Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адбылася вочная стаўка Борыс і Богдана (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня 20 сьнежня адбылася вочная стаўка старшыні Саюзу палякаў Анжалікі Борыс, якую не прызнаюць улады, з дырэктарам Дому польскага ў Шчучыне Віктарам Богданам. Паводле яго заявы супраць двух намесьнікаў спадарыні Борыс, а таксама двух журналістаў, была распачатая крымінальная справа, расьсьледаваньне па якой цягнецца ўжо каля чатырох месяцаў.

На чарговую вочную стаўку езьдзіў і галоўны рэдактар газэты “Glos znad Niemna у эміграцыі” Анджэй Пісальнік. Яго і трох ягоных калегаў па СПБ лічаць падазраванымі ў справе запалохваньня спадара Богдана.

Анжаліка Борыс ня езьдзіла з рэвізійнай праверкай у Шчучын і не ўдзельнічала ў размове зь Віктарам Богданам, пасьля якой ён напісаў скаргу на актывістаў Саюзу палякаў з Горадні. Паводле яго, яны пагражалі яму і змушалі пакінуць пасаду. Аднак сёньня на вочнай стаўцы ўзьнікла размова пра тое, што Анжаліка Борыс нібыта таксама пагражала спадару Богдану, але — па тэлефоне.

Анджэй Пісальнік быў на вочнай стаўцы з дырэктарам шчучынскага Дому польскага ўжо трэці раз. Ён так расцэньвае закіды на адрас спадарыні Борыс, якія ўзьніклі цяпер:

(Пісальнік: ) “На мой погляд, гэта азначае, што Богдан спрабуе перакінуць адказнасьць на Анжаліку Борыс, і гэта нейкая замова, праўдападобна. Улічваючы тое, што ніякіх доказаў нашай віны няма, яны спрабуюць цяпер нейкую такую сюжэтную лінію разгарнуць, што вось пагражала Анжаліка Борыс, але гэта таксама хлусьня”.

Справу аб запалохваньні Віктара Богдана да нядаўняга часу вёў шчучынскі сьледчы, аднак яе забралі ў абласную міліцыю і даручылі сьледчаму Дзьмітрыю Лабоцкаму, які займаецца іншай справай што датычыць Саюзу палякаў, па якой ён дзясяткі разоў выклікаў на допыты Анжаліку Борыс. Новым у расьсьледаваньня справы Богдана якраз стаў выклік Анжалікі Борыс на допыт і на вочную стаўку, якую праводзіў сёньня ў Шчучыне сьледчы Лабоцкі.

***

Гэтая крымінальная справа мае карані ў канфлікце вакол Саюзу палякаў. Віктар Богдан ад самага пачатку быў адным з актыўных удзельнікаў праўладнай групоўкі ў СПБ. У ліпені да яго прыехалі з мэтай правесьці рэвізійную праверку прадстаўнікі кіраўнічых органаў Саюзу. Падставай сталі даўгі шчучынскага Дому польскага, якія павінна было пагасіць кіраўніцтва СПБ.
XS
SM
MD
LG