Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада прагназуе далейшы рост эканомікі ў 2006 годзе


Юлія Шарова, Менск Беларускі ўрад па-ранейшаму разьлічвае на досыць высокі эканамічны рост, хоць і ня гэтулькі шпаркі, як цягам апошніх двух год. Паводле плянаў на 2006 год, ВУП павінен узрасьці на 7-8 адсоткаў. Няўрадавыя экспэрты між тым кажуць, што наступны год можа прынесьці айчыннай гаспадарцы вялікія сюрпрызы, у тым ліку непрыемныя.

Летась ВУП вырас крыху больш за 11%, сёлета рост ВУП будзе менш за 10%, а на наступны год улады закладваюць лічбу 7-8%.

Пра гэта сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паведаміла намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка. Зь ейных словаў, эканоміка ўвесь час ня можа занадта імкліва расьці. Так, леташнія 11% ВУП атрымаліся шмат у чым дзякуючы посьпехам сельскай гаспадаркі, лічыць Старчанка. А вось сёлета аграрыям не пашэнціла: халодная й позьняя вясна, летнія засухі, дажджы, ураган. Таму паказьнікі працы ў сельскай гаспадарцы пагоршыліся й адмоўна паўплывалі на агульную карціну, кажа спадарыня Старчанка.

(Старчанка: ) “Калі мы плянавалі па сельскай гаспадарцы 8-9,5, але атрымалі 1,3 працэнта, дык сталі запавольвацца тэмпы эканамічнага росту”.

На наступны год рост ВУП закладаецца на ўзроўні 7-8 адсоткаў. Аднак гэта зусім не з тае прычыны, што ў эканоміцы зьявіліся нейкія праблемы. Са словаў Тацяны Старчанкі, з 2006 году Беларусь пераходзіць на новую мэтадалёгію разьліку ВУП, і таму статыстыка будзе выглядаць крыху іначай. Але, фактычна, нічога ня зьменіцца.

(Старчанка: ) “Калі суаднесьці гэта з ранейшай мэтадалёгіяй, дык гэта будзе 7,5-9 працэнтаў. То бок, пры дастаткова спрыяльных умовах у сельскай гаспадарцы мы чакаем рост у 9 працэнтаў. Гэта вельмі напружана”.

На думку эканаміста Леаніда Заікі, наступны год можа прынесьці беларускай гаспадарцы самыя нечаканыя сюрпрызы, зьвязаныя з цэнамі на газ.

(Заіка: ) “Цэны на газ паўсюль уздымуцца да завоблачных вышыняў, суседняя прамысловасьць абрынецца. І ўва Ўкраіне, і ў прыбалтаў будуць праблемы, выдаткі будуць узрастаць. А ў нас выдаткі не растуць. Тут мы заваёўваем усе вонкавыя рынкі й у нас 15-20 адсоткаў”.

Зь іншага боку, на усясьветным рынку могуць зьнізіцца цэны на нафту й зарабляць на нафтапрадуктах стане цяжэй. Тады тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць зусім іншыя, тлумачыць эканаміст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG