Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія палітолягі: А.Лукашэнка застанецца прэзыдэнтам у 2006


Юры Дракахруст, Прага Брытанскі дасьледчы цэнтар “Economist Intelligence Unit” абнародаваў штогадовы аналіз і прагноз разьвіцьця сытуацыі ў шэрагу краінаў сьвету. У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, брытанскія дасьледчыкі прагназуюць, што Лукашэнка стане пераможцам прэзыдэнцкай кампаніі наступнага году, даюць асьцярожныя ацэнкі посьпеху магчымых акцыяў пратэсту пасьля выбараў, прадказваюць пэўнае запавольваньне эканамічнага росту і ўзмацненьне інфляцыі ў Беларусі ў найбліжэйшыя гады.

У сваім прагнозе брытанскія эканамісты і палітолягі зыходзілі з таго, што выбары ў Беларусі адбудуцца ў ліпені наступнага году. Аднак і пры гэтым яны адзначылі, што “Лукашэнка, як чакаецца, выйграе трэці тэрмін”.

Дасьледнікі “Economist Intelligence Unit” тлумачаць, што прэзыдэнт Беларусі маргіналізаваў усе апазыцыйныя партыі і прадухіліў зьяўленьне альтэрнатыўных цэнтраў сілы. На погляд брытанскіх аналітыкаў, “пэрспэктыва таго, што гэтае палітычнае дамінаваньне зьменшыцца ў выніку эканамічнага крызісу і страты падтрымкі з боку Расеі, уяўляецца нізкай”. Паводле дасьледнікаў, найбольшая рызыка для Лукашэнкі – грамадзкія пратэсты пасьля выбараў 2006 году, накшталт тых, што былі ў апошнія гады ў Грузіі, Украіне і Кіргізстане.

Пры гэтым у дакумэнце прыводзяцца адрозьненьні, якія робяць такі сцэнар менш імаверным, чым ва Ўкраіне летась. Аўтары пішуць, што ў Беларусі няма свайго Віктара Юшчанкі, харызматычнага лідэра, які мог бы мабілізаваць дзясяткі тысяч дэманстрантаў. Лукашэнка застаецца самай папулярнай палітычнай фігурай. Схільнасьць беларусаў да пратэсту – найменшая ў СНД, у краіне няма рэгіянальных супярэчнасьцяў і зонаў галечы, як ў Кіргізстане, – пішуць дасьледнікі “Economist Intelligence Unit”. Паводле іх ацэнкі, “значная частка насельніцтва прымае аўтарытарную палітыку як прымальную цану бясьпекі”.

Экспэрты таксама адзначаюць, што Лукашэнка робіць захады для прадухіленьня пратэстаў, працягваючы разбураць структуры грамадзянскай супольнасьці і ажыцьцяўляючы жорсткі кантроль над намэнклятурай. Малапраўдападобна, што намэнклятура пяройдзе на бок апазыцыі, – гаворыцца ў дакладзе.

Яго аўтары адзначаюць, што беларускія ўлады ўлічваюць досьвед Узбэкістану: расстрэл сотняў маніфэстантаў у Андыжане ня выклікаў надта гучных міжнародных пратэстаў. Таксама беларускія ўлады бяруць пад увагу досьвед даволі стрыманай міжнароднай рэакцыі на сумнеўныя выбары ў Азэрбайджане ў лістападзе.

Брытанскія экспэрты ня выключаюць, што масавыя пратэсты ў Беларусі пасьля выбараў, калі яны будуць, могуць сутыкнуцца з надзвычай жорсткімі дзеяньнямі ўладаў. Пры гэтым, паводле дасьледнікаў, міжнародная рэакцыя на такія дзеяньні будзе значна больш рэзкай, чым на падзеі ва Ўзбэкістане, а рэакцыя самога беларускага грамадзтва будзе менш спакойная, чым у Цэнтральнай Азіі.

Экспэрты прагназуюць, што ў цэлым палітычны клімат у Беларусі падчас трэцяга тэрміну Лукашэнкі пагоршыцца.

Вяртаючыся да прагнозу перадвыбарчай кампаніі, спэцыялісты адзначаюць, што рост дзяржаўнага ціску і палітычная апатыя насельніцтва наўрад ці дадуць магчымасьць апазыцыі кінуць сур’ёзны выклік Лукашэнку. Аўтары дакладу падкрэсьліваюць тую акалічнасьць, што апазыцыйны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч мала вядомы насельніцтву, яны таксама зьвяртаюць увагу на тое, што рэйтынг Лукашэнкі на 40 працэнтных пунктаў перавышае рэйтынг ягоных апанэнтаў. Наўрад ці да выбараў можна пераадолець такі разрыў, – пісалі дасьледнікі, маючы на ўвазе, што выбары пройдуць у ліпені.

Брытанскія аналітыкі прагназуюць, што заходнія краіны не прызна́юць выбараў, але, паводле аналізу, Захад мае мала сродкаў узьдзеяньня, ён і так ужо амаль спыніў эканамічныя і палітычныя сувязі зь Беларусьсю.

Расея мае вагары ўзьдзеяньня – пішуць аўтары дакладу, аднак ЗША і Эўразьвяз ня здольныя пераканаць Пуціна выкарыстаць гэтыя вагары. Адносіны Лукашэнкі з Пуціным горшыя, чым былі зь Ельцыным, аднак у палітыкаў Крамля няма ніякага жаданьня адхіляць Лукашэнку ад ўлады. Замежная палітыка Лукашэнкі арыентаваная на Расею, хаця ён часам крытыкуе пэўныя аспэкты расейскай палітыкі. Экспэрты “Economist Intelligence Unit” пішуць, што ў сваёй рыторыцы Лукашэнка прэзэнтуе сябе як абаронцу беларускай незалежнасьці.

Экспэрты не прагназуюць паглыбленьня беларуска-расейскай інтэграцыі. Хаця з 1999 году дзейнічае дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы, нагадваюць аналітыкі, далейшая інтэграцыя палітычных структур выглядае малаімавернай.

Беларуская і расейская эліты, высока ставячы практычную і сымбалічную каштоўнасьць супрацоўніцтва, ня вельмі імкнуцца да зьліцьця. Беларуская эліта не зацікаўленая ў страце цяперашняга статусу, расейцы лічаць, што лепш мець Беларусь найбліжэйшым саюзьнікам і незалежнай дзяржавай, чым правінцыяй зь небясьпечнай нацыяналістычнай апазыцыяй.

У эканамічнай частцы дакладу гаворыцца, што пакуль Лукашэнка будзе заставацца ва ўладзе, не выпадае разьлічваць на структурныя эканамічныя рэформы і рынкавую лібэралізацыю. Кіраўнік Беларусі будзе працягваць аддаваць перавагу вялікім прадпрыемствам, іх лягчэй кантраляваць, яны забясьпечваюць занятасьць насельніцтва. У 2006 годзе варта чакаць істотнага падвышэньня заробкаў і пэнсіяў і шчодрых субсыдыяў ў аграрны сэктар – улада будзе выконваць свае перадвыбарчыя абяцаньні. Таму не даводзіцца чакаць зьніжэньня падатковага ціску, які застаецца адным з самых высокіх у рэгіёне. Адносна невысокі ровень бюджэтнага дэфіцыту будзе забясьпечвацца прымусовымі запазычаньнямі ў камэрцыйных банкаў. Магчымае запавольваньне эканамічнага росту і рэзкае падвышэньне пэнсіяў і заробкаў можа прывесьці да росту інфляцыі.

Экспэрты лічыць, што ў найбліжэйшыя гады гэты рост запаволіцца, бо будуць вычарпаныя фактары, якія апошнім часам забясьпечвалі паскарэньне такога росту: прынамсі, цэны на нафту, якія былі прычынай росту беларускага экспарту, ня будуць расьці. Зьнізіцца попыт у Расеі на імпарт, канкурэнцыя з боку расейскіх вытворцаў будзе ствараць праблемы для беларускіх імпартэраў у Расею. Без маштабнай лібэралізацыі эканоміка будзе адчуваць нястачу інвэстыцыяў, – пішуць дасьледнікі “Economist Intelligence Unit”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG