Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліку Борыс зноў выклікаюць да сьледчага


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня зноў выклікаюць да сьледчага старшыню Саюзу палякаў Анжаліку Борыс, якую не прызнаюць улады, і Анджэя Пісальніка — галоўнага рэдактара газэты “Glos znad Niemna” у эміграцыі”.

Крымінальная справа супраць актывістаў гэтай грамадзкай арганізацыі датычыць нібыта запалохваньня чатырма актывістамі СПБ іх апанэнта — дырэктара шчучынскага Дому польскага Віктара Богдана. 27 сьнежня — апошні дзень сьледзтва, тэрмін якога працягвалі ўжо двойчы. Нядаўна матэрыялы справы забралі са Шчучынскага райаддзелу міліцыі і перадалі сьледчаму з абласной управы ўнутраных спраў.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

У гэтай справе на сёньняшні дзень чатыры падазраваныя: Анджэй Пісальнік, ягоны калега Андрэй Пачобут, які рэдагуе часопіс “Magazyn Polski”, і два намесьнікі Анжалікі Борыс — Юзаф Пажэцкі і Веслаў Кеўляк. Усім чатыром са спасылкай на гэтую справу забаранілі выезд за мяжу... Нагадаю, што ў разгар канфлікту вакол Саюзу палякаў, прадстаўнікі СПБ наведалі з рэвізійнай праверкай Дом польскі ў Шчучыне, аднак яго дырэктар спадар Богдан адмаўляўся зь імі размаўляць. Ён спасылаўся на тое, што мін’юст абвесьціў кіраўніцтва Саюзу на чале з Анжалікай Борыс —нелегітымным.

Адвакат актывістаў Саюзу палякаў Аляксандар Бірылаў зазначае, што сьледзтва падазрае Пісальніка, Пачобута, Пажэцкага і Кеўляка ў самачыннасьці, сутнасьць якой у наступным:

(Бірылаў: ) “З пункту гледжаньня сьледзтва атрымліваецца так: яны — проста незразумела хто — прыйшлі да яго, нібыта гаворачы, што яны маюць нейкія паўнамоцтвы, спрабавалі яго пазбавіць пасады шляхам шантажу, пагрозаў і ўжыць прымус, на самай рэчы ня маючы ніякіх паўнамоцтваў”.

Адвакат пры гэтым зазначае, што яны толькі падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынства, але сьледзтва пакуль ня лічыць, што яны яго зьдзяйсьнялі. Паколькі 27 сьнежня тэрмін сьледзтва сканчаецца, існуюць тры варыянты: працягнуць яго ці спыніць, альбо прад’явіць абвінавачаньне і перадаць справу ў суд. Нагадаю, што справа датычыць артыкула 185 Крымінальнага кодэксу, а ў ім гаворыцца аб двух гадаў “хіміі”.

Віктар Богдан гаворыць, што дагэтуль мае на паплечнікаў Анжалікі Борыс крыўду. Маўляў, яны хацелі паказаць, што яны — новая ўлада, паказаць, як яны прыбіраюць з пасады спадара Богдана, які падчас канфлікту вакол Саюзу палякаў знаходзіўся у праўладным лягеры. Вось як яму бачыцца цяперашняя крымінальная справа:

(Богдан: ) “Трэба ў першую чаргу паважаць сябе і навучыцца паважаць іншых, і тады будзе мір, згода і паразуменьне. Вы ведаеце: я іх саміх нікуды не зьбіраюся пасылаць. Няхай вызначыць нэўтральны чалавек, які мае на гэта права — два гады ці колькі, а можа ім увогуле нічога ня будзе, паколькі гэта ўсё цягнецца зь ліпеня... Я думаю, даўно можна было б зьмяніць хаду падзеяў, каб нехта зь іх падышоў і сказаў: слухай, Богдан, нас быў чорт паблытаў, давай пацісьнем рукі і будзем мы потым сябраваць ці не — гэта ўжо іншае пытаньне”.

Але ніхто зь іх не палічыў патрэбным папрасіць у яго прабачэньня, гаворыць Віктар Богдан. І апошняе: на момант, калі рэвізійная праверка з Горадні езьдзіла у Шчучын, Анжаліка Борыс і абранае разам зь ёй кіраўніцтва працавала ў сядзібе Саюзу палякаў — да самага захопу будынка Амонам, што адбыўся праз некаторы час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG