Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 сьнежня 1925 году створанае Віленскае ваяводзтва


RFE/RL Каляндар Свабоды

22 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Ганна. Як піша этнограф Уладзімер Васілевіч, гэты дзень узаконьваў пераход селяніна на зімовы транспарт, пра што сьведчыць і прымаўка: “На Ганкі сядайце на санкі”.

22 сьнежня 1216 году папа рымскі Ганоры ІІІ зацьвярджае ордэн вандроўных казаньнікаў дамініканцаў. Заснавальнікам ордэна быў гішпанскі шляхціц Дамінік. Чальцы новага ордэну называлі сябе “божымі псамі“, а на іхным сьцягу былі выяўленыя сабакі, якія разрываюць на часткі целы ерэтыкоў. Некалі кляштары даманіканцаў даволі густа пакрывалі ўсю тэрыторыю Беларусі. Нямала іх засталося і сёньня -- як правіла гэта выдатныя помнікі архітэктуры.

22 сьнежня 1922 году нарадзілася беларуская пісьменьніца Алена Васілевіч. Вось як піша пра яе літаратурны крытык Ала Сямёнава: “За 45 гадоў пісьменьніцкага шляху Алена Васілевіч расказвала пра чалавека. Пра жанчыну. Пра дзяцей. Пра жыцьцёвыя дачыненьні і калізіі. Пра ўзаемаадносіны людзей. Тонка разумеючы іх псыхалёгію. Умеючы паглядзець на сьвет з добрым гумарам і разуменьнем, зь мяккай усьмешлівай іроніяй. Зь вельмі адчувальным лірызмам. Алена Васілевіч пакінула нам тэтралёгію “Пачакай, затрымайся“, шмат апавяданьняў, а таксама кнігу пра літаратуру, якая называецца “Люблю, хвалююся, жыву“.

22 сьнежня 1925 году створанае Віленскае ваяводзтва. Такім чынам гэты край, заселены пераважна беларусамі, рабіўся адміністрацыйнай адзінкай польскае дзяржавы. Канфліктная тэрыторыя была захопленая войскам генэрала Жалігоўскага яшчэ ў 20-м годзе, але гэтага захопу не прызналі многія краіны сьвету і таму статус Віленшчыны цэлых пяць гадоў быў неакрэсьлены, хоць і пад польскай юрысдыкцыяй. І вось, у 25-м стварылі гэтае Віленскае ваяводзтва. У такім выглядзе Віленшчына будзе існаваць да 1939 году, калі Польшчу падзеляць паміж сабою сталінская Расея і гітлераўская Нямеччына.
XS
SM
MD
LG