Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні створаная абласная арганізацыя праўладнага саюзу пісьменьнікаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Учора ў Горадні адбыўся устаноўчы сход абласной арганізацыі праўладнага саюзу пісьменьнікаў. У ім удзельнічалі дзевяць чалавек, пяць зь іх—сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Сябрам СБП зьяўляецца таксама Людміла Кебіч, якую абралі старшынёй філіі новай арганізацыі. Варта сказаць, што на Гарадзеншчыне ўлады нярэдка пачынаюць свае ініцыятывы “ідэалягічнага” напрамку: заснавалі новы саюз палякаў, стварылі грамадзкую арганізацыю “Белая Русь”.

Сход новай арганізацыі літаратараў адбыўся ў доміку Элізы Ажэшкі ў мансардзе. Раней абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў разьмяшчалася ў гэтым доме, потым яго выселілі, праўда там цяпер музэй самой Элізы Ажэшкі, якая пісала свае творы ў Горадні і памёрла тут.

На ўчорашнім сходзе быў начальнік абласной управы ідэялёгіі Уладзімір Амелька. Праўда, на апошніх сходах філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ён таксама бываў: пісьменьнікі спадзяваліся, што ўлада дапаможа, прынамсі, выдаваць літаратурны альманах. Не дачакаліся. Давайце зараз паслухаем Людмілу Кебіч, якая будзе кіраваць новай арганізацыяй:

(Кебіч:) “Ці стварыць абласное аддзяленьне ці не?—пытаньне ставілася. Потым выбралі савет зь пяці чалавек і старшыню, мяне прапанавалі. Ну, ня ведаю я ці радавацца тут ці плакаць. Абяцалі дапамагаць усе. Пляны добрыя, станоўчыя, і я, напрыклад, буду іншых настройваць—ні зь кім мы ня будзем спрачацца, а будзем сябраваць так, як і сябравалі. А там будзе бачна”.

Гэта была Людміла Кебіч—сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якая цяпер узначаліла ў Горадні праўладную пісьменьніцкую арганізацыю.

Тыя гарадзенскія пісьменьнікі, якія засталіся ў старым саюзе, ведаюць, што на зьезд у Менск прымусілі ехаць тых, хто працуе ў дзяржаўных установах. Прычым прымушалі пераважна жанчын, бо зь імі лягчэй. А паколькі жанчыны гэтыя нармальныя, дык і ставяцца да іх працягваюць, скажам так, з разуменьнем. Праўда, адзін са сталых пісьменьнікаў мне заўважыў, што для устаноўчага сходу замала было дзевяці чалавек, паводле заканадаўства трэба мець дзесяць.

Грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь” заснаванае ў мінулым годзе ўлетку—напярэдадні рэфэрэндуму аб трэцім тэрміне Лукашэнкі, але тады яно відавочна не спатрэбілася. З гэтага лета яго арганізацыі пачалі ствараць у раёнах вобласьці паскоранымі тэмпамі, у “Белай Русі” адразу стала каля 600 суполак і васьмі тысяч членаў: там і чыноўнікі, і службоўцы, моладзь. Мяркуюць, што цяпер такая актыўнасьць зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі. Узначальваюць мясцовыя арганізацыі часта намесьнікі кіраўнікоў па ідэалёгіі. Паводле кіраўніка “Белай Русі” рэктара гарадзенскага аграрнага унівэрсытэту Вітольда Песьціса, мэта арганізацыі—“садзейнічаць аб’яднаньню прагрэсіўных сілаў грамадзтва на падставе ідэалёгіі беларускай дзяржавы—для забесьпячэньня палітычнай і сацыяльнай стабільнасьці”.

Вось як камэнтуе апошнія падзеі вядомы гарадзенскі журналіст і палітык, былы рэдактар газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч:

(Маркевіч:) “Я мяркую, што Гарадзеншчына—гэта тэрыторыя, людзі зь вялікім пратэстным патэнцыялам супраць дыктатуры і я думаю тое, што адбываецца цяпер—гэта знак падвышанай увагі да выбухова небясьпечнага, з пункту гледжаньня цяперашняга рэжыму, рэгіёну. Гарадзеншчына на вастрыі гэтай атакі супраць усяго вольналюбівага, дэмакратычнага. Яны проста бачаць, што ўсё самае прагрэсіўнае, перадавое зыходзіць адсюль. Тут былі самыя беларускія газэты. Адсюль ужо каторы год выпраменьваюць парасткі свабоды, дэмакратычнай ініцыятывы, досыць узгадаць, што апошнія два найбольш знакавыя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь паходзяць з Гарадзеншчыны. І гэты патэнцыял не дае спакою гэтым цемрашалам”.
XS
SM
MD
LG