Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа апазыцыя патрапіць у выбарчыя камісіі?


Алесь Дашчынскі, Менск Працягваецца вылучэньне прадстаўнікоў у склад абласных, раённых і гарадзкіх выбарчых камісіяў. Гэты працэс павінен завяршыцца ў дзень каталіцкіх Калядаў — 25 сьнежня. Якія пэрспэктывы для вылучэньня сваіх сяброў у камісіі маюць палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі?

Склад Менскай гарадзкой і дзевяці раённых камісіяў будзе зацьвярджаць Менскі гарвыканкам і прэзыдыюм Менскага гарсавету. Пакуль паступілі пратаколы аб вылучэньні прадстаўнікоў ад Камуністычнай і Лібэральна-дэмакратычнай партыяў, а таксама ад Савету жанчын. Ад працоўных калектываў нікога яшчэ няма. Паводле прадстаўніцы Менгарвыканкаму Тацяны Ждановіч, партыі і грамадзкія аб’яднаньні пакуль праяўляюць слабую актыўнасьць.

(Ждановіч: ) “Мы толькі за тое, каб 95% было прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Але, на жаль, нешта сьпяць. БНФ наш яшчэ не палічыў патрэбным вылучыць. Неяк яны заўсёды актыўнасьць праяўлялі, а цяпер ні грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне”, ні партыя, ні АГП – нікога няма. Мы, наадварот — занепакоеныя”.

Сапраўды, раней БНФ, АГП ды іншыя сярод першых падавалі заявы на вылучэньне прадстаўнікоў, але ў камісіі траплялі адзінкі. Кіраўнік штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб прыгадвае, што раней у выбарчыя камісіі трапляла адсоткаў пяць ад усіх заяўленых.

(Грыб: ) “Па розных матывах адмаўлялі раней ва ўключэньні ў склад выбарчых камісіяў нашых людзей. Я думаю, што і гэтым разам будзе тое самае. Гэта ўжо ўсё адпрацавана ва ўладаў”.

Чаму ж партыйцы цяпер не сьпяшаюцца? Адна зь першых пастановаў Цэнтравыбаркаму тлумачыць, што партыі і грамадзкія арганізацыі могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі толькі ў выпадку, калі маюць мясцовыя арганізацыйныя структуры. Прычым, гэтыя структуры павінны быць зарэгістраваныя да прызначэньня выбараў. Мечыслаў Грыб тлумачыць, што перад выбарамі партыі і грамадзкія аргнізацыі фактычна ня мелі магчымасьці атрымаць юрыдычнага адрасу.

(Грыб: ) “Гэта вельмі складана. Звароты да ўлады не даюць станоўчых вынікаў, таму што яны нам адмаўляюць. Гэта наша рэчаіснасьць. І таму мы ня маем у кожным раёне афіцыйна зарэгістраванай, зь юрыдычным адрасам палітычнай арганізацыі. Ёсьць частка, але не ва ўсіх. І гэта тычыцца ўсіх палітычных партыяў, ня толькі нашай”.

Штаб Аляксандра Мілінкевіча вырашыў масава вылучаць прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Паводле старшыні праўнай камісіі Партыі БНФ Уладзімера Лабковіча, для гэтага будуць выкарыстоўвацца два шляхі — ад партыяў і аб’яднаньняў і шляхам збору подпісаў.

(Лабковіч: ) “Улады ўжо зрабілі ўсё магчымае, каб вылучэньне ад палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў было мінімальным. Былі зьнішчаныя спачатку ўсе грамадзкія аб’яднаньні, а потым усе арганізацыйныя структуры палітычных партыяў. Таму такое вылучэньне будзе насіць, на жаль, ня масавы характар. Але ў той жа момант паралельна адбываецца вылучэньне і ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў. Нашы актывісты будуць зьбіраць 30 подпісаў кожны і таксама вылучацца такім шляхам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG