Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія найбольш важныя падзеі адбыліся ў Беларусі ў 2005 годзе?


Альгерд Невяроўскі, Менск Што было адметнага сёлета ў палітыцы, эканоміцы, культуры, спорце? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Якія найбольш важныя падзеі адбыліся ў Беларусі ў гэтым годзе?”

(Спадар: ) “У палітыцы — безумоўна, тое, што адбылася кансалідацыя дэмакратычных сілаў і абраны адзіны апанэнт нашаму прэзыдэнту. Нічога больш істотнага не адбылося”.

(Спадарыня: ) “Нічога важнага ў нашай краіне не адбываецца. Такога, чаго мы чакаем. Мы хочам чалавечага жыцьця, а гэтага не адбываецца”.

(Пэнсіянэрка: ) “Вось бібліятэку будуем. Хіба гэта кепска?”

(Спадар: ) “Выбары прызначаныя на 19 сакавіка. Пачалася выбарчая кампанія. Асноўныя падзеі будуць 19 сакавіка наступнага году. Лукашэнка, кандыдат апазыцыі Мілінкевіч, Краўчанка, магчыма, яшчэ некалькі кандыдатаў”.

(Спадарыня: ) “Відаць, перамога Ксеніі Сітнік на “Эўрабачаньні”. Гэта вельмі важна, вялікі прарыў”.

(Спадар: ) “Я думаю, прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў. Парушылі канстытуцыйнае права прэзыдэнта — скарацілі на чатыры месяцы. Як жа гэта? Я яго абіраў на пяць гадоў, а атрымалася чатыры”.

(Хлопец: ) “Я стаў майстрам спорту, і мне гэта вельмі прыемна. А ў маштабе Беларусі — хутка будуць выбары”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта прэзыдэнцкія выбары будучай вясной. Гэта важная падзея ў жыцьці Беларусі”.

(Хлопец: ) “Узмацненьне кантактаў з Кітайскай Народнай Рэспублікай”.

(Спадар: ) “Самае важнае, што ніякіх асаблівых зьменаў у горшы бок не было. Цэны на нафту і газ не зьмяніліся. Перазаключаныя кантракты — гэта вельмі важна. ВУП павялічыўся, ня так ўжо і кепска было ў гэтым годзе”.

(Пэнсіянэр: ) “Пакуль цішыня, а апазыцыя маўчыць. Я асабіста супраць гэтага прэзыдэнта, і большасьць маіх сяброў гавораць нядобрыя словы. Абрыдла ўсё гэта. Быццам бы ўсё і нармальна, стабільна, спакойна, але цісьне і закручвае гайкі”.

(Дзяўчына: ) “Перамога нашай краіны на “Эўрабачаньні”. Выхад на міжнародную арэну. Мы атрымалі прызнаньне ўсяго сьвету”.
XS
SM
MD
LG