Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арыштаваны ў Гішпаніі беларус вывучаў хімічную зброю на геафаку БДУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як выявілася, арыштаваны ў Гішпаніі беларус вучыўся на геаграфічным факультэце БДУ і атрымаў спэцыяльнасьць “хімічныя войскі”. Андрэй Місюра некалькі гадоў таму зьехаў у Эўропу. Беларускія журналісты працягваюць высьвятляць асобу гэтага чалавека, але ў сілавых структурах краіны зьвесткі адносна Андрэя Місюры па-ранейшаму не камэнтуюць.

У КДБ Беларусі дагэтуль адмаўляюцца камэнтаваць зьвесткі пра беларуса, які быў затрыманы ў Гішпаніі разам яшчэ з 15 тэрарыстамі арганізацыі Аль-Каіда. Учора ў КДБ адзначалі прафэсійнае сьвята, і на тэлефонныя званкі ў прэсавай службе не адказвалі. Сёньня кіраўнік службы Валер Надтачаеў заявіў, што нічога пра Андрэя Місюру паведаміць ня можа.

Тым часам незалежныя мэдыі дасягнулі пэўных вынікаў у пошуках Андрэя Місюры. Журналісты “Комсомольской правды” яшчэ ўвечары 20 сьнежня наведалі кватэру, дзе ён жыў. Бацькі Андрэя Місюры заявілі журналістам, што ня вераць, што сын далучыўся да Аль-Каіды. Яны пацьвердзілі, што іх сын цяпер у адной з эўрапейскіх краінаў, але не ўдакладнілі, у якой. Нібыта яшчэ дзень таму зь ім размаўлялі па тэлефоне. Пазьней журналісты высьветлілі, што некалькі разоў з кватэры Місюраў рабіліся званкі менавіта ў Гішпанію.

Сёньня мне таксама ўдалося пагутарыць са сваякамі Андрэя Місюры. Ягоная сястра Сьвятлана не была шматслоўнай. Я наўпрост спытаў Сьвятлану, ці вядома ёй пра дзейнасьць брата ў Чачэніі і Аўганістане і пра ягонае знаходжаньне ў Гішпаніі, дзе яго нібыта рыхтавалі для вайны ў Іраку?

(Сьвятлана: ) “Мне нічога не вядома пра гэта. Але не, у гэта я ня веру”.

Ці мог Андрэй Місюра прыняць іслам, як паведамляюць пра яго замежныя мэдыі? Адказу на гэтае пытаньне Сьвятлана ня ведае. Паводле дзяўчыны, раней яе брат ставіўся стрымана да рэлігіі. Увогуле, яна ахарактэрызавала брата як кантактнага з раўналеткамі, не закрытага чалавека. Далей працягваць размову сястра Андрэя Місюры адмовілася.

(Сьвятлана: ) “Усё, хопіць пытаньняў. Як маё імя? Сьвета”.

Паводле агенцтва “Ройтэр”, Андрэй Місюра ў Аль-Каідзе лічыўся экспэртам у галіне хімічнай зброі. Міністэрства абароны Беларусі ўжо заявіла, што такі чалавек ніколі ня быў у сьпісах вайскоўцаў частак, зьвязаных з хімічнай зброяй, не працаваў ён у войску і як кантрактнік. Між тым, стала вядома, што Андрэй Місюра ў 1990-я гады скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і на вайсковай катэдры праходзіў спэцыялізацыю “хімічныя войскі”. Ці магло такое быць?

У архіве геаграфічнага факультэту БДУ мне пацьвердзілі, што такі студэнт там сапраўды вучыўся.

(Супрацоўніца архіву: ) “Місюра Андрэй Аляксеевіч. Вучыўся такі з 1992 да 1997 году. Куды разьмеркаваны, не пазначана”.

У Міністэрстве ўнутраных справаў паведамілі, што дагэтуль не было ніякіх запытаў адносна Андрэя Місюры, у тым ліку ад гішпанскай паліцыі. Не шукаў беларуса з гэткім прозьвішчам і Інтэрпол.

Беларусы не ўпершыню аказваюцца ўцягнутымі ў міжнародныя канфлікты. Паводле зьвестак, шмат беларусаў загінула ў Чачэніі, прычым, з абодвух бакоў, якія вялі вайну. Беларусы станавіліся ахвярамі баявых дзеяньняў у Дагестане, у краінах Афрыкі, на тэрыторыі былой Югаславіі. Нядаўна стала вядома пра лёс Юрыя Петраша зь Берасьцейскай вобласьці, які дзесяць гадоў таму загінуў ля Сараева, змагаючыся ў складзе сэрбскага атраду “Белыя ваўкі”. Сваякі дагэтуль ня могуць вывезьці цела Юрыя Петраша на радзіму.
XS
SM
MD
LG