Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплываюць папраўкі ў Крымінальны кодэкс на перадвыбарчую кампанію?


Валер Каліноўскі, Менск Падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць пазбаўленьне волі да пяці гадоў за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі і органаў улады, могуць істотна пашкодзіць перадвыбарчай кампаніі, перакананыя прадстаўнікі апазыцыі. У парлямэнце ж мяркуюць, што частага прымяненьня новых нормаў Крымінальнага кодэксу падчас выбарчай кампаніі ня будзе.

Многія кіраўнікі апазыцыі перакананыя, што пачатак выбарчай кампаніі і падпісаньне паправак у Крымінальны кодэкс супалі невыпадкова. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка ўпэўнены, што гэта распрацоўка адміністрацыі А.Лукашэнкі, якая прымеркавала пад выбарчую кампанію і папраўкі ў Крымінальны кодэкс, і новыя рэдакцыі законаў аб партыях і грамадзкіх арганізацыях, і перасьлед незалежнай прэсы, і нядаўняе ўсхваленьне Сталіна ў дзяржаўных СМІ:

(Вячорка: ) “Гэта ўсё стварэньне духу і літары нэасталінізму ў нашай краіне, рукамі Лукашэнкі і яго людзей. Зразумела, што ўжываць новыя артыкулы Крымінальнага кодэксу будуць вельмі выбіральна, але сам факт іхнага прыняцьця ёсьць чыньнікам запалохваньня”.

На думку спадара Вячоркі, беларуская апазыцыя, якая вылучыла адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары як альтэрнатыву дзейнаму кіраўніку, мусіць пераймацца тым, як узьняць рэйтынг Мілінкевіча і перамагчы на выбарах:

(Вячорка: ) “Калі мы будзем абачліва азірацца на ўсе чыхі і застрашваньні, то мы гэтага проста не дасягнем”.

Намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк перакананы, што цяпер да агітацыйнай кампаніі трэба будзе падыходзіць больш абачліва, улічваючы пагрозу, што зыходзіць ад паправак у Крымінальны кодэкс, з адпаведнай падрыхтоўкай актывістаў, вычытваньнем друкаванай прадукцыі:

(Нісьцюк: ) “Проста трэба быць больш асьцярожнымі, а тое, што ўціск быў заўсёды, а цяпер ён будзе падмацаваны Крымінальным кодэксам, іншымі актамі, мы да гэтага рыхтаваліся. У той жа час ёсьць шмат такіх момантаў, якія можна і ў рамках гэтага закону рабіць. А навошта нам спальваць цяпер у гэтых паўвіртуальных выбарах людзей, зь якімі нам яшчэ весьці шмат палітычных кампаніяў, змагацца. Я ня думаю, што сорак гадоў Аляксандар Рыгоравіч зьбіраецца кіраваць дзяржавай. Ён не Фідэль Кастра, і Беларусь — ня Куба”.

Дэпутат парлямэнту Вольга Абрамава мяркуе, што папраўкі ў Крымінальным кодэксе ня будуць пагражаць апазыцыйным кандыдатам і іхным давераным асобам. Наступствы могуць быць іншыя, лічыць яна:

(Абрамава: ) “Магчыма, што на ўзроўні масавай сьвядомасьці ўспрыняцьцё гэтых паправак будзе такім, што людзі будуць ухіляцца ад, напрыклад, подпісаў у падтрымку апазыцыйных кандыдатаў, асьцерагаючыся і надта шырока трактуючы гэтыя папраўкі, паводле прынцыпу “як бы чаго ня выйшла”.

Спадарыня Абрамава таксама мяркуе, што магчымыя і пэўныя непаразуменьні на ўзроўні мясцовых уладаў, міліцыянтаў, якія зусім па-рознаму могуць трактаваць сытуацыю.

А вядомы беларускі юрыст Міхаіл Пастухоў даў пэўныя парады для апазыцыйных кандыдатаў і іх давераных асобаў у сувязі з папраўкамі ў Крымінальны кодэкс:

(Пастухоў: ) “Патрэбна гаварыць тое, у чым упэўнены, толькі аб’ектыўныя факты прыводзіць, даваць аб’ектыўную ацэнку гэтым фактам, і па-магчымасьці, каб крытычныя разважаньні ня трапілі ў замежны друк”.

Гл. таксама • Лукашэнка падпісаў зьмены ў Крымінальны кодэкс
XS
SM
MD
LG