Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне Сталіна. БТ-1 трансьлюе фільм "Генэралісімус"


Севярын Квяткоўскі, Менск Дзяржаўны тэлеканал БТ-1 пачаў рэтрансьляцыю дакумэнтальнага фільму пра Сталіна пад назвай “Генэралісімус”. Сталін нарадзіўся 21 сьнежня 1879 году. Ужо пасьля першай часткі шматсэрыйнай кінастужкі некаторыя гісторыкі ацанілі фільм “Генэралісімус” як тэндэнцыйны.

Гаворачы пра тэндэнцыйнасьць, гісторык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў адзначае наступнае:

(Кузьняцоў: ) “Фактычна ідзе рэанімацыя і Сталіна, і ідэяў сталінізму на тэрыторыі Беларусі. Сам фільм зроблены даволі тэндэнцыйна: Сталін станоўчая фігура, але было ў яго атачэньне… Ён спрабаваў зрабіць, але ў яго не атрымалася... Апраўданьне Сталіна, і асабліва пошук ворагаў сярод іншых нацыянальнасьцяў”.

Што да пошуку ворагаў сярод “іншых нацыянальнасьцяў”, Ігар Кузьняцоў удакладніў:

(Кузьняцоў: ) “Выразна прасочваецца антысэміцкая лінія фільму. То бок бяда рэвалюцыі, і нават на Троцкага скінулі расстрэл афіцэраў белай арміі у Крыме, хаця гэта была ініцыятыва і Фрунзе, Зямлячкі ды іншых”.

А вось як ацэньвае фільм “Генэралісімус” кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Беларускі славянскі камітэт” і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “Я цалкам згодны з гэтым фільмам. Галоўная думка гэтага фільму – яшчэ раз паказаць, каб палітычныя дзеячы краіны служылі толькі сваёй краіне і толькі свайму народу”.

(Карэспандэнт: ) “Але Сталіна вінавацяць у масавых рэпрэсіях”.

(Касьцян: ) “Мяне таксама вінавацяць у так званай камуністычнай газэце “Товарищ”, што я насаджаю ў Беларусі славянскі фашызм. Ну дык што? Разумны чалавек ня можа пісаць гэтага ў газэце”.

А вось як ацэньвае падачу гістарычных фактаў у фільме “Генэралісімус” Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Недакладнасьць інфармацыі, якая падаецца ў фільме: Троцкага мяшаюць зь Берыям, маўляў, Берыя даваў указаньні Троцкаму. То бок, многія гістарычныя факты не адпавядаюць рэчаіснасьці”.

У выходных дадзеных сэрыял “Генэралісымус” пазначаны як зьняты ва Ўкраіне. Гэта экранізацыя аднайменнай кніжкі расейскага пісьменьніка Ўладзімера Карпава. Фільм сёлета ўжо быў у пракаце ў Расеі і атрымаў супрацьлеглыя водгукі. Расейскі інтэрнэт поўніцца выказваньнямі, якія ўсхваляюць Сталіна і працу пісьменьніка Карпава. З іншага боку, шмат процілеглых меркаваньняў пра цемрашальства і небясьпеку вяртаньня сталінскай ідэалёгіі.

Варта нагадаць, што апошнім часам у Беларусі зьявіліся турыстычна-гістарычны аб’ект пад назвай “Лінія Сталіна”, выйшла кніжка “Сталін. Эўропа пакланіся”, а таксама імя Сталіна вярнулася на франтон Сувораўскай вучэльні ў Менску.
XS
SM
MD
LG