Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У апазыцыі фактычна не застаецца часу на перадвыбарчую кампанію”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці выпадкова, што пачатак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі супаў з Калядамі і Новым годам, калі большасьць людзей занятая сьвяточнымі клопатамі? І як гэта можа паўплываць на хаду і вынік усёй кампаніі? Слухачы па-рознаму адказваюць на гэтыя пытаньні. Сёньняшні агляд нашай пошты пачну з электроннага ліста Віталя Залатніцкага з Горадні. Слухач піша:

“Усё прадугледзеў Аляксандар Рыгоравіч, усё пралічыў. У апазыцыі фактычна не застаецца часу на перадвыбарчую кампанію. Другая палова сьнежня і пачатак студзеня — суцэльныя сьвяткаваньні, калі палітыкай не цікавяцца і не займаюцца нават самыя апантаныя актывісты. Людзі сьвяткуюць, адпачываюць, ходзяць у госьці, выяжджаюць на адпачынак. Да таго ж дадайце, што на пачатку наступнага году ў Беларусі амаль не застанецца недзяржаўных палітычных газэтаў: ні ў кіёсках, ні праз падпіску атрымаць “Народную Волю” ці БДГ будзе немагчыма.

А як незалежныя кандыдаты будуць праводзіць перадвыбарчыя сходы? На вуліцы мароз, цямнее рана: ужо а чацьвертай гадзіне. Так што дзе-небудзь у парку ня надта памітынгуеш. А памяшканьняў апазыцыі, зразумела, ніхто даваць ня будзе. Аднаго не зразумею: навошта ўсё гэта патрэбна ўладзе? У нас жа і без таго ўсё заціснута так, што дыхнуць няма як. Лукашэнка, трымаючы ўсё пад сваім кантролем, і так гарантавана атрымліваў перамогу”.

Напэўна, якраз дзеля таго, каб гарантыі былі яшчэ больш надзейнымі, усё гэта і спатрэбілася, спадар Залатніцкі. У палітыцы часта здараюцца неспадзяваныя разьвязкі. Згадайце, як летась разгортваліся выбарчыя падзеі ва Ўкраіне. Віктар Януковіч, мяркуючы па ўсім, таксама мала сумняваўся ў сваёй перамозе. А вось калі б падстрахаваўся ды дамогся ўвядзеньня крымінальнай адказнасьці для арганізатараў несанкцыянаваных мітынгаў, ды забараніў падпіску на апазыцыйныя газэты? Хто ведае, чым бы ўсё скончылася.

Відавочна, улада ў Беларусі апасаецца масавага выхаду людзей на вуліцу на наступны дзень пасьля выбараў. Напэўна, яшчэ і таму выбары прызначаны на другую палову сакавіка. Надвор’е ў гэты час звычайна зусім не спрыяе вулічным акцыям. Да таго ж, у студэнцкай моладзі ў гэтую пару самы разгар вучобы. І пракантраляваць, каб 20 сакавіка ўсе студэнты заставаліся ў аўдыторыях ды інтэрнатах, куды прасьцей, чым улетку, падчас канікулаў.

Наступны ліст ад Андрэя Бярдоўскага зь вёскі Грандзічы Гарадзенскага раёну:

“Нядаўна я апытаў сваіх суседзяў, знаёмых і выпадковых суразмоўцаў, усяго чалавек дваццаць. Аказалася, што праграмы Аляксандра Мілінкевіча ў нас ніхто ня ведае, а пра самога яго людзі чулі ўпершыню. Увогуле, цяпер і апытаньні на вуліцы праводзіць цяжка. Некаторыя людзі запалоханыя папраўкамі да Крымінальнага кодэксу — і адмаўляюцца адказваць на пытаньні. Якія выбары могуць быць у такіх умовах? Можа, лепш не праводзіць ніякіх усенародных выбараў? І эканомна, і нават прыемна. Вы ж самі неяк у перадачы “Жывіце доўга” раілі жыць весела. Многія вашы слухачы прыслухоўваюцца да гэтай парады. Вось нядаўна ў “Званках на Свабоду” адзін слухач прадказваў засяленьне нашых лясоў кракадзіламі. А ўвогуле, калі Аляксандар Мілінкевіч будзе хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй — калі ласка да нас у Грандзічы”.

А якім яшчэ чынам, спадар Бярдоўскі, беларускі палітык у сёньняшніх умовах можа данесьці да выбарцаў сваю праграму? Тое, што многія людзі нічога ня чулі пра Аляксандра Мілінкевіча, зусім зразумела. Дзяржаўныя мэдыі пра яго ня пішуць, па тэлебачаньні не паказваюць. А недзяржаўныя газэты пазбаўленыя магчымасьці распаўсюджвацца праз падпіску і газэтныя шапікі. Аляксандар Мілінкевіч шмат езьдзіць па рэгіёнах, але і там паўсюль сустрэчы зь вялікай аўдыторыяй яму забаронены: для гэтага не даюць памяшканьняў, запалохваюць людзей. Толькі і застаецца, што хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй. Але ці шмат кватэраў і хатаў здольны абысьці адзін чалавек? Нават пры бескарысьлівай дапамозе сотняў сваіх аднадумцаў.

Юры Гіль зь Вільні ў сваім лісьце пералічвае пытаньні, ад якіх, як ён лічыць, у многім будзе залежаць зыход прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Слухач піша:

“Ці зьбіраецца кандыдат працягваць такую палітыку, пры якой усімі мэтадамі душыцца наша родная беларуская мова? Ці будуць у выпадку ягонай перамогі перасьледавацца тыя, хто выкарыстоўвае гістарычныя нацыянальныя колеры ды сымбалі? Ці верне ён хрысьціянам адменены выходны дзень 2 лістапада, калі беларусы адзначаюць Дзяды? Ці атрымаюць менскія каталікі будынак кляштару, які ім ня хочуць вяртаць, а выкарыстоўваюць пад архіў? Людзі ўсё гэта павінны ведаць, і ад гэтага будуць залежаць сымпатыі вернікаў і ўсіх сьвядомых грамадзянаў Беларусі”.

Падчас выбарчай кампаніі, спадар Гіль, вы зможаце атрымаць адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні. Прынамсі, на нашым радыё ўсе кандыдаты на пасаду прэзыдэнта будуць мець аднолькавыя магчымасьці дзеля таго, каб адказваць на пытаньні слухачоў, удзельнічаць у дыскусіях і круглых сталах, расказваць пра хаду сваёй выбарчай кампаніі. Іншая справа, што ў выбарчыя бюлетэні, як становіцца відавочна ўжо сёньня, трапіць вельмі вузкае кола кандыдатаў. І іхныя імёны, і палітычныя пазыцыі, і стаўленьне да тых праблемаў, пра якія ў сваім лісьце пішаце вы, спадар Гіль, даўно ўжо вядомыя ўсім, хто цікавіцца палітыкай.

Наступны ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Ён піша:

“Тое, што беларуская моладзь нібыта падтрымлівае лібэральна-рынкавыя настроі — гэта міт. Пасьля апошніх пятнаццаці бурных гадоў трансфармацыяў ва Ўсходняй Эўропе ў моладзевым асяродзьдзі сфармавалася разуменьне таго факту, што ў любой рынкавай эканоміцы ад Лос-Анджэлесу да Беластоку 93% людзей працуюць па найме, і толькі 7% — наймальнікі-прыватнікі. Усім ня стаць Біламі Гейтсамі і Раманамі Абрамовічамі.

Цяпер моладзевая “левізна” прыйшла з Заходняй ва Ўсходнюю Эўропу і ў Расею. Беларусь непазьбежна трапляе ў гэты кантэкст. Таму тых настрояў, якія былі ў Празе ў 1989 годзе, калі на вуліцы выйшлі сотні тысяч маладых чэхаў, у Менску ў 2006 годзе чакаць ня варта. Час усё моцна адкарэктаваў. Дарэчы, згадайце, якім было адно з асноўных патрабаваньняў так званай “аранжавай” моладзі на Майдане ў Кіеве? Спыніць самаўладзьдзе буйнога капіталу з кіеўска-кучмаўскага, данецкага, днепрапятроўскага алігархічных кланаў. Іншымі словамі, “аранжавыя” выступілі ў ролі “левакоў” супраць Мядзьведчука, Пінчука, Ахмедава, Януковіча ды Кучмы. І я проста ня бачу глебы для мітынгаў моладзі ў Менску пад лібэральна-рынкавымі лёзунгамі. Фэномэн-рэфлексія вясны 1996 году з прычыны многіх абставінаў ніколі не паўторыцца”.

Далей у сваім лісьце Алесь Марціновіч разважае пра значэньне выбараў 2006 году для будучыні Беларусі:

“Дзень выбараў будзе ў нейкім сэнсе пераломнай датай у беларускай гісторыі. Такой датай у савецкай гісторыі быў дзень 21 жніўня 1991 году. Адзінаццаць год таму многія разьлічвалі, што Лукашэнка прыходзіць да ўлады часова, беручы на сябе ролю волата-Гэракла, які ачысьціць постсавецкія кебічаўскія стайні. Разьлічвалі так: вось зацугляе Лукашэнка намэнклятуру, а тым часам так званы “спрадвечна эўрапейскі народ” дасьпее і пакрысе прывядзе да ўлады празаходніх нацыянал-дэмакратаў. Атрымалася ж усё зусім па-іншаму. Трэці тэрмін Лукашэнкі фундамэнтальна перавядзе сытуацыю ад факту часовага адыходу ад агульнай усходнеэўрапейскай тэндэнцыі да факту тэктанічных зьменаў у грамадзтве”.

Ня думаю, спадар Марціновіч, што год таму на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве вызначальнымі былі эканамічныя лёзунгі. Людзі выйшлі з патрабаваньнем справядлівых выбараў. Іх вывела на вуліцу адчуваньне прыніжанасьці, падману і несправядлівасьці, а зусім не лібэральна-рынкавыя (ці наадварот — антылібэральныя і антырынкавыя) памкненьні.

Вядома, малаверагодна, што ў Менску паўторыцца “аксамітная” рэвалюцыя ўзору 1989 году. Але і тое, што сёньняшняе беларускае грамадзтва ставіцца да дэмакратычных і рынкавых пераўтварэньняў гэтак жа, як грамадзтвы на захад ад Бугу, сьцьвярджаць не выпадае. Хоць бы з той прычыны, што ні дэмакратыі, ні рынку беларусы на сваёй зямлі дагэтуль ня бачылі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG