Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія дыпляматы абураныя перадачамі БТ


Юры Дракахруст, Прага Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу выказалі занепакоенасьць характарам абвінавачаньняў на адрас пасольстваў заходніх краінаў, што прагучалі ў эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала 16 і 18 сьнежня. Пра гэта ў заяве, якую сёньня распаўсюдзіла пасольства Вялікабрытаніі – краіны, якая цяпер старшынствуе ў Зьвязе.

Учора і пазаўчора з асобнымі пратэстамі выступілі паслы Нямеччыны і Францыі. У сюжэце "Візавы шантаж" інфармацыйнай перадачы "У цэнтры ўвагі" былі паказаны два маладыя чалавекі, зьнятыя са сьпіны, якія расказвалі, што для "беспраблемнага атрыманьня візы" прадстаўнік пасольства Францыі нібыта параіў ім "удзельнічаць у вулічных акцыях апазыцыі".

Прадстаўнікі пасольстваў краін Эўразьвязу у сваёй сёньняшняй заяве зазначаюць, што "абураны гэтымі абвінавачаньнямі". "Візы выдаюцца ў адпаведнасьці з вызначанымі юрыдычнымі працэдурамі і на падставе крытэрыяў, якія могуць пацьвердзіць сапраўднасьць асобы прэтэндэнта на візу", – адзначаецца ў заяве. У ёй таксама гаворыцца, што падобныя працэдуры скіраваныя, акрамя іншага, на прадухіленьне гандлю людзьмі і нелегальнага выкарыстаньня працоўнай сілы.

У заяве ўказваецца, што місіі краінаў Эўразьвязу "расчараваныя" гэткім стаўленьнем дзяржаўных беларускіх СМІ. Яны заклікалі чыноўнікаў, адказных за працу гэтых сродкаў масавай інфармацыі, "забясьпечыць выкананьне імі міжнародных стандартаў у сфэры журналісцкай практыкі, у прыватнасьці, аб дакладнасьці і бесстароннасьці".

Пры гэтым, зазначаюць амбасады, яны працягнуць "рабіць усё, што ў іх сілах", каб спрасьціць працэс падачы анкетаў на атрыманьне візаў і даць магчымасьць беларусам наведваць Заходнюю Эўропу, сваіх сяброў і знаёмых, якія жывуць у заходніх краінах, ажыцьцяўляць прадпрымальніцкую дзейнасьць.

"Нашай шчырай мэтай зьяўляецца арганізацыя Эўропы без разьдзяляльных лініяў", – заяўляюць пасольствы краінаў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG