Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі ліквідатар галадуе 5 дзён


Радыё Свабода, Гомельская вобласьць Пяцёра сутак трымае галадоўку чарнобыльскі ліквідатар, інвалід 2-й групы Васіль Сіліверст з Калінкавічаў. Ён дамагаецца прызнаньня прычыннай сувязі сваіх захворваньняў і інваліднасьці з удзелам у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Васіль Сіліверст знаходзіцца цяпер у Ельску, у доме сваёй маці Вольгі Ісакаўны. Яна распавядае, што сын пачуваецца вельмі кепска:

(Вольга Ісакаўна: ) “Сэрца ў яго, дыханьня няма. Хуткая дапамога прыяжджала, дала яму пяць уколаў. Толькі ад’ехала хуткая, ваніты пачаліся. Ваніты такія — страх, адна вада, так ён галадуе. Навошта яму гэтае галадаваньне?! Гэта ж вядзе яго да сьмерці. Бог зь імі, і няхай яны пабачаць на сваіх дзецях, як я бачу”.

Праблемы са здароўем у Васіля пачаліся праз колькі гадоў пасьля таго, як яго, афіцэра запасу, прызвалі на шэсьць месяцаў у Чарнобыль зьліквідоўваць наступствы катастрофы. Аднак рэспубліканскі міжведамасны экспэртны савет Міністрэрства аховы здароўся ня зьвязвае інваліднасьць 51-гадовага Васіля Сіліверста з працай у Чарнобылі.

Спадар Сіліверст спрабаваў дамагчыся повязі шматлікіх захворваньняў з працай у Чарнобылі праз Калінкавіцкі раённы суд. Аднак ягоную заяву суд пакінуў без разгляду — экспэртны савет знаходзіцца ў Менску, на іншай тэрыторыі. Інвалід-чарнобылец стаў патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя, каб яго накіравалі ў Кіеў на незалежную экспэртызу. Ён нават зьвяртаўся са сваёй бядой да віца-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, калі той у лістападзе ладзіў прыём грамадзянаў у Калінкавічах. Аднак і пасьля гэтага атрымаў адказ зь Міністэрства аховы здароўя, што накіраваньне яно лічыць нямэтазгодным.

Гаворыць начальнік аддзелу арганізацыі мэдычнай абароны пры Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Сяргей Гусеў, які неаднаразова рыхтаваў адказы міністэрства на лісты чарнобыльскага ліквідатара:

(Гусеў: ) “Прынцыпова гэта нічога ня вырашыць. У нас свае законы, у іх — свае. Добрыя яны ці кепскія — гэта іншае пытаньне. Мы неаднаразова прапаноўвалі Сіліверсту шпіталізацыю ў любую лячэбную ўстанову Рэспублікі Беларусі. Прапаноўвалі падлячыцца і ўсё іншае, у тым ліку і ў Гомельскі навукова-практычны цэнтар, з самым сучасным мэдычным абсталяваньнем. Яму прапаноўвалі зрабіць, калі я не памыляюся (а я, па-мойму, не памыляюся), пункцыю шчытападобнай залозы, каб удакладніць дыягназ. Ён адмовіўся. Тут ёсьць пытаньні і да яго, прычым вялікія пытаньні”.

Сам Васіль Сіліверст распавядае, што яму надакучылі шматлікія накіраваньні з адной мэдычнай установы ў іншую. Нічога, апрача інфаркту, ён не прыдбаў у паездках:

(Сіліверст: ) “Што да Міністрэрства аховы здароўя Беларусі, то я назваў бы яго Міністэрствам лебедзя, рака і шчупака. І вось чаму: у 2003 годзе гэтае міністэрства накіравала мяне ў Менск у Інстытут экспэртызы дзеля вызначэньня інваліднасьці і магчымай сувязі маіх захворваньняў з катастрофай на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Тады гэтае пытаньне можна было вырашыць у Менску, ніхто не перашкаджаў абсьледаваць мяне ў спэцыялізаваных клініках, у той жа Аксакаўшчыне. Не, яны накіравалі мяне ў Гомель. Там, маўляў, са мною разьбяруцца. Фактычна адфутболілі”.

Спадар Сіліверст апавядае, што з Гомелю яго накіроўвалі зноў у Менск, у 10-ю паліклініку. Адтуль назад у Гомель, у Цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны. Затым пад Менск у Бараўляны, у Навукова-дасьледчы інстытут анкалёгіі.

(Сіліверст: ) “Тады я і прыняў сваё рашэньне. Каб было менш гэтай мышынай валтузьні, прасіў Міністэрства аховы здароўя накіраваць мяне ў Кіеў дзеля незалежнага дасьледаваньня і экспэртызы. Да Кіева мне бліжэй, чым да Менску”.

У Васіля гэта ўжо другая галадоўка. Увесну ліквідатар-чарнобылец галадаваў 25 дзён. Першы намесьнік міністра аховы здароўя Віктар Калбанаў пісьмова паведаміў яму, што паўторны разгляд ягонай мэдычнай справы рэспубліканскім экспэртным саветам адбудзецца пасьля дадатковага дасьледаваньня шчытападобнай залозы ды іншых хворых органаў. Чарнобылец спыніў галадоўку. І вось цяпер трымае яе зноўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG