юнак: ) “Ёсьць такія куміры, такія людзі, але, на жаль, яны ўсё больш з боку Захаду”.

(Юначка: ) “Да прыкладу, Эўраньюс”.

(Студэнт: ) “Арыентуюся на маіх куміраў заходніх. У кіно такіх рэжысэраў, як Феліні, Пазаліні таксама”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вам бачыцца вашая будучыня ў пляне творчай рэалізацыі, працаўладкаваньня, кар”ернага росту?”

(Студэнтка: ) “Пэўна, гэта тэлебачаньне, радыё – у нас вельмі шырокі выбар”.

(Студэнт: ) “Я хачу адкрыць сваю фірму, бо ў дзяржаве пакуль ня бачу пэрспэктывы з-за фінансавай нестабільнасьці краіны”.

(Юначка: ) “Я лічу, у працэсе адукацыі мы ўжо знойдзем сябе”.

(Юнак: ) “Пэрспэктываў вельмі шмат і прасторы для разьвіцьця таксама”.

(Студэнт: ) “Ня ведаю, усё туманна. Дзяржаўныя замовы можа й будуць, але на іх разьлічваць ня варта. Цьмяная будучыня насамрэч”.

(Юначка: ) “Паколькі мы рэжысэры эстрады, то ў будучыні плянуем падняць узровень нашай эстрады”.

(Юнак: ) “Ня бачу пэрспэктываў. Няма таго грунту на чым яны будуюцца, гэтыя пэрспэктывы”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія бы вы склалі пажаданьні для сваёй установы на будучыню?”

(Юнак: ) “Яшчэ больш студэнтаў і выпускнікоў, якія паднімуць нашую культуру”.

(Юначка: ) “Пабольш дапамогі ад уладаў, таму што творчых людзей трэба падтрымліваць”.

(Юнак: ) “Я пажадаў бы болей грошай, каб былі добрыя аўдыторыі й яшчэ лепшыя ўмовы для працы”.

(Юначка: ) “Хай сюды паступаюць усё новыя студэнты й выходзяць адсюль сапраўднымі творцамі”.

(Юнак: ) “Пэўна, скараціць памеры аплаты. Бо гэтая аплата ня вартая таго, што тут атрымоўваеш”.

(Юначка: ) “Хацелася б свабоды. Хацелася б, каб склалася свая нацыянальная мастацкая школа ва ўсіх галінах, каб быў бачны яе нацыянальны характар, усе рысы. Словам, разьвіцьця ў вольнай краіне, вольнага чалавека, але каб мы не згубілі свайго нацыянальнага і ў мастацтве маглі гэта ўсё паказаць”. (Юнак: ) “Для студэнтаў болей веры ў гэтую установу. Бо на апошніх курсах гэтая вера зьнікае. Бо на апошніх курсах зьнікае запал, азарт. Няма імпэту болей нечаму навучацца”.

(Карэспандэнтка: ) “Гаварылі студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў. А вось як камэнтуе іхныя меркаваньні прарэктар акадэміі Валеры Максімовіч.

(Максімовіч: ) “Я новы чалавек тут. Я не мастак, не дызайнэр. Я пакуль што толькі ўяжджаю ў гэтую сытуацыю, разумееце?”

(Карэспандэнтка: ) Свой погляд на юбілейную дату мае былы выкладчык акадэміі, мастак Аляксей Марачкін”.

(Марачкін: ) “Я хацеў бы сказаць, што нашая акадэмія мастацтваў выпускае выдатных спэцыялістаў, што там працуюць выдатнейшыя пэдагогі. Праблемы існуюць у тым, што такое адчуваньне, нібыта яны падпяразаныя магутнай вайсковай дзягай, пад якой цяжка дыхаецца. Ёсьць прыкметы вяртаньня ў былыя часы”. Таму маладым людзям хочацца больш свабоды й адкрытасьці. Што тычыцца нацыянальнай адметнасьці, то варта гаварыць пра Нацыянальную школу. Яна ёсьць, бо ёсьць яе носьбіты. Гэта Сергіевіч, Сеўрук, Враздовіч, Вашчанка – цэлае пакаленьне. Студэнты правільна ставяць пытаньне пра нацыянальную адметнасьць, бо ў акіяне розных плыняў адзінае сьвятое месца, якое дасьць магчымасьць разьвівацца мастаку адметна, гэта -- нацыянальныя карані. Але зноў-такі ёсьць дыктат зьверху, чуйны і нячуйны. Але гісторыя разьбярэцца, хто і чаго ў ёй варты.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG