Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году: 10 асноўных падзеяў, выбраных журналістамі “Свабоды”


Юрась Бушлякоў, Прага Ураганы й землятрусы. Выбары й рэвалюцыі. Вайна – і нават некалькі крокаў насустрач міру. Зь вялікай колькасьці важных падзеяў году журналісты радыё “Свабода” / “Свабодная Эўропа” выбралі 10, на іхную думку, найважнейшых. У нашым аглядзе – гэтыя падзеі ў храналягічным парадку.

* * *

23 студзеня прысягу прэзыдэнта Ўкраіны прыняў Віктар Юшчанка. Юшчанкавай інаўгурацыі папярэднічалі пры канцы 2004-га аранжавая рэвалюцыя й перагаласаваньне другога туру прэзыдэнцкіх выбараў. Юшчанка прысягнуў на вернасьць Украіне на ўрачыстым паседжаньні Вярхоўнай Рады:

(Юшчанка: ) “Я, Віктар Юшчанка, воляю народу абраны прэзыдэнтам Украіны, заступаючы на гэтую высокую пасаду, урачыста прысягаю на вернасьць Украіне. Абавязваюся ўсімі сваімі справамі бараніць сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны, дбаць пра дабро Бацькаўшчыны й дабрабыт украінскага народу, адстойваць правы й свабоды грамадзянаў, прытрымлівацца Канстытуцыі Ўкраіны й законаў Украіны, выконваць свае абавязкі ў інтарэсах сваіх суайчыньнікаў, уздымаць аўтарытэт Украіны ў сьвеце”.

Праз восем месяцаў ва Ўкраіне выбухнуў карупцыйны скандал, і Юшчанка адправіў у адстаўку ўрад Юліі Цімашэнкі – сваёй харызматычнай паплечніцы ў пару аранжавай рэвалюцыі. Украінскі прэзыдэнт прызначыў новы ўрад і паабяцаў быць верным ідэалам аранжавай рэвалюцыі.

Украіну чакаюць цяпер парлямэнцкія выбары. Упершыню яны пройдуць цалкам паводле прапарцыйнай сыстэмы: украінцы будуць галасаваць за партыі.

* * *

30 студзеня іракцы кінулі выклік тэрору, пайшоўшы на выбары ў пераходную Нацыянальную асамблею. Ірацкія й амэрыканскія прадстаўнікі назвалі галасаваньне першым крокам у кірунку да новай, больш дэмакратычнай сыстэмы кіраваньня краінаю.

30 студзеня часовы ірацкі прэзыдэнт Газі аль-Явар гаварыў у інтэрвію нашаму радыё:

(аль-Явар: ) “Я ганаруся, я шчасьлівы. Я адчуваю вялікую радасьць гэтай сьвятой раніцаю. Віншую ўсіх іракцаў. І кажу усім – галасуйце за Ірак”.

Нацыянальная асамблея назірала за ходам падрыхтоўкі першай пасьлясадамаўскай канстытуцыі Іраку. Праект канстытуцыі быў ухвалены на рэфэрэндуме 15 кастрычніка.

* * *

Масавыя антыўрадавыя пратэсты, пачаўшыся на поўдні Кіргізстану, скончыліся 24 сакавіка штурмам прэзыдэнцкага комплексу ў кіргіскай сталіцы Бішкеку. Удзельнікі пратэстаў дамагліся свайго – улада была скінутая. Зьвержаны прэзыдэнт Аскар Акаеў уцёк у Расею.

Апазыцыйны лідэр Тапчубэк Тургуналіеў зьвяртаўся 24 сакавіка да сваіх прыхільнікаў, сабраных ля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі:

(Тургуналіеў: ) “Спадар Акаеў даўно на ўцёках. Ніхто ня ведае, дзе ён ёсьць. Ён фактычна стаў цяпер палітычным трупам”.

На выбарах прэзыдэнта Кіргізстану 10 ліпеня пераканаўчую перамогу атрымаў апазыцыйны лідэр Курманбэк Бакіеў. Арганізацыя бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе прызнала, што выбары ў цэлым адпавядалі міжнародным стандартам.

* * *

2 красавіка ўдары Ватыканскіх званоў абвясьцілі пра сьмерць Яна Паўла ІІ. Ён стаяў на чале Рымска-каталіцкага касьцёлу 26 гадоў. У 1978-м Ян Павал ІІ стаў першым пасьля больш як чатырох з паловаю стагодзьдзяў неітальянцам на чале Касьцёлу і першым папам-палякам у гісторыі.

19 красавіка пасьля аднаго з найкарацейшых у гісторыі Касьцёлу канкляваў новым папам быў абраны нямецкі кардынал Ёзэф Рацынгер. 78-гадовы пантыфік выбраў сабе імя Бэнэдыкт XVI.

* * *

13 траўня ўзбэцкія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі пратэстаў, якія сабраліся на цэнтральным пляцы Андыжану.

Галіма Бухарбаева, дырэктарка Інстытуту маніторынгу вайны й міру ва Ўзбэкістане, 13 траўня была ў эпіцэнтры андыжанскіх падзеяў і перадавала для нашага радыё: (Бухарбаева: ) “Недзе палова на шостую ўжо была, як людзі ўбачылі, што пад’яжджаюць бэтээры. І ўсе пачалі крычаць і разьбегліся. Мы таксама пабеглі. Але затым, даслоўна праз 5 хвілін, сталі пад’яжджаць іншыя бэтээры і проста пачалі ўжо ўсім страляць у сьпіну. І кулі сьвісталі вакол мяне. Было проста жахліва”.

Паводле ўзбэцкіх уладаў, у Андыжане тады загінулі 187 чалавек – улады падкрэсьлівалі, што пераважна гэта былі тэрарысты. Згодна з падлікамі праваабарончых арганізацыяў, пры здушэньні пратэстаў былі забітыя каля 700 чалавек, у сваёй большасьці мірныя жыхары. Заходнія краіны асудзілі безагляднае выкарыстаньне ўзбэцкімі войскамі ў Андыжане зброі і запатрабавалі міжнароднага расьсьледаваньня здарэньня. Узбэцкія ўлады адхілілі гэтае патрабаваньне.

* * *

7 ліпеня чатыры бомбы выбухнулі ў лёнданскім транспарце: звыш 50 чалавек загінулі, каля 700 былі параненыя.

Брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр пачуў трагічную навіну, знаходзячыся на саміце краін Вялікай васьмёркі ў Шатляндыі.

(Блэр: ) “Ужо ясна, што здарылася сэрыя тэрактаў у Лёндане. Ёсьць ахвяры: як забітыя, так і сур’ёзна параненыя. У думках і малітвах мы з ахвярамі й зь іхнымі сем’ямі”.

Тэракты 7 ліпеня мелі ў Брытаніі балесны водгалас. Тры з чатырох лёнданскіх тэрарыстаў былі мусульманамі, якія нарадзіліся й жылі ў Злучаным Каралеўстве. Мусульмане ў Вялікай Брытаніі сталі аб’ектамі злачынстваў на грунце нацыянальнай нецярпімасьці. Брытанскі ўрад тым часам стварыў спэцыяльныя мусульманскія камісіі для пошуку адказаў на пытаньне, якімі спосабамі вырашаць праблему экстрэмізму.

* * *

15 жніўня Ізраіль пачаў поўны выхад з Паласы Газы й чатырох паселішчаў на Заходнім беразе Ярдану. Эвакуацыя габрэйскіх паселішчаў суправаджалася сутычкамі паміж пасяленцамі й вайскоўцамі.

Ізраільскі прэм’ер-міністар Арыель Шарон прызнаў, што эвакуацыя прычыніла нямала болю, аднак назваў гэтыя дзеяньні найлепшым спосабам гарантаваць бясьпеку Ізраілю. Шарон таксама перасьцерагаў палестынцаў:

(Шарон: ) “Сьвет чакае палестынскага адказу – ці будзе гэта рука, пададзеная на знак замірэньня, ці полымя тэрору. Руку, пададзеную ў адказ, мы сустрэнем аліўкавай галінаю, але з полымем тэрору мы будзем змагацца так бязьлітасна, як ніколі раней”.

Палестынскі лідэр Махмуд Абас ацаніў выхад Ізраілю з Паласы Газы як першы крок у кірунку да незалежнай Палестыны з сталіцаю ў Ерусаліме.

У апошнія месяцы ў рэгіёне спарадычна лілася кроў. Нядаўна Абас заклікаў узброеныя палестынскія групоўкі датрымліваць мірныя абавязаньні. Гэты заклік прагучаў на фоне паведамленьняў пра намер паасобных груповак разарваць пасьля Новага году падпісанае 9 месяцаў назад замірэньне з Ізраілем.

* * *

Гэта была найбольшая прыродная катастрофа ў гісторыі Злучаных Штатаў. 29 жніўня ўраган “Катрына” абрынуўся на паўднёвае ўзьбярэжжа ЗША. Вялізныя абшары трох штатаў – Луізіяны, Алабамы й Місысыпі – былі спустошаныя. Страты ад урагану ацэньваюцца на дзясяткі мільярдаў даляраў.

Мэр Новага Арлеану Рэй Нэйджын распарадзіўся правесьці абавязковую эвакуацыю ўсіх 500 тысяч жыхароў гораду:

(Нэйджын: ) “Нам пагражае ўраган, якога мы так баяліся. Я не хачу ствараць паніку. Але я хацеў бы, каб грамадзяне зразумелі, што небясьпека вельмі сур’ёзная. Таму мы пайшлі на гэты беспрэцэдэнтны крок”.

Паводле афіцыйных зьвестак, стыхія забрала жыцьці больш як 1300 чалавек. Адміністрацыя Джорджа Буша апынулася пад агнём крытыкі: насельнікі пацярпелага ад стыхіі рэгіёну скардзяцца, што дасюль чакаюць належнай дапамогі.

* * *

Не пытаньне, ці будзе, пытаньне, калі гэта будзе, – гавораць экспэрты ў галіне аховы здароўя. Гаворка пра тое, калі вірус птушынага грыпу зазнае мутацыяў і пачне перадавацца ад чалавека чалавеку. Ад самага небясьпечнага тыпу птушынага грыпу – штама H5N1 – у Азіі за апошнія гады загінула каля 70 чалавек. Экспэрты перасьцерагаюць: калі вірус відазьменіцца, ахвярамі могуць стаць мільёны.

Дык Томпсан, высокі прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, папярэджваў у верасьні аб небясьпецы на прэсавай канфэрэнцыі ў Жэнэве:

(Томпсан: ) “У гэтай сытуацыі нейчае меркаваньне настолькі ж правільнае або памылковае, як і кожнае іншае. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя дала ацэнку, і мы рэкамэндуем краінам быць гатовымі да пандэміі, якая можа забраць ад двух да сямі з паловаю мільёнаў жыцьцяў”.

У 2005-м небясьпечны для чалавека птушыны грып штама H5N1 быў выяўлены ў мёртвых птушак у Расеі, Румыніі, Турэччыне, Украіне, Харватыі й Вялікай Брытаніі.

* * *

8 кастрычніка катастрафічны землятрус на паўночным захадзе Пакістану і ў індыйскім Кашміры забраў жыцьці 87 тысяч людзей, а мільёны іншых пакінуў бяз даху над галавою.

Прадстаўнік камандаваньня пакістанскай арміі генэрал-маёр Шаўкат Султан апісваў наступствы катастрофы:

(Султан: ) “Найбольшыя страты – у раёнах кантраляванага Пакістанам Кашміру, а таксама ўздоўж каракурумскай трасы. Там у выніку землятрусу здарыліся абвалы, і гэтымі абваламі некаторыя вёскі былі проста сьцёртыя зь зямлі. Абвалы таксама прычыніліся да заблякаваньня дарог, а ў шэрагу раёнаў былі заблякаваныя й рэкі, і ў такіх мясьцінах ёсьць небясьпека паводак”.

Пацярпелым ад землятрусу тэрмінова патрэбна дапамога – людзі застаюцца пад голым небам ва ўмовах халоднай гімалайскай зімы. Злучаныя Штаты перасьцераглі, што толькі актыўная дапамога ўсясьветнай супольнасьці можа прадухіліць у разбураных рэгіёнах дзясяткі тысяч сьмерцяў ад холаду, голаду й хваробаў.
XS
SM
MD
LG