Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Валэнса: "Беларускае тэлебачаньне паступіла несумленна"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса заявіў нашаму радыё, што беларускае тэлебачаньне зрабіла “несумленна і непрыгожа”, выкарыстаўшы ягоныя словы, выцягнутыя з кантэксту. У праграме “Беларусь – погляд звонку”, БТ падала словы Валэнсы і іншых польскіх палітыкаў, зь якіх вынікала, што яны перасьцерагаюць Беларусь перад прыватнызацыяй і “шокавай тэрапіяй”.

Лех Валэнса заявіў, што ён сапраўды казаў журналістам БТ пра тое, што пасьля распаду ўсходняга блёку, польская эканоміка аказалася ў цяжкім стане, а кошт рэформаў быў высокі – таму ў краіне ёсьць шмат незадаволеных. Але, як адзначыў спадар Валэнса, гэта ня значыць, што сам курс на перамены, рэформы быў няправільны – палякам проста не хапіла ведаў і досьведу. Лех Валэнса сказаў нашаму радыё, што беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне паступіла “несумленна”, падаючы толькі кавалкі зь ягоных выказваньняў, без кантэксту.

(Валэнса: ) “Непрыгожа зрабіла беларускае тэлебачаньне – парэзалі ўсё. Я гаварыў, канечне, і словы крытыкі, але ўсё гэта было у пэўным кантэксьце. А яны выразалі мае словы і ўставілі так, як ім выгодна, на сваю карысьць. Гэта несумленная гульня”.

Заявіў радыё Свабода былы прэзыдэнт Польчшы Лех Валэнса. Ён пажадаў беларусам усяго найлепшага ў сувязі з надыходзячымі сьвятамі і параіў лепш падрыхтавацца да часу, калі “прыйдзе свабода”.

Між тым аглядальнік польскага радыё Цэзары Галіньскі, які раней працаваў у Беларусі, кажа, што гэта здараецца ня ўпершыню, калі праца журналістаў БТ ня мае нічога агульнага з журналістыкай.

(Галіньскі: ) “Гэта ня першы выпадак, калі БТ займаецца бессаромнай хлусьнёй. Я калі працаваў у Беларусі, дык меў абавязак глядзець БТ і бачыў, як паказваюць там тое, штоя сам бачыў на ўласня вочы. Памятаю той выпадак хз амбасадарам Ізраілю, калі ён яшчэ да выхаду свайго інтэрвію ў эфір вельмі прасіў журналістаў, так званых журналістаў, БТ, каб тыя не рабілі ніякіх купюраў. Яны, канечне, паабяцалі, але потым атрымалася жахлівая справа”.

Паводле Цэзарыя Галіньскага, гэтая перадача БТ упісваецца ў рэчышча “шалёнай антыполькай прапаганды”, якую вядуць беларускія ўлады. У такой сытуацыі, лічыць спадар Галінські, польскія палітыкі ўвогуле могуць перастаць даваць камэнтары афіцыйным беларускім мэдыям.

(Галіньскі: ) “Гэта быў бы добры крок. Крок ў адказ на тое, што беларускія ўлады робяць з польскімі журналістамі – вось нядаўні выпадак нашай калегі спадарыні Рамашэўскай. Але трэба быць палякам асьцярожнымі і разьдзяляць незалежных журналістаў – прыкладам з радыё Свабода – з прадстаўнікамі дзяржаўных мэдыяў”.
XS
SM
MD
LG